Павел Козіч і Ціхан Букраба — пераможцы пятага сезона «Заспявай.BY»

Яны атрымалі галоўны прыз за кампазіцыю «Трамвай», якую напісалі на словы Антона Рудака.

Павел Козіч.

 

Павел Козiч (23 гады) і Цiхан Букраба (26 гадоў) вучацца ў Беларускім дзяржаўным унівэрсітэце культуры і мастацтва. Павел — мінчук, Ціхан — з Гомеля. З музычных кірункаў аддаюць перавагу джазу і соўлу. Яны некалькі гадоў працуюць разам у кавер-бэндах, але маюць і ўласныя напрацоўкі. Як кажуць самі музыкі, конкурс «Заспявай» падштурхнуў іх да стварэння аўтарскага праекта. Дэбютам акурат і стала песня «Трамвай» паэта Антона Рудака, музыку да якой яны стварылі разам. Болей пра трэк.

Менавіта праца Паўла Козіча і Ціхана Букрабы была адзначаная журы конкурсу галоўным прызам. (Журы конкурсу). Дзякуючы конкурсу, музыкі запісалі фінальную версію сваёй песні. У якасці прыза яны атрымалі яшчэ 1500 BYN на рэалізацыю сваіх далейшых творчых задумаў.

Электронны дуэт Maximalism.

Акром таго, на ўзнагароджанні «Заспявай-5», якое прайшло ў мінскім клубе «Berlin», былі адзначаныя два фіналісты конкурсу – электронны праект Maximalism з песняю «Фрагменты» на словы Ганны Комар і Раман Волазнеў з песняй на словы Мікіты Найдзёнава «Салёныя сны».

Раман Волазнеў.

Конкурс «Заспявай» праводзяць інтэрнэт-партал TuzinFM і фонд «Вяртанне» з 2014 года. Ягоная мэта адкрыць для маладых музыкаў свет беларускай сучаснай паэзіі і паспрыяць таму, каб добрыя вершы сталі песнямі. Пераможцамі ў намінацыі «Спяваная паэзія» станавіліся Віталь Варанко,  Naviband,  Paulinn, Helious.

TuzinFM, фота Аляксандра Кісялёва