«Заспявай-5». Прыём заявак падоўжаны да 5 лістапада (+склад журы)

Таксама абвешчаны спіс сёлетняга журы конкурсу.

Сёлета найлепшых сярод канкурсантаў будуць абіраць:

спявачка і кампазітарка Наталля Куніцкая, якая аб’ездзіла са сваім праектам Mustelide паўсвету;

Алесь-Францішак Мышкевіч, лідар праекту The Superbullz, удзельнік гуртоў Volski, «Крамбамбуля», а ў мінулым «Без билета», J:Морс, Trubetskoy ды іншых беларускіх гуртоў;

Ірэна Катвіцкая, спявачка, кампазітарка, педагог па вакале, заснавальніца і ўдзельніца гуртоў Akana, Kazalpin, Agata, Warsoba;

Андрэй Акатаў, саўндпрадзюсар, кіраўнік студыі Central Station, гукарэжысёр тэлепраекту Belsat Music Live;

Алег Хаменка, музыка, выкладчык, лідар гурта «Палац»,

а таксама арганізатары конкурсу – кіраўнік партала TuzinFM Сяргей Будкін і кіраўнік фонду «Вяртанне» Павал Бераговіч.

Прыём заявак на конкурс было вырашана працягнуць да 5 лістапада, каб усе ахвочыя музыкі паспелі запісаць дэма-варыянт сваёй песні на верш аднаго з сучасных беларускіх паэтаў. Сёлета музыкам ад 16 да 30 год прапануецца пакласці на музыку верш аднаго з лаўрэатаў літаратурнай прэміі «Дэбют» імя Максіма Багдановіча.

Уся інфармацыя пра конкурс – на адмысловай старонцы

Пасля сканчэння прыёму заявак журы сфармуе лонг-ліст. Канкурсанты, якія ў яго трапяць, атрымаюць магчымасць паўдзельнічаць у навучальнай сесіі і жывым праслухоўванні, па выніку якога будуць абраныя тры фіналісты. Яны змогуць папрацаваць на студыі, дадуць канцэрты пры падтрымцы вядомых выканаўцаў і прэзентуюць студыйныя версіі сваіх конкурсных песень. Пераможца будзе абвешчаны на фінальным канцэрце ўвесну 2019 года. Ён атрымае грашовы прыз памерам 1500 BYN на рэалізацыю сваіх далейшых творчых задумаў.

Конкурс «Заспявай» праводзіцца з 2014 года. Ягоная мэта адкрыць для маладых музыкаў свет беларускай сучаснай паэзіі і паспрыяць таму, каб добрыя вершы сталі песнямі. Пераможцамі ў намінацыі «Спяваная паэзія» станавіліся Віталь Варанко, Naviband, Paulinn, Helious.

Арганізатары