Імёны з архіваў памяці: водгук на "Вілейскі павет"

Пабачыў свет трэці выпуск гісторыка-краязнаўчага гадавіка «Вілейскі павет» (Мінск: «Выдавец А. М. Янушкевіч», пры падтрымцы дабрачыннага фонду «Вяртанне». Укладальнікі С. Макарэвіч і Дз. Канецкі). Нагадаем, што папярэдні, другі, выпуск чытачы атрымалі два гады таму — у 2015-м.

Унікальныя архіўныя знаходкі ў спалучэнні з сапраўднымі палявымі даследаваннямі ў матэрыяле Дз. Лісейчыкава і А. Сцебуракі пра гісторыю з’яўлення і знікнення Беркаўскай царквы, пераклад кнігі польскага прафесара Тадэвуша Козел-Паклеўскага пра яго бацьку — прадстаўніка роду паўстанцаў 1863 года, а таксама пераклад некалькіх раздзелаў англамоўнай кнігі Рубіна «Дзеці Даўгінава», успаміны паэта і перакладчыка У. Папковіча, багата аздоблены ілюстрацыямі артыкул С. Ганчара «Гісторыя горада ў фотаздымках Беркі Бермана» — тое, на што абавязкова варта звярнуць увагу. Адметнай, незвычайнай паводле тэматыкі даследавання падаецца публікацыя М. Міхалевіча «Рыбалка на Вяллі. Даследаванні паводле манаграфіі Канстанціна Тышкевіча». Пытанне пра замену спрадвечнай назвы мястэчка Іля на пазбаўленае глыбокага гістарычнага зместу Ілья або Ілля ўздымае І. Вараўка.

Даследчыкаў гісторыі беларускай літаратуры і тэатра зацікавіць працяг архіўнай публікацыі Віктара Жыбуля пра даўгінаўскага журналіста, фалькларыста і культурнага дзеяча Вульфа Сосенскага. У другім выпуску «Вілейскага павета» быў змешчаны заснаваны на архіўных матэрыялах з фондаў Беларускага дзяржаўнага архіва-музея літаратуры і мастацтва артыкул В. Жыбуля «Вульф Сосенскі — фалькларыст і міфатворца», а таксама мемуарна-фалькларыстычны твор апошняга «Версіі і легенды: Гутаркі пра беларускага паэта Ф. К. Багушэвіча». У трэцім выпуску — зноў жа ўпершыню — прадстаўленыя ўвазе чытача ўспаміны В. Сосенскага «Даўныя тэатры», якія ён стварыў па просьбе вядомага тэатразнаўца і пісьменніка У. Няфёда (машынапіс зберагаецца ў БДАМЛМ). Асоба Вульфа Сосенскага і яго зусім невядомая спадчына сапраўды вартыя ўвагі даследчыкаў. Дарэчы, цягам 1957 — 1964 гг. ён вёў ліставанне з тагачасным супрацоўнікам літаддзела газеты «Літаратура і мастацтва» Сцяпанам Александровічам.

Выпуск атрымаўся цікавым і разнастайным, заканамерна захоўваецца адданасць матэрыялам, прысвечаным Вілейскаму краю. Аднак тэматыка многіх публікацый сягае далей, а таму яны будуць каштоўнай крыніцай інфармацыі не толькі для краязнаўцаў, але і для гісторыкаў, філолагаў, архівістаў, даследчыкаў архітэктуры і традыцыйнай побытавай культуры Беларусі.

Жанна Капуста, ЛіМ