Прайшло ўзнагароджанне лаўрэатаў “Заспявай 3.0”

Выніковы канцэрт трэцяга конкурсу адбыўся 22 кастрычніка ў мінскім клубе «Coyote». На адной сцэне разам з гуртамі Pauline, Leibonik і трыа Дзмітрый Нікановіч, Вольга Сацюк і Мікіта Найдзёнаў выступіў і пераможца леташняга конкурсу “Заспявай.BY” гурт “Наві”.
Імёны лаўрэатаў былі названы загадзя. Таму выканаўцы мелі час, каб падрыхтаваць невялікую канцэртную да ўганаравання.
У «Спяванай паэзіі» перамагла Pauline з песняй на верш Ірыны Багдановіч «Людзі, дзе вы?».

Гурт Pauline. Фота з сацсетак Веранікі Крупіцы.
У намінацыі «Замежны пераклад» не было роўных беларускай версіі хіта Эраса Рамацоці ў перакладзе Мікіты Найдзёнава і ў выкананні Дзмітрыя Нікановіча і Вольгі Сацюк.

Мікіта Найдзёнаў, Вольга Сацюк, Дзмітрый Нікановіч. Фота з сацсетак М.Найдзёнава.
У намінацыі «Беларускі кавер» найлепшым прызналі гурт Leibonik за арыгінальную інтэрпрэтацыю хіта гурту «Мроя» — «Я рок-музыкант».

Гурт Leibonik. Фота з сацсетак Алега Хаменкі.
Агульны прызавы фонд конкурсу ў гэтым годзе склаў 1500 еўра. Сума была падзелена паміж лаўрэатамі пароўну.
Сёлета да спонсараў конкурсу далучылася прыватная “Кампанія ІТЦ”.
Ніжэй можна паслухаць конкурсныя песні сёлетніх пераможцаў.
У 2014 года фонд “Вяртанне” сумесна з парталам Tuzin.fm арганізаваў музычны конкурс маладых выканаўцаў “Заспявай.BY”. Яго мэта — заахвоціць маладых выканаўцаў звяртацца да беларускай мовы і паэзіі ў сваёй творчасці. Штогод з’яўляюцца новыя намінацыі (“Беларускі кавер”, “Замежны пераклад”), але заўжды застаецца адна пастаянная – “Спяваная паэзія”: выканаўцы кладуць на музыку беларускамоўны верш айчыннага паэта.
Пераможцаў вызначае журы, якое штогод змяняецца.
Лаўрэаты конкурсу атрымліваюць магчымасць выступіць у Мінску з канцэртам, а таксама грашовыя прызы.
Фонд «Вяртанне»