Музычны конкурс “Заспявай.BY”

 

У 2014 года фонд “Вяртанне” сумесна з парталам Tuzin.fm арганізаваў музычны конкурс маладых выканаўцаў “Заспявай.BY”. Яго мэта — заахвоціць маладых выканаўцаў звяртацца да беларускай мовы і паэзіі ў сваёй творчасці. Штогод з’яўляюцца новыя намінацыі (“Беларускі кавер”, “Замежны пераклад”), але заўжды застаецца адна пастаянная – “Спяваная паэзія”: выканаўцы кладуць на музыку беларускамоўны верш айчыннага паэта.

Пераможцаў вызначае журы, якое штогод змяняецца.

Лаўрэаты конкурсу атрымліваюць магчымасць выступіць у Мінску з канцэртам, а таксама каштоўныя прызы, у тым ліку грашовыя.

У 2017 годзе чарговы сезон конкурсу стартаваў у новым фармаце — «Заспявай-4x4». На гэты раз будзе толькі адна намінацыя — «Спяваная паэзія». З усіх пададзеных заяваў журы адбярэ 4 фіналісты. З кожным з гэтых выканаўцаў (гуртоў) будзе працаваць свой ментар. З улікам атрыманых ведаў кожны фіналіст будзе дапрацоўваць конкурсную песню пры падтрымцы свайго ментара і запіша яе ў студыі. Увосень адбудзецца прэм’ера чатырох студыйных песень фіналістаў «Заспявай-4x4». Таксама для кожнага з фіналістаў будзе зладжаны «выпускны канцэрт» пры падтрымцы вядомага беларускага гурта. Імя пераможцы назавуць на фінальным канцэрце праекта, які пройдзе не пазней за 1 лістапада 2017 года.

З умовамі ўдзелу ў конкурсе ў новым фармаце можна пазнаёміцца тут.

Пераможцы папярэдніх гадоў

2014

Прыз уручаўся ў намінацыі «Спяваная паэзія». Уладальнікам Гран-пры стаў Віталь Варанко за песню «Вяртайся!» на словы Віталя Рыжкова. Лаўрэатамі сталі Лізавета Леўчык за песню «Адзінота» на верш Таццяны Сапач і Юры Касцень (SP Kava) за песню «Эндшпіль» на верш Андрэя Адамовіча.

2015

Прыз уручаўся па дзвюх намінацыях — «Спяваная паэзія» і «Кавер». Уладальнікам Гран-пры стаў гурт Navi за песню «Плакалі ветры» на словы Паўлюка Труса ў намінацыі «Спяваная паэзія» і за песню «Жар-птушка» ансамбля «Сябры» (словы Генадзя Бураўкіна, музыка Эдуарда Ханка) у намінацыі «Кавер». Лаўрэатамі сталі Марына Вярэніч за песню «Чаму мы стрэліся не ў час?» на верш Таццяны Дзям’янавай у намінацыі «Спяваная паэзія» і Яўген Цярэнцьеў (гурт Teleport) за песню «Зачараваная» ансамбля «Песняры» (словы Генадзя Бураўкіна, музыка Ігара Лучанка) у намінацыі «Кавер».

2016

Прыз уручаўся ў трох намінацыях — «Спяваная паэзія», «Кавер» і «Замежны пераклад». У «Спяванай паэзіі» перамагла Pauline з песняй на верш Ірыны Багдановіч «Людзі, дзе вы?». У намінацыі «Беларускі кавер» найлепшым прызналі гурт Leibonik за арыгінальную інтэрпрэтацыю хіта гурту «Мроя» — «Я рок-музыкант». У намінацыі «Замежны пераклад» не было роўных беларускай версіі хіта Эраса Рамацоці ў перакладзе Мікіты Найдзёнава і ў выкананні Дзмітрыя Нікановіча і Вольгі Сацюк.