Стартуе пяты сезон конкурсу «Запявай.BY»

Паэзія натхняе!

Партал TuzinFM і фонд «Вяртанне» абвяшчаюць новы сезон конкурсу «Заспявай». Маладым музыкам прапануецца зрабіць верш песняю і атрымаць у падарунак грашовы прыз, запіс сінглу, адукацыйную сесію і сольны канцэрт.

Да ўдзелу ў конкурсе запрашаюцца выканаўцы ад 16 да 30 гадоў. У выпадку музычных гуртоў гэтае правіла таксама мусіць выконвацца – узрост удзельнікаў не павінен перавышаць адзначаны цэнз. Досвед і музычная адукацыя ролі не граюць. Будуць асабліва вітацца заявы ад школьнікаў старэйшых класаў і студэнтаў першых курсаў. Тэрмін падачы – да 21 кастрычніка ўключна.

Што трэба зрабіць

Песню з верша. Арганізатары паказваюць на прыкладзе – яны прапанавалі тром вядомым выканаўцам зрабіць з аднаго і таго ж верша песню ў сваім стылі за 3 гадзіны. Вось што з гэтага атрымалася.

Дзе ўзяць вершы

Сёлета ўдзельнікам конкурсу прапануецца напісаць музыку да аднаго з вершаў фіналістаў літаратурнай прэміі «Дэбют» імя Максіма Багдановіча ў намінацыі «Паэзія». Выбар багаты –25 паэтычных зборнікаў.

Выбраць аўтара і верш можна ТУТ.

«Кнігі, адзначаныя на прэміі «Дэбют» — гэта паэзія нашых дзён, напісаная тут і цяпер, акурат яна можа быць асабліва сугучнай з музыкай нашых дзён. Таму мы і прапануем маладым творцам звяртацца да яе», –  кажа прадзюсар конкурсу Сяргей Будкін.

Як будуць абраныя найлепшыя

Дасланыя кампазіцыі разгледзіць журы з шасці асоб, у якое ўвойдуць сябры аргкамітэту конкурсу і запрошаныя эксперты-музыкі. У выніку галасавання журы будуць адабраныя паўфіналісты, якія атрымаюць магчымасць удзельнічаць у адукацыйнай сесіі. Крытэры выбару найлепшых: адметны вакал, арыгінальная музычная падача, гарманічнае спалучэнне музыкі і слова.

Пасля адукацыйнай сесіі пройдзе жывое праслухоўванне, па выніку якога будуць абраныя тры фіналісты конкурсу, якія атрымаюць магчымасць запісаць песню ў студыі і выступіць ужывую пры падтрымцы вядомых выканаўцаў.

Пасля канцэртаў будзе названы пераможца прэміі, які атрымае грашовы прыз памерам 1500 беларускіх рублёў.

Падаць заяву на конкурс можна ТУТ.

У 2014 годзе фонд “Вяртанне” сумесна з парталам Tuzinfm.by арганізаваў музычны конкурс маладых выканаўцаў “Заспявай.BY”. Яго мэта — заахвоціць маладых музыкаў звяртацца да беларускай мовы і паэзіі ў сваёй творчасці. Штогод з’яўляюцца новыя намінацыі (“Беларускі кавер”, “Замежны пераклад”), але заўжды застаецца адна пастаянная – “Спяваная паэзія”: выканаўцы кладуць на музыку беларускамоўны верш айчыннага паэта.

З 2017 года фармат конкурсу набыў адукацыйны ухіл. Удзельнікам прапануецца напісаць песню на словы сучаснага беларускага паэта на беларускай мове. З усіх пададзеных заявак журы адбірае 4 фіналістаў, з якімі пасля працуюць ментары. Фіналісты таксама ўдзельнічаюць у адукацыйнай сесіі – з лекцыямі, майстар-класамі і практычнымі заняткамі. Па выніках сесіі музыкі дапрацоўваюць конкурсную песню і робяць яе студыйны запіс. Журы абірае аднаго пераможцу.

Пераможцы папярэдніх гадоў

2017

Пераможцам стаў гурт Helious, які напісаў песню на верш “Па неадступнасці” Ніны Лістоты.

2016

Прыз уручаўся ў трох намінацыях — “Спяваная паэзія”, “Беларускі кавер” і “Замежны пераклад”. У “Спяванай паэзіі” перамагла Pauline з песняй на верш Ірыны Багдановіч “Людзі, дзе вы?”. У намінацыі “Беларускі кавер” найлепшым прызналі гурт Leibonik за арыгінальную інтэрпрэтацыю хіта гурта “Мроя” — “Я рок-музыкант”. У намінацыі “Замежны пераклад” не было роўных беларускай версіі хіта Эраса Рамазоцці “За табой” у выкананні Мікіты Найдзёнава, Дзмітрыя Нікановіча і Вольгі Сацюк.

2015

Прыз уручаўся па дзвюх намінацыях — “Спяваная паэзія” і “Кавер”. Уладальнікам Гран-пры стаў гурт Navi за песню “Плакалі ветры” на словы Паўлюка Труса ў намінацыі “Спяваная паэзія” і за песню “Жар-птушка” ансамбля “Сябры” (словы Генадзя Бураўкіна, музыка Эдуарда Ханка) у намінацыі “Кавер”. Лаўрэатамі сталі Марына Вярэніч за песню “Чаму мы стрэліся не ў час?” на верш Таццяны Дзям’янавай у намінацыі “Спяваная паэзія” і Яўген Цярэнцьеў (гурт Teleport) за песню “Зачараваная” ансамбля “Песняры” (словы Генадзя Бураўкіна, музыка Ігара Лучанка) у намінацыі “Кавер”.

2014

Прыз уручаўся ў намінацыі “Спяваная паэзія”. Уладальнікам Гран-пры стаў Віталь Варанко за песню “Вяртайся!” на словы Віталя Рыжкова. Лаўрэатамі сталі Лізавета Леўчык за песню “Адзінота” на верш Таццяны Сапач і Юры Касцень (SP Kava) за песню “Эндшпіль” на верш Андрэя Адамовіча.

Арганізатары