У Полацку прэзентуюць кнігі найлепшых маладых пісьменнікаў

3 чэрвеня Полацк наведаюць Уладзімір Садоўскі, Сюзанна Паўкштэла, Андрэй Дзічэнка, Надзея Кім, Міхал Бараноўскі. Яны прадставяць свае першыя кнігі. Усе аўтары сёлета сталі фіналістамі прэміі “Дэбют” імя Максіма Багдановіча.

Садоўскага адзначылі за кнігу “1813”. Гэтая навела — першы беларускі зомбі-хорар. Жанр, які даўно распаўсюджаны за мяжой, па-беларуску не распрацаваны. Садоўскі ўзяў рэальную гістарычную асобу — Міхала Клеафаса Агінскага, якую прымусіў змагацца з напалеонаўскімі жаўнерамі-зомбі.

Кім пераклала з англійскай мовы “Хронікі Нарніі. Пляменнік чараўніка” Клайва Стэйплза Льюіса «Хронікі Нарніі» — дзіцячы фэнтэзі-цыкл, у які ўваходзіць 7 кніг. У іх распавядаецца пра прыгоды дзяцей у Нарніі — чароўнай краіне, дзе ёсць магія і ідзе вечнае змаганне дабра і зла. «Хронікі» — адна з найбольш паспяховых кніжных серый у гісторыі. Кнігі пра Нарнію перакладзены на 41 мову. Цяпер першую кнігу серыі можна прачытаць і па-беларуску.

Бараноўскага адзначылі за паэтычны зборнік “Volumen.1”. Не кожны паэтычны зборнік становіцца з’явай. А кніга Міхала менавіта такая. Арыгінальныя вершы спалучаны з арыгінальным мастацкім афармленнем. Кніга для прыемнага чытання і разглядання.

Паўкштэла зрабіла пераклад з літоўскай мовы кнігі “Бог дажджу” Альвідаса Шляпікаса. Літоўская на сёння — адна з тых рэдкіх моў, з якой амаль няма перакладчыкаў на беларускую. “Бог дажджу” — гэта кніга пра літоўскую правінцыю канца 1990-х. Альвідас Шляпікас — літоўскі паэт, пісьменнік, акцёр, рэжысёр і сцэнарыст.

Дзічэнку ўганаравалі за зборнік апавяданняў “Сонечны чалавек”. Андрэя ўжо напісаў і выдаў некалькі кніг па-руску. Ён піша ў жанры посткіберпанк. “Сонечны чалавек” стаў для яго дэбютам па-беларуску. Кніга — падарожжа па памежных прасторах рэальнасці і свядомасці. Гэтая кніжка змяняе погляд на ўсю класічную прозу па-беларуску.

Сустрэча пройдзе ў Музеі беларускага кнігадрукавання (Полацк, вул. Ніжне-Пакроўская, 22). Пачатак а 15.00. Уваход вольны.

Прэмія “Дэбют” імя Максіма Багдановіча – літаратурная прэмія, заснаваная ў снежні 2010 года Саюзам беларускім пісьменнікаў, Беларускім ПЭН-цэнтрам і мецэнатам Паўлам Падкарытавым (Бераговічам). Першае ўручэнне прэміі адбылося на наступны год. З 2014 года да арганізатараў “Дэбюту” далучыўся дабрачынны фонд “Вяртанне”. Прэмія ўручаецца ў трох намінацыях, у якіх працаваў Максім Багдановіч, — “Проза”, “Паэзія”, “Мастацкі пераклад”. Лаўрэатамі станавіліся Андрусь Горват, Анатоль Івашчанка, Ганна Янкута, Таццяна Нядбай, Віктар Марціновіч, Віталь Рыжкоў, Наталля Харытанюк і іншыя.

Фонд "Вяртанне"