Рыжкоў, Янкута, Комар і Камінская – сустрэча 19 мая

Лаўрэаты прэміі "Дэбют" сустрэнуцца з чытачамі.

Віталь Рыжкоў.

Віталь Рыжкоў – першы лаўрэат прэміі “Дэбют” імя Максіма Багдановіча ў намінацыі “паэзія”. Яго адзначылі за кнігу “Дзверы, замкнёныя на ключы” (Логвінаў, 2010).
Віталь – круты слэмер. Ён бярэ ўдзел і перамагае ў “бітвах” паэтаў, у якіх самі слухачы абіраюць найлепшага.
Рыжкоў мае ўласны музычны рэп-праект – Angst. Ён супрацоўнічаў як аўтар тэкстаў і перакладчык з гуртамі Mauzer, «Глюкі», Zatoczka, Nizkiz, з Ганнай Хітрык…

Ганна Комар. Фота Natasha Smolnikova.

Ганна Комар – атрымала галоўны прыз прэміі “Дэбют” за 2017 год за пераклад зборніка вершаў Чарлза Букоўскі «Святло, і паветра, і месца, і час» (разам з Юляй Цімафеевай і Наталляй Бінкевіч).
Ганна піша і ўласныя вершы. Яе дэбютны зборнік называецца “Страх вышыні”. За гэтую кнігу яна атрымала прэмію імя Марзіі Закір’янавай у намінацыі «Найлепшы жаночы аўтар 2017 года». Сёлета яе кніга ў перакладзе на англійскую выйдзе ў Лондане.

Зараслава Камінская.

Зараслава Камінская – атрымала прэмію “Дэбют” за 2017 год за кнігу прозы “Русалкі клічуць”.
Зараслава працуе ў буйной кампаніі ў аддзеле PR. Каб атрымаць дыплом рэкламшчыцы, яна скончыла журфак БДУ. А каб удасканаліць літаратурнае майстэрства, адвучылася ў Школе маладога пісьменніка.

Ганна Янкута.

Ганна Янкута адзначана “Дэбютам” за 2012 год за пераклад кнігі «Калядны харал» Чарлза Дыкенса.
Ганна – адна з рэдактарак сайта перакладной літаратуры prajdzisvet.org. Яна пераставарае творы з ангельскай, польскай, афрыкаанс, нідэрландскай. Дзякуючы яе працы мы маем па-беларуску “Замак Отранта” Хораса Ўолпала, вершы і апавяданні Эдгара По, кнігі Артура Конан Дойла, Чэслава Мілаша, Баляслава Лесьмяна і шмат каго яшчэ.

Сустрэча пройдзе 19 мая, 16.30, у дворыку Галоўнага корпуса БНТУ (пр-т Незалежнасці, 65), Экспертная пляцоўка фестывалю, уваход вольны.

Уся праграма фестывалю тут .

Прэмія “Дэбют” імя Максіма Багдановіча была заснаваная ў 2010 годзе Беларускім ПЭН-цэнтрам, Дабрачынным фондам “Вяртанне” і Саюзам беларускіх пісьменнікаў. Сярод папярэдніх пераможцаў прэміі — Віталь Рыжкоў, Андрусь Горват, Наталка Харытанюк, Антон Францішак Брыль, Віктар Марціновіч, Андрэй Адамовіч, Міхал Бараноўскі, Адэля Дубавец, Ганна Янкута, Уладзь Лянкевіч, Кацярына Оаро, Кацярына Маціеўская, Аляксей Палачанскі, Таццяна Нядбай, Анатоль Івашчанка, Святлана Рогач і іншыя.

 

Фонд «Вяртанне»