«Цяпер можна проста пісаць», — Андрусь Горват пра сваю прэмію «Дэбют» імя Максіма Багдановіча

Узнагароды лfўрэатам прэміі «Дэбют» імя Максіма Багдановіча.

У мінскай прасторы «ЦЭХ» узнагародзілі лаўрэатаў сёмай літаратурнай прэміі «Дэбют» імя Максіма Багдановіча. Пераможцы атрымалі дыпломы і грашовую ўзнагароду памерам 3900 беларускіх рублёў.

Найлепшай кнігай прозы прызналі «Радзіва „Прудок“. Дзённік» Андруся Горвата. У намінацыі «Паэзія» перамог Міхал Бараноўскі з кнігай вершаў «Volumen 1». Лаўрэатам намінацыі «Пераклад» стала Адэля Дубавец за пераклад з польскай мовы «Танец мядзьведзяў» Вітальда Шаблоўскага.

З лаўрэатаў на ўзнагароджанне прыйшоў толькі Міхал Бараноўскі. Ад Адэлі Дубавец публіцы паказалі відэапрывітанне, запісанае загадзя, яшчэ да абвяшчэння пераможцаў. Па ўзнагароду Андруся Горвата прыйшоў выдавец Іван Кобзік. Ён прачытаў прысутным паведамленне ад Горвата, дасланае яму ў «Фэйсбук».

«Мая галоўная прэмія — гэта мае чытачы, якіх я вельмі люблю, якім дзякую за давер нізкім паклонам да зямлі», — прызнаўся Горват.

Выдавец Іван Кобзік трымае ў руках узнагароду Андруся Горвата.

Пасля ўзнагароды на сваёй старонцы ў «Фэйсбуку» Андрусь Горват напісаў эмацыйны пост:

«Мой дарагі і любімы выдавец Іван Кобзік піша мне, што «Дэбют» наш. Я папрасіў яго схадзіць і паглядзець, што там даюць, ён прыйшоў, паглядзеў — і вярнуўся з перамогай. Карацей, цяпер вы ведаеце, што выдавецтва "Мэдысонт" — гэта П, перамога. Дзякуй, што ўшанавалі і дыпламавалі!

Я, калі шчыра, не вельмі разлічваў. Але прэмія Адама Глобуса — усё адно мая першая і любімая літаратурная прэмія ). Трах-цібідох — усё, прэміі скончыліся. Цяпер можна проста пісаць».

 

«Калі б не сябры, кніга наўрад ці была б завершаная»

Паэт Міхал Бараноўскі вельмі сьціпла адгукаецца пра сваю перамогу. У яго ўжо ёсць новыя творчыя задумы, але пакуль не выдае іх.

«Кніга адабрала даволі шмат сілы і часу. Каб не сябры, то наўрад ці справа была б завершаная, таму дзякую яшчэ раз тым, хто прычыніўся да кнігі. Прыемна перамагаць, чаго казаць... Але ёсць і пэўнае адчуванне спустошанасці. Спадзяюся, кніга атрымае розгалас дзякуючы прэміі, і новыя людзі патрымаюць яе ў руках. Можа, нават пачытаюць вершы», — сказаў Міхал Бараноўскі.

Міхал Бараноўскі замест прамовы прачытаў свае вершы з кнігі «Volumen 1»

На Міхала Бараноўскага паўплываў філосаф Валянцін Акудовіч, да якога Міхал хадзіў на заняткі ў «Беларускі калегіум» і цягам сямі гадоў насіў свае вершы на праўку. Нядзіўна, што ў тоненькі зборнічак увайшлі толькі найлепшыя творы, напісаныя за апошняе дзесяцігоддзе, бо паэт крытычна ставіцца да сваёй творчасці.

«Зборнік можна лічыць межавым слупам. У ім колькасць вершаў супадае з колькасцю маіх гадоў на год прэзентацыі. Кніга атрымалася вельмі графічнай дзякуючы мастачцы Ксеніі Шталянковай. Паэзія ёсць памежная з'ява. Ты ідзеш асцярожненька, ступаючы то на адзін бок, то на другі, заглядваючы на цёмны бок самога сябе. Але ў той ж час спрабуеш не забыцца на свае светлыя бакі. Таму, я думаю, афармленне зборніка чорным і белым колерамі цалкам адпавядае сутнасці аўтара. Да таго ж у кнізе змешчаныя мае малюнкі», — распавёў Міхал Бараноўскі.

Паводле самого паэта, чытач не знойдзе ў кнізе адказаў на пытанні. Нават сэнс назвы паэтычнага зборніка «VOLUMEN.1» можна прачытваць па-рознаму. Напрыклад, тут бачацца словы «гук», «святло», «рукапіс».

