Абвешчанае журы прэміі Цёткі

Сёлета ў журы, што будзе абіраць пераможцаў у намінацыях “Найлепшы твор для дзяцей і падлеткаў” і “Найлепшае мастацкае афармленне кнігі” ўвайшлі: 

Пісьменнікі і рэдактары

Пятро Васючэнка – пісьменнік, літаратуразнаўца, крытык, педагог, аўтар казак і п’ес для дзяцей “Прыгоды паноў Кубліцкага і Заблоцкага”, “Маленькі збраяносец” і інш.

Вольга Гапеева – пісьменніца, перакладчыца, лінгвістка, выкладчыца, аўтарка кніг для дзяцей “Сумны суп” і “Дзве авечкі”.

Вера Жыбуль (Бурлак) – паэтка, перакладчыца, музыка, даследчыца літаратуры для дзяцей, аўтарка манаграфіі “Детская поэзия Серебряного века: модернизм”, перакладчыца казкі Льюіса Кэрала “Скрозь Люстэрка, і Што ўбачыла там Аліса”.

Вольга Мазурава – рэдактарка дзіцячага альманаха “Гарбузік”, сябра Таварыства беларускай школы, рэдактарка сайта nastaunik.info.

Андрэй Хадановіч – паэт, перакладчык, аўтар зборніка вершаў для дзяцей “Нататкі таткі”.

Мастакі

Васіліса Паляніна-Календа – мастачка, ілюстратарка кніг і часопісаў, аўтарка ілюстрацый да “Казак” братоў Грымаў.

Валерый Славук – мастак, ілюстратар, педагог, прафесар, аўтар ілюстрацый да кніг “Піліпка-сынок” , “Шляхціц Завальня, або Беларусь у фантастычных апавяданнях” Я. Баршчэўскага, “Чароўны свет” і інш., лаўрэат шэрагу прэмій, у тым ліку Дзяржаўнай прэміі Беларусі, заслужаны дзеяч мастацтваў Рэспублікі Беларусь.

Тамара Шэлест – мастачка, аўтарка ілюстрацый да кніг “Мовы ўсяго жывога”, “Сарамлівы памідор”, “Першая прыгажуня”, “Нарочанские сказки”, лаўрэатка шэрагу конкурсаў.

У кожнай намінацыі будзе вызначацца адзін пераможца, які атрымае грашовую ўзнагароду, эквівалентную 2000$. Падаць кнігу на прэмію можна да 31 студзеня 2017 года праз афіцыйны сайт ciotka.by.

Прэмія была заснаваная ў 2015 годзе Беларускім ПЭН-цэнтрам, фондам “Вяртанне” і Саюзам беларускіх пісьменнікаў. Папярэднія пераможцы прэміі: Надзея Ясмінска, аўтарка кнігі “Сем ружаў”, і Кацярына Дубовік — яе ілюстратарка (выдавецтва “Галіяфы”).

Арганізатары