Кнут Гамсун. Голад (Sult). Урывак з рамана

Урывак узяты з кнігі “Голад” Кнута Гамсуна, якая пабачыла свет у "нобелеўскай серыі" выдавецтва "Янушкевіч" і дабрачыннага фонду "Вяртанне". Кніга змяшчае раманы “Голад” (пераклаў Лявон Баршчэўскі), “Пан” і “Вікторыя” (абодва пераклала Лідыя Ёхансэн).

   Куды мне падацца, дзе чакаць? Ісці ў кавярню з пустой кішэняю я не мог, і да знаёмых у гэты час дня не было як зазірнуць. Я задуменна паклыпаў па горадзе, паміж рынкам і вуліцай Грэнсэн, прачытаў «Вячэрнія навіны», толькі што вывешаныя на дошцы, прайшоўся па вуліцы Карла Юхана, потым павярнуў і накіраваўся да царквы Збаўцы, дзе знайшоў спакойнае месцейка на могілках, каля самай капліцы.

   Паветра тут было вільготнае, я сядзеў у цішыні, думаў, паціху пачынаў драмаць і ладна такі мерзнуць. Час ішоў. Ці можна быць упэўненым, што мой фельетон — гэта хоць і маленькі, але натхнёны шэдэўр? Бог ведае, ці няма ў ім па­мылак! Калі добра падумаць, яго могуць і зусім не прыняць, проста не прыняць! Мабыць, ён і праўда пасрэдны, а то і без­надзейна дрэнны; хто можа даць мне гарантыю, што яго ўжо не выкінулі ў кошык для паперы?.. Мой душэўны спакой быў парушаны, я ўскочыў і кінуўся прэч з могілак.

   На Акерсгатэн я зазірнуў праз вітрыну ў краму і ўбачыў, што на гадзінніку толькі пачатак на першую. Гэта мяне дарэ­шты знервавала, бо я быў упэўнены, што ўжо далёка за поўдзень, а ісці да рэдактара раней за чацвёртую было бессэнсоў­на. Ува мне ўзнікалі змрочныя прадчуванні што да лёсу майго фельетона, чым больш я думаў пра гэта, тым мне ўяўлялася ўсё больш неверагодным, што я мог напісаць нешта больш-менш уцямнае ў такім парыве, амаль ува сне, калі мае мазгі ліхаманіла і думкі недзе блукалі... То быў, вядома, проста са­мападман, і, значыцца, усю тую раніцу я радаваўся дарэмна! Дзіва што!.. Я хутка ішоў па Улевольсвеен, паўз пагорак святога Яна, прамінуў пусткі, пабадзяўся вузкімі, дзіўнаватымі вуліцамі, прылеглымі да Сагена, рушыў паўз будоўлі і агаро­ды і апынуўся нарэшце на вялікім гасцінцы, якому не відаць было канца.

   Тут я спыніўся і вырашыў павярнуць назад. Хада сагрэла мяне, і я ўжо ішоў павольна, зусім павесіўшы нос. Мне сустрэліся два вазы з сенам. Вазакі ляжалі дагары нагамі на сене і спявалі, абодва босыя, з круглымі, бестурботнымі тварамі. Ідучы ім насустрач, я думаў, што яны загавораць са мною, зробяць якую-небудзь заўвагу або пачнуць смяяцца, і калі я падышоў да іх досыць блізка, адзін з іх гучна запытаўся, што ў мяне пад пахай.

— Коўдра, — адказаў я.

— А колькі цяпер часу? — спытаў ён.

— Дакладна не ведаю, напэўна, недзе каля трэцяй.

   Тады яны абодва засмяяліся і паехалі далей. Але раптам мяне абпёк боль ад удару пугай па вуху, капялюш зляцеў з галавы: гэтыя хлопцы не маглі ўтрымацца, каб не паздзека­вацца з мяне. Абураны, я схапіўся за вуха, падабраў капялюш на ўзбоччы канавы і пайшоў прэч. Каля ўзгорка святога Яна я спытаўся ў сустрэчнага прахожага, колькі часу, і ён адказаў, што ўжо мінула чацвёртая гадзіна.

   Чацвёртая мінула! Пачалася пятая! Я заспяшаўся, амаль подбегам паляцеў у бок горада, да рэдакцыі. Рэдактар, мабыць, даўно там, а можа быць, ужо нават сышоў! Я то цягнуў­ся павольна, то бег, ледзь не трапляючы пад колы, абганяў мінакоў, імчаўся навыперадкі з коньмі, выбіваўся з сілы, як вар’ят, — толькі б паспець своечасова. Зайшоўшы ў будынак, я некалькімі скачкамі пераадолеў сходы і пастукаўся ў дзверы.

   Адказу не было.

   «Ён сышоў! Сышоў!» — мільганула думка. Я тузаю дзверы, яны не зачыненыя, стукаюся яшчэ раз і ўваходжу.

   Рэдактар сядзіць за сталом, тварам да акна, у руцэ ў яго пяро, ён нешта сабе піша. Я вітаюся, з цяжкасцю пераводзячы дых, ён абарочваецца, глядзіць на мяне і трасе галавою.

— У мяне яшчэ не было часу прагледзець ваш нарыс.

   Моцна ўзрадаваны, што ён, прынамсі, пакуль што не ад­хіліў маю працу, я кажу: — Ну вядома, я ж разумею. Дый тут спяшацца не да чаго. Можа быць, я зайду дні праз два ці...

— Вядома, вядома, я пагляджу. Зрэшты, у мяне ж ёсць ваш адрас.

   І тут я забыўся сказаць, што ў мяне больш няма ніякага ад­расу.

