Кніжная серыя твораў нобелеўскіх лаўрэатаў па-беларуску — “Noblesse Oblige”

“Noblesse Oblige” — кніжная серыя твораў лаўрэатаў Нобелеўскай прэміі па літаратуры ў перакладзе на беларускую мову. Даслоўна гэты французскі фразеалагізм перакладаецца як высакароднае паходжанне абавязвае. Гэта значыць паводзіць сябе высакародна — адпаведна высокаму статусу двараніна. Трэба дбаць пра сваю рэпутацыю! І Нобелеўская прэмія — як індыкатар высокага статусу ў літаратуры.

Першай кнігай серыі стаў “Голад” Кнута Гамсуна — пад адной вокладкай апублікаваны раманы “Голад” (пераклаў з нарвежскай мовы Лявон Баршчэўскі), “Пан” і “Вікторыя” (абодва пераклала Лідыя Ёхансэн). Таксама друкуецца Нобелеўская прамова лаўрэата. Кніга выйшла ў 2017 годзе.

У серыі таксама выйшлі раман “Каханне падчас халеры” Габрыеля Гарсіі Маркеса (2017, з іспанскай пераклаў Карлас Шэрман), выбраныя навелы і апавяданні Томаса Мана «Смерць у Венецыі»(2018, з нямецкай пераклаў Уладзімір Папковіч), «Стамбул. Горад і ўспаміны» Архана Памука (2018, з турэцкай пераклала Таццяна Урублеўская-Токер), раман «Не адпускай мяне» Кадзуа Ісігура (2019, з англійскай пераклала Ганна Янкута), «Пячора» Жазэ Сарамагу (2019, з партугальскай пераклала Галіна Мітраховіч), «Праведная галеча» Франса Эміля Сіланпя (2019, з фінскай пераклаў Якуб Лапатка).

У серыі найперш будзе выходзіць проза. У планах — выданне кніг такіх аўтараў, як Герта Мюлер (Германія), Вольга Такарчук (Польшча), Гюнтэр Грас (Германія), Радзьярд Кіплінг (Вялікабрытанія)…

Адначасова з папяровай версіяй кнігі выходзіць і электронная.

Кніжная серыя “Noblesse Oblige” з’яўляецца сумесным праектам дабрачыннага фонду «Вяртанне», выдавецтва “Янушкевіч” і партала беларускіх электронных кніг Kniharnia.by.