У Мінску ўручылі першую Прэмію імя Карласа Шэрмана найлепшаму перакладчыку

Увечары 25 кастрычніка ў мінскім Прэс-клубе прайшло ўручэнне прэміі імя Карласа Шэрмана за найлепшую перакладную кнігу 2015 года.

Сузаснавальнікі прэміі - Саюз беларускіх пісьменнікаў, Беларускі ПЭН-цэнтр і Мясцовы дабрачынны фонд «Вяртанне».

Прэмія нездарма носіць імя Карласа Шэрмана. Шэрман, які нарадзіўся ва Уругваі, перакладаў з іспанскай на беларускую, быў заснавальнікам і віцэ-прэзідэнтам беларускага ПЭН-цэнтру. Дарэчы, прэмія ўручалася менавіта ў дзень народзінаў Карласа Шэрмана.

Сябра журы Лявон Баршчэўскі, фота svaboda.org


Усяго сёлета на конкурс была дасланая 21 кніга. Іх пераклалі з 8 моў 34 перакладчыкі і выдалі 7 выдавецтваў. У кароткі спіс увайшлі шасцёра: Павел Касцюкевіч з перакладам з англійскай мовы кнігі Дугласа Адамса «Аўтаспынам па галактыцы» (Логвінаў); Францішак Корзун з перакладам з англійскай мовы кнігі Клайва Стэйплза Льюіса «Лісты Круцяля» (Галіяфы); Якуб Лапатка з перакладам з фінскай мовы кнігі «Калевала» (Зміцер Колас); Алесь Пяткевіч з перакладам з польскай мовы кнігі Сяргея Пясецкага «Багам ночы роўныя» (ТАА «Гайсак»); Сяргей Сматрычэнка з перакладам з чэшскай мовы кнігі Іржы Кратахвіла «Ляжаць, шэльма!» (Логвінаў); Юлія Сматрычэнка з перакладам з чэшскай мовы кнігі Патрыка Оўржэдніка «Еўрапеана. Кароткая гісторыя дваццатага стагоддзя» (Логвінаў).

Сябра журы і вядоўца імпрэзы Андрэй Хадановіч.

Выбіралі пераможцу Лявон Баршчэўскі, Зміцер Колас, Уладзімір Папковіч, Андрэй Хадановіч і Юля Цімафеева. На думку журы, найлепшым перакладчыкам мінулага года быў Якуб Лапатка, які пераклаў на беларускую знакаміты фінскі эпас.

Пераможца таксама атрымаў чэк ад Фонду «Вяртанне» на суму ў 3900 рублёў.

Лаўрэат першай Прэміі імя Карласа Шэрмана Якуб Лапатка атрымлівае чэк ад фонду "Вяртанне".

«Калевалу» я пераклаў ад злосці. Адзін чалавек мне сказаў калісьці — што за мова такая, беларуская, калі на ёй няма класікаў, напрыклад, Сервантэса? Я раззлаваўся. Спачатку я ўзяўся за Сервантэса… але «не пасябраваў» з ім. А вось з «Калевалай» атрымалася», — сказаў Якуб Лапатка.

Акрамя таго, уручылі яшчэ дзве прэміі. Беларускі ПЭН-цэнтр узнагародзіў прэміяй імя Францішка Багушэвіча Святлану Марозаву, даследчыцу з Гродна, за кнігу «Сваёй веры ламаць не будзем», і Дзяніса Лісейчыкава, намесніка дырэктара Нацыянальнага гістарычнага архіва, за кнігу «Святар у беларускім соцыуме: прасапаграфія ўніяцкага духавенства 1596-1839 гг.».

Улад Швядовіч, фота Мікіты Недаверкава, Наша Ніва