   Аўдыенцыя скончылася, я з паклонамі адступаюся назад і сыходжу. Душа мая зноў поўная надзеі: яшчэ нічога не стра­чана, наадварот, я яшчэ магу шмат чаго дамагчыся, калі ўжо на тое пайшло. І ў галаве ў мяне нараджаюцца ўсялякія фан­тазіі, мне здаецца, што на нябёсах ужо вырашана ўзнагародзіць мяне дзесяццю кронамі за мой фельетон...

   Толькі б знайсці які-небудзь прытулак на ноч! Я разважаю, дзе мне лепш за ўсё заначаваць, гэтае пытанне так займае мяне, што я спыняюся пасярод вуліцы. Я забываю, дзе я, стаю, як самотны бакен ў моры, а вакол плёскаюцца і ўздымаюцца хвалі. Газетчык працягвае мне «Вікінга». Цікава, вельмі ціка­ва! Я падымаю галаву і ўздрыгваю: перада мной зноў крама Семба.

   Я хутка адварочваюся, імкнуся як найхутчэй схаваць скру­так і, разгублены, спяшаюся ўцячы па Кіркегатэн, баючыся, як бы мяне не ўбачылі з вокнаў. Я праходжу паўз Інгебрэт, абмінаю тэатр, каля Логена паварочваю і рухаюся ў бок на­бярэжнай, да фартэцыі. Знайшоўшы вольную лаўку, я зноў аддаюся разважанням.

   Дзе, халера ясная, мне знайсці хоць які прытулак на ноч? Ці няма якой-небудзь дзіркі, дзе я мог бы схавацца да раніцы? Гонар не дазваляў мне вярнуцца назад, у ранейшы свой пакой: я і думкі не дапускаў, каб адмовіцца ад сваіх слоў, я з абурэн­нем адмахнуўся ад гэтага і адно збянтэжана ўсміхнуўся, яшчэ раз згадаўшы маленькую чырвоную качалку. Воляю ўяўлення я раптам апынуўся ў вялікім, з двума вокнамі, пакоі на Хэгдэ­хаўген, дзе калісьці жыў: на стале я ўбачыў спод са мноствам бутэрбродаў, якія змянялі свой выгляд, аж пакуль не ператва­рыліся ў біфштэкс — спакуслівы біфштэкс; побач з’явіліся бе­лыя сурвэткі, горы хлеба, срэбраны відэлец. І тут адчыніліся дзверы, увайшла мая гаспадыня; яна прапанавала мне яшчэ кубачак гарбаты...

   Марныя відзежы і сны! Я пачаў пераконваць сябе, што, калі б я цяпер здабыў якой ежы, галава мая зноў зрабілася б ненармальнаю, мне б давялося змагацца з тою ж ліхаманкаю ў думках, з наплывам вар’яцкіх фантазій. Такі ўжо я быў: ежа прыносіла мне шкоду, гэта было маё дзівацтва, мая асаблівая ўласцівасць.

   Магло стацца, што я яшчэ знайшоў бы сабе прытулак паз­ней, пад вечар. Спяшацца не было куды: у самым кепскім выпадку я мог бы знайсці сабе месцейка дзе-небудзь у лесе, усе гарадскія наваколлі былі да маіх паслуг, марозу ж як бы і не чакалася.

   А мора замёрла ў цяжкай нерухомасці, караблі і нязграб­ныя, тупаносыя буксіры рабілі барозны на яго бязмежнай свінцовай роўнядзі, наганялі пену на вадзе з абодвух бартоў, плылі ўсё далей і далей наперад, дым, нібы той пух, ляцеў угару, грукаталі машыны, скаланаючы глухімі ўдарамі золкае паветра. Сонца было схаванае за хмарамі, вецер аціх, дрэвы ў мяне за спінаю здаваліся мокрымі, а лаўка пада мною была вільготная і халодная. Час ішоў, я пачаў драмаць, з’явілася стомленасць, халадок прабег па спіне, неўзабаве я адчуў, што вочы ў мяне зусім зліпаюцца. І я заплюшчыў іх...

   Калі я прачнуўся, было ўжо зусім цёмна. Ачмурэлы спра­сонку і азяблы, я ўскочыў, схапіў свой скрутак і пайшоў прэч. Я ішоў усё хутчэй і хутчэй, каб сагрэцца, я махаў рукамі, цёр ногі, якія ў мяне нібы адняліся, і ўрэшце апынуўся каля па­жарнай каланчы. Была дзявятая, то значыць, я праспаў не­калькі гадзін.

   Куды ж мне падзецца? Трэба ўсё-ткі знайсці месца, дзе заначаваць. Я стаю, гляджу на пажарнае дэпо і думаю, а ці не ўдасца мне праслізнуць у якія-небудзь дзверы, счакаўшы, калі ахоўнік страціць пільнасць. Я падымаюся па прыступ­ках і спрабую завязаць з ім размову, ён адразу ж бярэ сваю алебарду на каравул і гатовы мяне слухаць. Гэтая паднятая алебарда, звернутая да мяне халодным лязом, нібы сячэ мяне па нервах, я нямею ад страху перад узброеным чалавекам і міжволі адступаю. Я маўчу, толькі адыходжуся ўсё далей і далей; ратуючы годнасць, я праводжу рукою па лбе, быццам забыўся нешта, і ўрэшце выходжу з будынка. Апынуўшыся зноў на ходніку, я адчуваю палёгку, быццам я і праўда пазбег сур’ёзнай небяспекі. І я спяшаюся прэч…

Прачытаць іншы ўрывак з кнігі і замовіць яе можна на сайце выдавецтва "Янушкевіч".

Перадрукоўваецца з е-часопіса "Прайдзісвет"