Вызначаныя фіналісты конкурсу «Заспявай 4x4»

Журы конкурсу маладых выканаўцаў назвала імёны тых, хто возьме ўдзел у адукацыйнай сесіі, студыйным запісу і канцэртах ды пазмагаецца далей за галоўны прыз.

24 заявы было пададзена сёлета на конкурс «Заспявай 4x4», мэтай якога ёсць спалучыць беларускую сучасную паэзію з музыкаю. З іх былі прынятыя да разгляду 18 заяваў. Журы конкурсу мелася вызначыць чатыры фіналісты, з якімі будзе далей весціся праца. Сёлета конкурс праходзіць у новым фармаце – з адукацыйнай сесіяй, майстар-класамі, працай у студыі, справаздачнымі канцэртамі. Пераможцу чакае таксама грашовая ўзнагарода (сёлета яна складае 1000 беларускіх рублёў) і запіс відэакліпа.

Такім чынам, у чацвёрку фіналістаў трапілі.

Дуэт Марыя Гаўрыленка & Алiна Казачэнка

22-гадовыя студэнткі другога курса Беларускай акадэміі мастацтваў Марыя і Аліна заснавалі дуэт увосень 2016 года падчас фэсту «Бардаўская восень».  Спяваюць песнi на ўласныя тэксты, а  таксама на вершы беларускiх паэтаў. На «Заспявай 4x4» яны падалі песню «Мы завіслі» на верш паэткі Ніны Лістоты, а музыку да яе напісала Марыя Гаўрыленка.

«Малала»

Этна-гурт «Малала» аб’яднаў трох дзяўчат. Яго заснавала цымбалістка з Ліды Юліяна Шырма (25 год), якая цяпер навучаецца на 5-м курсе Акадэміі мастацтваў і выкладае акцёрскае майстэрства ў дзіцячым музычным тэатры «Казка». На акардэоне грае 28-гадовая Алёна Грыб з вёскі Крупіца, яна скончыла педагагічны ўніверсітэт па спецыяльнасці «музычнае і тэатральнае мастацтва», грала ў аркестры народных інструментаў, спявала ў хоры, а цяпер працуе бібліятэкарам у Акадэміі навук. Трэцяя ўдзельніца гурту – 21-гадовая Іларыя Шашко, яна з Баранавічаў, вучыцца на 3-м курсе ў Акадэміі мастацтваў на акцёрку тэатра і кіно. «Малала» існуе ўжо каля двух гадоў, сёлета дзяўчаты далі свой першы сольны канцэрт у КЗ «Верхні горад». Для конкурсу «Заспявай 4x4» яны падрыхтавалі кампазіцыю «Кавуны пасохлі», у якой тэкст народнай песні «Полька-Янка» спалучаны з аўтарскім тэкстам паэткі Юліаны Шырмы. 

«Тутэйшыя» 

Гісторыя гурту  «Тутэйшыя» налічвае тры гады, у яго ўваходзіць дзве будучыя рэжысёркі, школьны настаўнік па фізкультуры, гандляр у музычнай краме ды тэатральны гукарэжысёр. Музыкі бралі ўдзел у конкурсе летась і трапілі ў фінал, а па выніку атрымалі спецыяльную адзнаку журы. Сёлета вырашылі паспрабаваць свае сілы зноў. Для «Заспявай 4x4» яны запісалі песню «Навучы мяне жыць» на словы лідаркі «Тутэйшых» Тацяны Казановіч, вершы якой друкаваліся ў часопісах «Верасень» і «Маладосць».  

K3tyvana

Чацвёрты фіналіст K3tyvana (Кетэван Асраташвілі), 23-гадовая спявачка, якая дагэтуль ужо двойчы ўдзельнічала ў конкурсе «Заспявай»: пазалетась яна заняла 3 месца з каверам на песню Adele «Skyfull», а на «Заспявай3.0» атрымала добрыя водгукі на сваю версію верша Рыгора Барадуліна «Свабода» і кавер на «Калыханку». Сёлета Кетэван разам з 23-гадовым клавішнікам ансамбля «Верасы» Васілём Мельнічакам і 27-гадовым ды-джэем Аляксандрам Плютам зрабіла песняю верш Дар’і Бялькевіч «Не музыка».

Журы таксама назвала дваіх запасных, якія ў выпадку адмовы кагосьці з фіналістаў, заменяць іх на другім этапе конкурсу. Гэта гурт Vodar і Ірміна Ластоўская. Акром таго, у адукацыйнай сесіі па-за конкурсам атрымаў магчымасць паўдзельнічаць гурт Vibeclub, які вылучылі адразу тры сябры журы за арыгінальную музычную падачу.

У першай палове чэрвеня арганізатары конкурсу партал TuzinFM.by і дабрачынны фонд «Вяртанне» разам з журы і ментарамі дапрацуюць расклад адукацыйнай праграмы і ўзгадняць яе з фіналістамі. Сачыце за навінамі конкурсу праз суполкі ў Facebook і УКантакце.

Арганізатары