Прайшло праслухоўванне канкурсантаў «ЗАСПЯВАЙ-5» (відэа)

Прайшоў другі этап конкурсу «Заспявай-5», які ладзяць партал TuzinFM разам з фондам «Вяртанне».

Арганізатары «Заспявай» распрацавалі для сёлетніх канкурсантаў унікальны інтэнсіўны курс. Трохдзённая адукацыйная праграма ўключыла ў сябе 14 лекцый і заняткаў. З маладымі музыкамі працавалі: Ірэна Катвіцкая, якая распавяла пра вакальныя тэхнікі і дыхальныя практыкі; дызайнерка і мастачка Наста Шастак пра сродкі візуальнай самаідэнтыфікацыі, Алег Хаменка пра маркетынгавыя тэхналогіі ў музыцы. Шэраг лекцый быў прысьвечаны розным этапам стварэння і прасоўвання. Алесь-Францішак Мышкевіч распавёў як стварыць годную песню, саўндпрадзюсар Андрэй Акатаў казаў пра тонкасці студыйнай працы, кіраўнік лэйбла «Ezhevika» Дзмітры Літвіновіч распавёў, як можна прадаць сваю музыку, журналіст Аляксандар Чарнуха – як патрапіць у СМІ, прамоўтэр Уладзімір Плавінскі пра тое, як зладзіць канцэрты і трапіць на фестывалі. Асобная ўвага была прысвечаная гісторыі беларускай музыкі і паэзіі. У межах сесіі Андрэй Хадановіч распавёў пра сучасную беларускую паэзію ў кантэксце сусветнай, а Віктар Сямашка – пра сучасную беларускую музыку ў кантэксце сусветнай.

Адукацыйная сесія скончылася жывым праслухоўваннем удзельнікаў конкурсу. У ім узялі ўдзел 22 выканаўца, якія былі абраныя журы па выніках праслухоўвання дэма-запісаў. Тры выканаўцы не здолелі ўзяць удзел, але запісалі відэа жывога выканання, якія таксама разгледзіла журы. Яшчэ тры выканаўцы дабраахвотна сышлі з дыстанцыі.

Журы назаве тройку фіналістаў. Вынікі будуць абвешчаныя цягам наступнага тыдня на партале TuzinFM.

Са студзеня 2019 года пачынаецца трэці этап конкурсу. З кожным з фіналістаў «Заспявай» будзе праведзеная індывідуальная праца. Ірэна Катвіцкая правядзе індывідуальныя заняткі па вакале, Наста Шастак дапаможа ў распрацоўцы візуальнай канцэпцыі, а Андрэй Акатаў папрацуе ў студыі разам з выканаўцамі над іх конкурснымі песнямі. Увесну плануюцца канцэрты кожнага з фіналістаў «Заспявай-5» пры падтрымцы вядомых выканаўцаў і гала-канцэрт, на якім будзе абвешчаны пераможца конкурсу. Ён атрымае 1500 BYN на рэалізацыю сваіх творчых задумаў.

TuzinFM, відэа Аляксея Сіпачова