Прэмію Карласа Шэрмана за найлепшыя пераклады атрымалі Надзея Кандрусевіч, Антон Брыль і Сяргей Шупа

Лаўрэаты і сябры журы: Юлія Цімафеева (за Сяргея Шупу), Ціхан Чарнякевіч, Зміцер Колас (за Антона Брыля), Ганна Янкута, Надзея Кандрусевіч, Вера Бурлак з сынам.

Сёння пасля з’езда Беларускага ПЭН-Цэнтра адбылося ўганараванне прэміяй імя Карласа Шэрмана за найлепшыя перакладныя кнігі 2018 года.

Сёлета прэмія ўпершыню ўручаецца ў трох намінацыях – пераклад прозы, пераклад паэзіі і пераклад дзіцячай кнігі.

Прэмія імя Карласа Шэрмана заснаваная ў 2016 годзе за найлепшы пераклад мастацкай кнігі на беларускую мову. Фундатары прэміі — Беларускі ПЭН-Цэнтр, Саюз беларускіх пісьменнікаў і Мясцовы дабрачынны фонд «Вяртанне».

Прадстаўнік «Вяртання» Сяргей Макарэвіч сказаў, што задача прэміі — вывесці з ценю нашых перакладчыкаў. Сёлета перакладзена 47 кніг (у тым ліку і з такіх моваў, як санскрыт, ідыш, турэцкая, японская).

У шорт-лісце кожнай намінацыі было па 3 кнігі.

Проза

«Сонька» польскага пісьменніка Ігната Карповіча ў перакладзе Марыі Мартысевіч.

«Вядзі свой плуг праз косткі мёртвых» нобелеўскай лаўрэаткі Вольгі Такарчук у перакладзе з польскай Марыны Шоды.

«Панядзелак» Мойшэ Кульбака ў перакладзе з ідышу журналіста Свабоды Сяргея Шупы.

Пераможцам прэміі Карласа Шэрмана ў галіне прозы стаў Сяргей Шупа.

Паэзія

Антон Францішак Брыль пераклаў з лацінскай мовы зборнік паэзіі Марцыяла.
Юлія Цімафеева пераклала з ангельскай паэзію Ўолта Ўітмэна.
Андрэй Хадановіч пераклаў з французскай паэзію Артура Рэмбо.

Перамог Антон Францішак Брыль.

Дзіцячая літаратура

«Мітусня ў агародзе» Свэн Нурдквіст — пераклад са шведскай мовы Надзеі Кандрусевіч.

Другую кнігу таксама пераклала Надзея Кандрусевіч — «Ёрдзіс», аўтарка — Юя Вісландэр.

Трэцяя кніга — Стыян Холе «Лета Гармана» ў перакладзе з нарвежскай Юліі Цімафеевай.

Пераможцай стала Надзея Кандрусевіч. Яе павіншавала па-беларуску амбасадарка Швецыі ў Беларусі Крысціна Юганэсан​.

У журы прэміі сёлета былі Вера БурлакМарына КазлоўскаяКацярына МаціеўскаяЦіхан ЧарнякевічГанна Янкута.

Прэмія імя Карласа Шэрмана за найлепшую перакладную кнігу была заснаваная Саюзам беларускіх пісьменнікаў, Беларускім ПЭН-Цэнтрам і Міжнародным дабрачынным фондам «Вяртанне» ў 2016 годзе.

Летась прэміяй уганаравалі Веру Бурлак за пераклад кнігі Льюіса Кэрала «Скрозь люстэрка і што ўбачыла там Аліса».

У 2017 годзе лаўрэатам стаў Андрэй Хадановіч за пераклад вершаў Шарля Бадлера.

Першым лаўрэатам у 2016 годзе стаў Якуб Лапатка за пераклад з фінскай мовы карэла-фінскага эпасу «Калевала».

Радыё Свабода