Кніга «Volumen 1» складаецца з трох частак: «Месца моцы», «Краг-крых» і «З.З.Ы.» У іх Міхал Бараноўскі спрабуе разабрацца з пытаннем Радзімы і філасофскім пытаннем я-«я», разважае над невытлумачальнай і невымоўнай сілай, якая завецца Бог.

Кнігу вершаў аўтар прысвяціў бацькам. Паводле Міхала, ён вельмі ўдзячны ім за падтрымку, хоць яны і далёкія ад літаратуры людзі, усё жыццё прапрацавалі на мінскім заводзе лядоўняў.

Міхал Бараноўскі не толькі паэт, але і адданы прыхільнік творчасці Максіма Багдановіча, працуе ў музеі класіка. З гуртом «Нельга забыць» спяваў песні на словы Багдановіча.

Юлія Мацук, дарадца і карэктар кнігі «Volumen 1», Ксенія Шталянкова, якая рабіла макет і вёрстку кнігі, а таксама паэт Міхал Бараноўскі

Міхал расказаў, што не ўсе вершы пішуцца ў свядомым стане. Аднойчы паэт прысніў сон, у якім незнаёмы стары напяваў словы. Калі хлопец прачнуўся, то ўзнавіў іх у памяці і запісаў. Гэтак стварыўся верш «Чаромха», які спяе Бараноўскі. Паслухаць гэты ды іншыя вершы паэта можна ў суполцы ў «УКантакце».

Прэмія з характарам

Паводле заснавальніка дабрачыннага фонду «Вяртанне» Паўла Бераговіча, «Прэмія не старэе, а засвойвае новыя літаратурныя жанры, такія як фэйсбук-дзённік ды зомбі-хорар».

Пісьменнік Уладзімір Арлоў, заснавальнік фонду «Вяртанне» Павел Бераговіч і выдавец Іван Кобзік

Прэмія «Дэбют» імя Максіма Багдановіча існуе сем гадоў, і літаратурнае жыццё ўжо немагчыма ўявіць без яе. Была заснаваная ў 2010 годзе Беларускім ПЭН-цэнтрам, Дабрачынным фондам «Вяртанне» і Саюзам беларускіх пісьменнікаў.

Ганна Янкута, намесніца старшыні Беларускага ПЭН-цэнтра, заўважыла, што ў прэміі ёсць свой характар, які штогод набывае новыя рысы.

«Многія кнігі з шорт-ліста ўжо сталі падзеяй, бо маюць сваю гісторыю. З кожным годам дэбютанты становяцца ўсё больш моцнымі», — падзялілася Ганна Янкута.

Самай складанай намінацыяй для сяброў журы была «Паэзія». Сёлета ўсе тры паэты трапіліся вельмі моцныя.

«Вельмі прыемна, што ёсць з каго выбіраць пераможцаў і з кожным годам дадаецца ўсё больш годных кніг. Цешыць і тое, што не бракуе журы. У Беларусі з'яўляецца ўсё больш і больш не толькі гледачоў у зале прэміі „Дэбют“, але і чытачоў кніг. Гэта факт. І гэта, відаць, самая галоўная перамога, бо кнігі чытаюць. Цудоўна, што расце рэальная змена пісменнікаў, якія прабіваюць сцяну рускамоўнага адукацыйнага балота, маюць ахвоту пісаць па-беларуску. І маюць дастаткова сур’ёзны ўзровень, каб трапляць у шорт-лісты прэміяў. Падтрымка маладых пісменнікаў — гэта тое сімпатычнае, што мае аб’ектыўную каштоўнасць», — сказаў Усевалад Сцебурака.

Па заканчэнні цырымоніі ўзнагароджаньня лаўрэатаў літаратурнай прэміі «Дэбют» на вуліцы Кастрычніцкай, каля сядзібы творчай прасторы «ЦЭХ», людзьмі ў цывільным быў затрыманы кнігараспаўсюднік Алесь Яўдаха. Сведкам стаў намеснік старшыні Саюзу беларускіх пісменнікаў і вядоўца імпрэзы «Дэбют» Усевалад Сцебурака:

«Нас, арганізатараў, заставалася зусім мала, мы выносілі гукаўзмацняльную апаратуру. І тут на нашых вачох некалькі мужчынаў накінуліся на Алеся і запхнулі яго ў машыну».

Неўзабаве пасля здарэння ў Ленінскі РАУС прыбылі бацька і сябры Яўдахі.

Свабода сочыць за лёсам затрыманага.

Бацька Алеся Анатоль Яўдаха напісаў заяву пра выкраданне сына ў Ленінскі РУУС, бо захоп адбыўся на тэрыторыі Ленінскага раёну Мінска.

Марына Яўсейчык для Радыё Свабода