Новы сезон “Заспявай.BY”: прайшлі адукацыйныя заняткі

Конкурс «Заспявай.BY» ладзяць партал TuzinFM і дабрачынны фонд «Вяртанне».

Тры дні, 1-3 лістапада, у Мінску праходзілі заняткі з канкурсантамі шостага сезону музычнага конкурсу “Заспявай.BY”. Амаль чатыры дзясяткі ўдзельнікаў наведалі лекцыі Дзмітрыя Безкаравайнага, Русі, Андрэя Хадановіча, Алега Хаменкі, Насты Шастак, Віктара Сямашкі, Дзмітрыя Літвіновіча, Уладзіміра Плавінскага, Барыса Календы, Паўла Сінілы, Сяргея Будкіна. Іх знаёмілі з тым, як арганізаваць канцэрт і патрапіць на фестываль, як запісаць круты трэк і паставіць яго на крутыя анлайн-пляцоўкі, як працуюць маркетынгавыя тэхналогіі ў музыцы… І канечне ж, як стварыць песню на верш паэта.

Наступны этап “Заспявай.BY” – стварэнне канкурсантамі дэма-запісу на словы сучаснага беларускага паэта. Стварэнне такога запісу стане чарговым адборам. На жывое праслухоўванне журы запросіць аўтараў самых цікавых песень. Па выніках праслухоўвання ў канцы снежня будзе вызначана тройка фіналістаў. Фіналісты будуць працаваць у студыі пад кіраўніцтвам ментараў. А затым возьмуць удзел у выніковым канцэрце, падчас якога арганізатары назавуць імёны пераможцаў. Іх чакае прыз у памеры 1500 рублёў.

 

Фонд “Вяртанне”, фота Алёны Варанец