Утульнасць, Цяпло ды сонца. Дэбютны кліп гурта «Хеліос» (ПРЭМ’ЕРА!)

Гурт «Хеліос» прэзэнтуе на TuzinFM кліп на песню «Па неадступнасці», з якой перамог у чацвёртым сезоне конкурсу «Заспявай».

Акурат здымкі кліпа разам з грашовай узнагародай выканаўцы атрымалі за перамогу ў «Заспявай». Дапамог увасобіць іх творчыя ідэі ў жыццё рэжысёр Арцём Лобач, які зняў ролік.

«Гэтая песня на верш Ніны Лістоты адлюстроўвае наш светапогляд, а з дапамогай кліпа можна ўбачыць якія мы маем карцінкі ў галаве. Мы ўдзячныя Арцёму Лобачу і аператару Аляксандру Вавілаву, якія напоўнілі відэа ўтульнасцю, цеплынёю і сонцам!», – кажуць Марыя Гаўрыленка і Аліна Казачэнка пра сваю працу.

«Для мяне заўжды ёсць асабістым выпрабаваннем, калі стаіць задача зняць кліп за невялікі бюджэт і за кароткі адрэзак часу. У такім выпадку ўсё трымаецца на ідэі. Візуальная канцэпцыя роліка была ў тым, каб пабудаваць яго на паўторах адной сцэны з невялікімі адрозненнямі. Але масоўка з акцёраў была такой жывой і разнастайнай, што я часткова адышоў ад задумы. І ў нас атрымалася зняць жывыя эмоцыі, імправізацыю і нават танец. А яшчэ ў кліпе шмат сонца і прасторы», – распавядае Арцём Лобач.

Здымалі відэа ў палях, непадалёк ад Мінска. У здымках узялі ўдзел акцёры тэатральнай суполкі БДУ «На балконе». З касцюмамі дапамаглі Maski.by

TuzinFM