Абвешчаны прыём заявак на Прэмію імя Карласа Шэрмана

Узнагарода будзе ўручаная перакладчыкам за найлепшую мастацкую кнігу, перакладзеную на беларускую мову і выдадзеную ў папяровым або электронным варыянце цягам 2016 г. Пераможца атрымае ад Дабрачыннага фонду «Вяртанне» чэк на суму, эквівалентную 2000 у.а. Падаць заяўку можна да 30 чэрвеня. 

Якуб Лапатка, першы лаўрэат Прэміі імя Карласа Шэрмана.

Заяўка павінна ўтрымліваць наступныя звесткі:

а) інфармацыя пра намінатара, што вылучае твор на Прэмію: кантактныя нумары тэлефонаў і адрасы

б) назву кнігі, выдавецтва, месца і год выдання

в) імя (імёны) перакладчыка (перакладчыкаў) і па магчымасці іх кантактныя дадзеныя

Правам намінавання на Прэмію валодаюць выдаўцы, творчыя аб’яднанні, аргкамітэт Прэміі, сябры журы і самі перакладчыкі. На іх ляжыць абавязак прадставіць да 30 чэрвеня на разгляд журы прэміі электронныя версіі і (калі датычыць) два папяровыя асобнікі намінаваных кніг. Папяровыя асобнікі прымаюцца па адрасе Саюза беларускіх пісьменнікаў (220012, Мінск, вул. Кузьмы Чорнага, 31-906), электронныя варыянты – на адрас: konkurs.pierakladau@gmail.com.

Прэмія за найлепшую перакладную кнігу заснаваная ў 2016 г. у гонар выдатнага беларускага літаратурнага перакладчыка Карласа Шэрмана (1934 – 2005) і носіць яго імя. Сузаснавальнікамі прэміі з’яўляюцца ГА “Саюз беларускіх пісьменнікаў”, Беларускі ПЭН-цэнтр і Мясцовы дабрачынны фонд “Вяртанне”.

Першым пераможцам прэміі стаў перакладчык фінскага эпасу "Калевала" Якуб Лапатка.

Склад журы прэміі будзе абвешчаны пазней.

Сачыць за абнаўленнямі можна, падпісаўшыся на старонку прэміі ў Фэйсбуку.

Арганізатары.