ПРЫМАЕМ ЗАЯЎКІ НА «ЗАСПЯВАЙ-6». ПЕРАМОЖЦА АТРЫМАЕ 1500 BYN І НЕ ТОЛЬКІ

Сёлета канкурсантам дастаткова даслаць на разгляд сваю песню на любой мове.

Конкурс «Заспявай.BY» ужо шосты раз ладзяць партал TuzinFM і дабрачынны фонд «Вяртанне». Мэта — злучыць сучасную беларускую музыку і сучасную беларускую паэзію. Падчас конкурсу ўдзельнікі створаць і запішуць песню на адзін з абраных твораў. Як зрабіць верш песняю мы распавядалі летась у гэтым відэа. А ў сёлетнім прома-роліку конкурс прэзентуюць яго ментары і арганізатары. 

Конкурс «Засьпявай-6» пройдзе ў некалькі этапаў.

Этап 1. Заяўка на конкурс (да 2 кастрычніка)

Заявіцца на конкурс могуць выканаўцы ад 16 да 30 гадоў. Перавага найперш аддаецца тым, хто не мае канцэртнага і студыйнага досведу і працуе (хоча працаваць) у стылях індзі-поп, электроніка і рэп.

Для падачы заяўкі трэба даслаць прыклад сваёй творчасці (на любой мове) і папярэдне выбраць верш, на які будзе створана песня падчас конкурсу.

Заяўкі прымаюцца да 2 кастрычніка ўключна.

ВЫБРАЦЬ ВЕРШ

Этап 2. Адукацыйная сесія (кастрычнік)

З усіх заяваў журы адбярэ паўфіналістаў, якія атрымаюць магчымасць бясплатна паўдзельнічаць у трохдзённай адукацыйнай сесіі, у межах якой пройдуць заняткі па вакале, саўнддызайну, іміджу і нэймінгу, прома і піяр-стратэгіі, па працы з лэйбламі і па гісторыі беларускай сучаснай музыкі і паэзіі.

Этап 3. Напісанне песні (лістапад)

Пасля адукацыйнай сесіі канкурсанты будуць мець час, каб самастойна напісаць песню на абраны раней верш.

Этап 4. Жывое праслухоўванне (снежань)

На жывым праслухоўванні кожны выступоўца мае паказаць 2 песні — уласную і конкурсную на верш абранага паэта.

Па выніках жывога праслухоўвання журы абярэ тройку фіналістаў, якіх чакае індывідуальная праца з ментарамі і запіс конкурснай песні ў студыі.

Этап 5. Праца з ментарамі (студзень — люты 2020)

У кожнага з фіналістаў будзе персанальны літаратурны кансультант (Андрэй Хадановіч), настаўнік па вакале (Руся), стыліст і дызайнер (Наста Шастак), саўндпрадзюсары (Барыс Календа і Павал Сініла, у залежнасці ад музычнага стылю). Усе ментары ўвойдуць у журы разам з арганізатарамі — Алегам Хаменкам, Сяргеем Будкіным (TuzinFM) і Паўлам Бераговічам (фонд «Вяртанне»).

На гэтым этапе фіналісты маюць запісаць конкурсную песню ў студыі.

Этап 6. Фінал (cакавік)

Песні фіналістаў будуць прэзентаваныя ў сеціве ў фармаце сінглаў і ўжывую на фінальным канцэрце. На ім будзе агучанае імя пераможцы, які атрымае грашовы прыз (1500 BYN) і прома-падтрымку на год.

ПАДАЦЬ ЗАЯВУ НА КОНКУРС

Арганізатары