Фіналісты "Дэбюту" выступілі ў Полацку
+фотарэпартаж

Сустрэча адбылася 3 чэрвеня ў Музеі беларускага кнігадрукавання.

Полацк наведалі адразу пяцёра сёлетніх фіналістаў прэміі "Дэбют" імя Максіма Багдановіча. Празаікі Уладзімір Садоўскі і Андрэй Дзічэнка, паэт Міхал Бараноўскі, перакладчыцы Сюзанна Паўкштэла і Надзея Кім. Яны прадставілі свае першыя кнігі.

Вёў сустрэчу Сяргей Макарэвіч.

Садоўскі прэзентаваў зомбі-хорар "1813", Дзічэнка — зборнік апавяданняў "Сонечны чалавек", Бараноўскі — кнігу вершаў "Volumen.1", Паўкштэла — пераклад з літоўскай мовы кнігі “Бог дажджу” Альвідаса Шляпікаса, Кім — пераклад з англійскай мовы кнігі “Хронікі Нарніі. Пляменнік чараўніка” Клайва Стэйплза Льюіса.

Міхал Бараноўскі (злева) і Уладзімір Садоўскі.
Андрэй Дзічэнка.

Сустрэча адбылася ў межах папулярызацыі прэміі "Дэбют" і прэзентацыі маладых аўтараў у гарадах Беларусі. Раней падобныя сустрэчы прайшлі ў Баранавічах і Брэсце. Восенню чакаецца працяг такіх прэзентацый.

Надзея Кім.
Сюзанна Паўкштэла.

Прэмія “Дэбют” імя Максіма Багдановіча — літаратурная прэмія, заснаваная ў снежні 2010 года Саюзам беларускім пісьменнікаў, Беларускім ПЭН-цэнтрам і мецэнатам Паўлам Падкарытавым (Бераговічам). Першае ўручэнне прэміі адбылося на наступны год. З 2014 года да арганізатараў “Дэбюту” далучыўся дабрачынны фонд “Вяртанне”. Прэмія ўручаецца ў трох намінацыях, у якіх працаваў Максім Багдановіч, — “Проза”, “Паэзія”, “Мастацкі пераклад”. Лаўрэатамі станавіліся Андрусь Горват, Анатоль Івашчанка, Ганна Янкута, Таццяна Нядбай, Віктар Марціновіч, Віталь Рыжкоў, Наталля Харытанюк і іншыя.

Фота на памяць з удзельнікамі сустрэчы.

Фонд "Вяртанне"