Конкурс «Заспявай.BY» стартуе ў новым фармаце 4X4

Партал Tuzin.fm разам з дабрачынным фондам «Вяртанне» і кампаніяй «Будзьма беларусамі!» абвяшчаюць чацвёрты сезон конкурсу «Заспявай» для маладых выканаўцаў ад 18 да 30 гадоў. Сёлета ён пройдзе ў новым фармаце.

На гэты раз будзе толькі адна намінацыя — «Спяваная паэзія». Удзельнікам прапануецца абраць верш сучаснага паэта і выканаць яго на сваю музыку (гуртом ці самастойна ў суправаджэнні якога-заўгодна музычнага інструмента). Прымаём заявы да 1 мая 2017 года ўключна на мэйл konkurs.zaspiavaj@gmail.com з пазнакаю «Заява на конкурс-2017».

З усіх пададзеных заяваў журы адбярэ 4 фіналісты (і 4 запасныя). З кожным з гэтых выканаўцаў (гуртоў) будзе працаваць свой ментар з сябраў журы. Фіналістаў чакае кароткая, але насычаная навучальная сесія з лекцыямі, майстар-класамі ды практычнымі заняткамі (папярэдне — у другой палове мая). Цягам лета кожны з фіналістаў з улікам атрыманых ведаў дапрацоўвае конкурсную песню пры падтрымцы свайго ментара і запісвае яе ў студыі.

Увосень адбудзецца прэм’ера чатырох студыйных песень фіналістаў «Заспявай-4x4». Таксама для кожнага з фіналістаў мы зладзім «выпускны канцэрт» пры падтрымцы вядомага беларускага гурта. Па выніках студыйнай працы і жывога выступу журы вызначыць пераможцу конкурсу «Заспявай 4x4». Яго імя будзе названае на фінальным канцэрце праекту, які пройдзе не пазней за 1 лістапада 2017 года.

Фіналісты атрымаюць каштоўныя веды, досвед і магчымасць зрабіць студыйную версію, быць можа, свайго першага хіта. Пераможцу акром тэорыі і практыкі чакае прыз у 1000 BYN (каля 500 еўра) на рэалізацыю сваёй далейшай творчай задумы, а на яго конкурсную песню будзе зняты кліп рэжысёрам Арцёмам Лобачам.

«ЗАСПЯВАЙ-4X4» У ПЫТАННЯХ І АДКАЗАХ:

Хто можа ўдзельнічаць у конкурсе?

Сёлета ўстанаўліваем узроставы цэнз: 18—30 гадоў (уключна). У выпадку музычных гуртоў гэтае правіла таксама мусіць выконвацца — узрост удзельнікаў не мусіць перавышаць азначаны цэнз. Перавага будзе аддадзена заявам тых выканаўцаў, якія не маюць афіцыйна выдадзеных альбомаў і сольных канцэртаў, а таксама тым, хто не з'яўляецца пераможцамі/лаўрэтамі ранейшых конкурсаў «Заспявай».

Увага! Усе пададзеныя творы мусяць быць заспяваныя адмыслова да конкурсу «Заспявай-4». Якасць запісу значэння не мае.

Якога паэта лічыць сучасным?

Сучасна могуць гучаць і вершы Купалы з Багушэвічам. Але мы хочам звярнуць увагу на паэзію нашых дзён. Таму ў кантэксце конкурсу пад «сучасным паэзіяй» маем на ўвазе творы, напісаныя ў апошнія 30 гадоў (з 1987 года), якія былі выдадзеныя ў зборніках паэзіі, надрукаваныя ў літаратурных выданнях або змешчаныя на спецыялізаваных літаратурных сайтах.

Ці можна падаць песню на ўласны верш?

Калі вы сам паэт і выканаўца сваіх вершаў і ўсе астатнія патрабаваньні выконваюцца (узрост, публікацыі, адмыслова напісаная песьня), то чаму не?

