ПАВЕЛ КОЗІЧ І ЦІХАН БУКРАБА: «МЫ КІНУЛІ САБЕ ВЫКЛІК І ДАЛІ РАДЫ» (ПРЭМ’ЕРА)

Творчы тандэм Павел Козіч і Ціхан Букраба прэзэнтуе на TuzinFM фінальную версію свайго дэбютнага трэку «Трамвай», з якім яны трапілі ў фінал конкурсу «Заспявай-5». 17 сакавіка адбудзецца ягоная жывая прэм’ера на канцэрце гурта Warsoba.

Песня «Трамвай» напісаная на аднайменны верш паэта Антона Рудака. У першай сеціўнай публікацыі ў 2009 годзе аўтар пазначыў, што твор прымеркаваны да 80-годдзя запуску першага трамвая ў Менску.

Праз 10 год гэты верш стаў дэбютнай аўтарскай песняй дуэту Павел Козіч-Ціхан Букраба. Музыкі вырашылі паўдзельнічаць у «Заспявай-5» і менавіта твор Антона Рудака ім адгукнуўся найбольш.

Яны хацелі стварыць балаяду з глыбокім сэнсам, у якой кожны можа знайсці свой сюжэт. «Мы сядзелі на кухні і гарталі вершы прапанаваных аўтараў. І як толькі абралі, то Ціхан пачаў прапаноўваць варыянты гармоніі, а я спрабаваў наспяваць на яе розныя варыянты мелодыі. Праз гадзіну песня была напісаная. Магчыма, камусьці яна можа падацца недапрацаванай па вакальнай лініі, мелодыі або гармоніі, але і ў студыі мы імкнуліся яе зрабіць менавіта такой, якой яна нарадзілася на кухні», – распавядае Павел Козіч. За гучанне песні «Трамвай» адказны Павел Сініла са студыі Everest.

 Музыкі кажуць, што конкурс «Заспявай» стаў для іх вырашальным момантам для таго, каб зрабіць аўтарскім музычны праект. Павел і Ціхан навучаюцца ў Беларускім дзяржаўным універсітэце культуры і мастацтва, граюць у кавер-бэндах. «Размовы пра тое, што трэба ствараць сваё мы вядзем пастаянна, але ніяк не маглі на гэта вырашыцца. Таму конкурс стаў для нас такім выклікам, які мы сябе кінулі. І далі рады», – заўважае Ціхан.

17 сакавіка музыкі прэзэнтуюць ужывую свой дэбютны сінгл «Трамвай» і яшчэ некалькі ўласных твораў падчас выступу разам з гуртом Warsoba ў клубе «Гудвін». Маладыя музыкі зазначаюць, што паколькі знаходзяцца ў творчым пошуку, то іхныя кампазіцыі істотна розняцца між сабою. Але ёсць у гэтым плюс, бо кожны з гледачоў знойдзе нешта на свой густ.

Квіткі на канцэрт можна набыць на Bezkassira.

 TuzinFM

Павел Козіч і Ціхан Букраба – Трамвай (музыка П.Козіча і Ц.Букрабы, словы А.Рудака)

Уяўляеш, я спазніўся на трамвай –

Год на семдзясят, а можа і паболей.

І раптоўна агарнуў мяне адчай,

Што ніколі – разумееш? – аніколі

Мой трамвай не прагрукоча, як раней,

Па старой сталічнай вуліцы цэнтральнай,

І званок ягоны ўжо не скалане

Цішыню глухую гарадскога рання,

Што ніколі не сустрэне ён мяне,

І дарэмна я чакаю на прыпынку

Можа «двойку», што блукае, нібы ў сне,

Можа – звонкую, імклівую «адзінку»…

Той трамвай ужо адбегаў, адзвінеў,

Не прыедзе, не адчыніць свае дзверы –

Ён загінуў на няскончанай вайне

Разам з горадам, што жыў, кахаў і верыў.

Уяўляеш, я спазніўся на трамвай…