Конкурс маладых выканаўцаў "Заспявай.BY"

У 2014 годзе фонд “Вяртанне” сумесна з парталам Tuzinfm.by арганізаваў музычны конкурс маладых выканаўцаў “Заспявай.BY”. Яго мэта — заахвоціць маладых музыкаў звяртацца да беларускай мовы і паэзіі ў сваёй творчасці. Штогод з’яўляюцца новыя намінацыі (“Беларускі кавер”, “Замежны пераклад”), але заўжды застаецца адна пастаянная – “Спяваная паэзія”: выканаўцы кладуць на музыку беларускамоўны верш айчыннага паэта.

Пераможцаў вызначае журы, якое штогод змяняецца.

Лаўрэаты конкурсу атрымліваюць магчымасць выступіць у Мінску з канцэртам, а таксама каштоўныя прызы, у тым ліку грашовыя.

З 2017 года фармат конкурсу набыў адукацыйны ухіл. Удзельнікам прапануецца напісаць песню на словы сучаснага беларускага паэта на беларускай мове. З усіх пададзеных заявак журы адбірае 4 фіналістаў, з якімі пасля працуюць ментары. Фіналісты таксама ўдзельнічаюць у адукацыйнай сесіі – з лекцыямі, майстар-класамі і практычнымі заняткамі. Па выніках сесіі музыкі дапрацоўваюць конкурсную песню і робяць яе студыйны запіс. Журы абірае аднаго пераможцу.

 

Пераможцы папярэдніх гадоў

2014

Прыз уручаўся ў намінацыі “Спяваная паэзія”. Уладальнікам Гран-пры стаў Віталь Варанко за песню “Вяртайся!” на словы Віталя Рыжкова. Лаўрэатамі сталі Лізавета Леўчык за песню “Адзінота” на верш Таццяны Сапач і Юры Касцень (SP Kava) за песню “Эндшпіль” на верш Андрэя Адамовіча.

2015

Прыз уручаўся па дзвюх намінацыях — “Спяваная паэзія” і “Кавер”. Уладальнікам Гран-пры стаў гурт Navi за песню “Плакалі ветры” на словы Паўлюка Труса ў намінацыі “Спяваная паэзія” і за песню “Жар-птушка” ансамбля “Сябры” (словы Генадзя Бураўкіна, музыка Эдуарда Ханка) у намінацыі “Кавер”. Лаўрэатамі сталі Марына Вярэніч за песню “Чаму мы стрэліся не ў час?” на верш Таццяны Дзям’янавай у намінацыі “Спяваная паэзія” і Яўген Цярэнцьеў (гурт Teleport) за песню “Зачараваная” ансамбля “Песняры” (словы Генадзя Бураўкіна, музыка Ігара Лучанка) у намінацыі “Кавер”.

 

2016

Прыз уручаўся ў трох намінацыях — “Спяваная паэзія”, “Беларускі кавер” і “Замежны пераклад”. У “Спяванай паэзіі” перамагла Pauline з песняй на верш Ірыны Багдановіч “Людзі, дзе вы?”. У намінацыі “Беларускі кавер” найлепшым прызналі гурт Leibonik за арыгінальную інтэрпрэтацыю хіта гурта “Мроя” — “Я рок-музыкант”. У намінацыі “Замежны пераклад” не было роўных беларускай версіі хіта Эраса Рамазоцці “За табой” у выкананні Мікіты Найдзёнава, Дзмітрыя Нікановіча і Вольгі Сацюк.

 

2017

Пераможцам стаў гурт Helious, які напісаў песню на верш “Па неадступнасці” Ніны Лістоты.