Гісторыка-краязнаўчы гадавік "Вілейскі павет"

 

У 2013 годзе ў фонд “Вяртанне” звярнуліся краязнаўцы з Вілейкі, якія прапанавалі падтрымаць выданне гісторыка-краязнаўчага гадавіка “Вілейскі павет”. І ўжо праз год з друку выйшаў першы выпуск гадавіка (выдавецтва “Галіяфы”). У 2015 годзе выйшаў другі выпуск (выдавец Андрэй Янушкевіч), у 2017 г. – трэці.

“Вілейскі павет” – зборнік публікацый, прысвечаных найперш канкрэтнаму рэгіёну: сучаснаму Вілейскаму раёну і тэрыторыям, якія ў розныя часы ўваходзілі ў межы Вілейскага староства, Вілейскага павета, Вілейскай вобласці. Матэрыялы таксама закранаюць і гісторыю сумежных раёнаў.

Ідэя выдання палягае ў тым, каб даць друкаваную пляцоўку для абмену матэрыяламі краязнаўцам, прафесійным гісторыкам, музейшчыкам па Вілейшчыне. Пошукі і знаходкі, радаводы, уражэнцы і тыя, хто тут жыў, паўстанні і войны. Гэта не толькі публікацыя новых арыгінальных тэкстаў, але і пераклад на беларускую мову даследаванняў, цэлых кніг з замежных моў, прысвечаных акрэсленаму рэгіёну. Публікуюцца ўспаміны, архіўныя дакументы, лісты, дзённікі.

Укладальнікі гадавіка — Сяргей Макарэвіч і Дзяніс Канецкі.