Выйшаў новы выпуск гісторыка-краязнаўчага гадавіка “Вілейскі павет”

“Вілейскі павет” (выдавец Андрэй Янушкевіч) — гэта зборнік публікацый, прысвечаных найперш канкрэтнаму рэгіёну: сучаснаму Вілейскаму раёну і тэрыторыям, якія ў розныя часы ўваходзілі ў межы Вілейскага староства, Вілейскага павета, Вілейскай вобласці. Матэрыялы таксама закранаюць і гісторыю сумежных раёнаў.

У новым нумары гадавіка традыцыйна ўвага звернута не толькі на мінулае самой Вілейкі, але і на гісторыю іншых населеных пунктаў, на біяграфіі людзей, якія нарадзіліся па-за горадам.

Гісторык Анатоль Сцебурака на падставе архіўных дакументаў напісаў тэкст пра зямян уладання Ганута князёў Агінскіх. Адлік існавання Гануты пачаўся ў 1501 годзе як уладання князёў Гальшанскіх. Затым гаспадары і арандатары шматразоў мяняліся, пакуль у 1723 годзе ўладанне не перайшло да Агінскіх. З імі і звязаны росквіт Гануты. У маёнтак уваходзіла некалькі фальваркаў (Груздзяніца, Забалацце, Рабінава) з тузінам вёсак і засценкаў. Сцебурака расказаў пра баяр і зямян з гэтых населеных пунктаў. Між іншым, па гэтым тэксце, у якім сустракаецца шмат інфармацыі пра жыхароў з XVII стагоддзя, можна пашукаць і сваіх продкаў.

Архівіст Віктар Жыбуль працягвае публікаваць спадчыну нашаніўца Вульфа Сосенскага з Даўгінава. На гэты раз ён знайшоў успаміны Сосенскага, якія ахопліваюць перыяд з 1892 да 1939. Гэта “суб’ектыўная хроніка Даўгінава”. Сосенскі, у Другую сустветную вайну страціўшы ўсю сям’ю, выехаў у Латвію, ажаніўся другі раз, перабраўся ў Ізраіль, дзе і памёр. Але ўвесь час жыў родным мястэчкам. У старасці шмат успамінаў і запісваў тыя ўспаміны.

Ілля Бутаў правёў гістарычнае расследаванне. Адшукаўшы згадкі пра цудотворны абраз з царквы ў вёсцы Пахомава, ён пачаў шукаць сам абраз. Праблема ў тым, што гэтая вёска знікла больш за сорак гадоў таму — яе затапілі падчас будаўніцтва Вілейскага вадасховішча. А жыхароў рассялілі. Бутаў пачаў збіраць звесткі пра Пахомава ў дакументах, расшукваў колішніх жыхароў вёскі. Яму ўдалося правесці цэлае расследаванне. Знайшоў ён і фотаздымак царквы, які ўпершыню апублікаваны ў “Вілейскім павеце”.

Сяргей Макарэвіч расказаў пра эпізоды з жыцця паэта Максіма Танка. Апошні ў 1939 годзе быў накіраваны ў Вілейку на працу ў абласной газеце. Сюды ён прыехаў з нявестай, з якой тут і ажаніўся. Але не толькі прыемнымі момантамі запомнілася Танку Вілейку: было шмат эпізодаў, пра якія пазней паэт амаль не ўспамінаў ні ў лістах, ні ў дзённіку, ні ў размовах з іншымі. Максіму Танку і яго блізкім пагражалі рэпрэсіі. Макарэвіч апісаў гісторыю ўзаемадачыненняў паэта з яго начальнікамі па газеце, у абкаме партыі. Ад каго сыходзіла пагроза, а хто яго ўратаваў.

Дарэчы, у гэтым нумары апублікаваны лісты пісьменніцы Ганны Новік да Максіма Танка 1950-1970-х гадоў. Па іх прасочваецца гісторыя Ганны Аляксееўны, пра якую не прынята пісаць у яе біяграфіях.

Сярод іншых аўтараў гадавіка — Віктар Тонкавіч (расказаў пра гісторыю вуліц Вілейкі, а ў асобым тэксце — пра Бароўскіх, гаспадароў вілейскіх маёнткаў Юнцавічы і Лукавец), Анатоль Капцюг, Клаўдзія Дубовік, Сяргей Ганчар.

Першы выпуск “Вілейскага павета” выйшаў у 2014 годзе. Укладальнікі гадавіка — Сяргей Макарэвіч і Дзяніс Канецкі. Выданне выходзіць пры падтрымцы дабрачыннага фонду “Вяртанне”.

Вілейскі павет. Гісторыка-краязнаўчы гадавік. — Вып. 4. — Мінск : А.М. Янушкевіч, 2019. — 268 с.

Фонд «Вяртанне»