ВАЖНА! Як афармляць заяўку

У ліст з пазнакаю «Заява на конкурс-2017» просім прыкласьці 3 файлы:

1. тэкст Word/GoogleDocs, у якім пазначыць:

— дадзеныя пра ўдзельніка (-аў): імя і прозьвішча, узрост, месца вучобы/працы, кантактны адрас і тэлефон (калі заява падаецца ад гурта, то ўказваюцца звесткі ўсіх яго ўдзельнікаў)

— інфармацыя пра выканаўцу/гурт (год заснавання, стыль, дасягненні) і спасылкі на прыклады ўласнай творчасці (пры наяўнасці аўдыё і відэа)

— сціслае апісанне (да 5 сказаў) чаму вырашылі паўдзельнічаць у конкурсе

— тэкст праспяванай песні з указаннем аўтара музыкі і словаў

2. дэма-запіс песні для ўдзелу ў конкурсе ў фармаце MP3 320 kbps

3. фота выканаўцы ці гурта

Як і калі будуць вызначацца фіналісты?

Дасланыя кампазіцыі разгледзіць журы, у якое ўвойдуць запрошаныя эксперты і арганізатары конкурсу. На этапе выбару фіналістаў яны будуць звяртаць увагу на арыгінальнасць музычнай падачы ды гарманічнае спалучэнне музыкі і слова.

Паводле галасавання журы будзе названы шорт-ліст конкурсу, у які ўвойдуць чатыры фіналісты конкурсу і чатыры запасныя. Спіс будзе апублікаваны на парталах Tuzin.fm, Viartannie.by, а таксама на рэсурсах партнёраў праекту не пазней за 20 мая. Фіналісты атрымаюць права ўзяць удзел у навучальнай сесіі «Заспявай 4x4».

Дзеля чаго мы робім гэты конкурс?

Мы хочам злучыць сучасную паэзію і музыку ў адзінае цэлае. З аднаго боку адкрыць для маладых музыкаў свет беларускай сучаснай паэзіі, а з другога паспрыяць таму, каб добрыя вершы сталі песнямі.

Далучайцеся да афіцыйных суполак конкурсу ў Facebook i УКантакце.

Конкурс «Заспявай.BY» быў заснаваны ў 2014 годзе дабрачынным фондам «Вяртанне» і музычным парталам Tuzin.fm. Яго мэта — заахвоціць маладых выканаўцаў звяртацца да беларускай мовы і паэзіі ў сваёй творчасці.

2014. Прыз уручаўся ў намінацыі «Спяваная паэзія». Уладальнікам Гран-пры стаў Віталь Варанко за песьню «Вяртайся!» на словы Віталя Рыжкова. Лаўрэатамі сталі Лізавета Леўчык за песню «Адзінота» на верш Тацяны Сапач і Юры Касцень (SP Kava) за песню «Эндшпіль» на верш Андрэя Адамовіча.

2015. Прыз уручаўся ў дзвюх намінацыях — «Спяваная паэзія» і «Кавер». Уладальнікам Гран-пры стаў гурт Navi за песню «Плакалі ветры» на словы Паўлюка Труса ў намінацыі «Спяваная паэзія» і за песню «Жар-птушка» ансамбля «Сябры» (словы Генадзя Бураўкіна, музыка Эдуарда Ханка) у намінацыі «Кавер». Лаўрэатамі сталі Марына Вярэніч за песню «Чаму мы стрэліся не ў час?» на верш Таццяны Дзям’янавай у намінацыі «Спяваная паэзія» і Яўген Цярэнцьеў (гурт Teleport) за песню «Зачараваная» ансамбля «Песняры» (словы Генадзя Бураўкіна, музыка Ігара Лучанка) у намінацыі «Кавер».

2016. Прыз уручаўся ў трох намінацыях — «Спяваная паэзія», «Беларускі кавер» і «Замежны пераклад». У «Спяванай паэзіі» перамагла Pauline з песняй на верш Ірыны Багдановіч «Людзі, дзе вы?». У намінацыі «Беларускі кавер» найлепшым прызналі гурт Leibonik за арыгінальную інтэрпрэтацыю хіта гуртау «Мроя» — «Я рок-музыкант». У намінацыі «Замежны пераклад» не было роўных беларускай версіі хіта Эраса Рамацоцці «За табой» ў перакладзе Мікіты Найдзёнава і ў выкананні Дзмітрыя Нікановіча і Вольгі Сацюк.

Tuzin.fm