Прайшло ўручэнне прэміі «Заспявай 2.0»

Закончыўся другі сезон музычнага конкурсу «Заспявай 2.0», які праводзіць партал «Тузін гітоў» сумесна з дабрачынным фондам "Вяртанне". Аргкамітэт конкурсу вызначыў уладальніка Гран-Пры, двух лаўрэатаў, а таксама адзначыў спецыяльнымі ўзнагародамі яшчэ трох выканаўцаў. Узнагароджванне пераможцаў прайшло 28 верасня ў кнігарні «ЛогвінаЎ».

Конкурс «Заспявай 2.0» стартаваў сёлета ўвесну. Маладым выканаўцам (да 27 гадоў) прапаноўвалася паўдзельнічаць у дзвюх намінацыях — «Спяваная паэзія» і «Кавер». Усяго было пададзена 50 заяваў: 23 — на «Кавер», 34 — на «Паэзію». Некаторыя выканаўцы бралі ўдзел адразу ў абедзвюх намінацыях.

Гурт Navi падчас уручэння прэміі.

Лаўрэатам конкурсу «Заспявай 2.0» стаў Яўген Цярэнцьеў (гурт "Teleport") за песню «Зачараваная» ансамблю «Песняры» (словы Генадзя Бураўкіна, музыка Ігара Лучанка). Выканаўца атрымаў грашовую ўзнагароду ў 250 еўра (у эквіваленце). Лаўрэаткай конкурсу «Заспявай 2.0» стала Марына Вярэніч за песню «Чаму мы стрэліся няўчас» на верш Таццяны Дзям’янавай у намінацыі «Спяваная паэзія». Спявачка атрымла грашовую ўзнагароду ў памеры 250 еўра. Гран-Пры конкурсу «Заспявай 2.0» забраў гурт Navi за песню «Плакалі ветры» на словы Паўлюка Труса ў намінацыі «Спяваная паэзія» і за песню «Жар-птушка» ансамблю «Сябры» (словы Генадзя Бураўкіна, музыка Эдуарда Ханка) ў «Кавер».Музыкі атрымалі грашовую ўзнагароду ў памеры 500 еўра.

Марына Вярэніч.
Яўген Цярэнцьеў.

Pauline ўзнагародзілі за песню «Малітва» на верш Янкі Купалы ў намінацыі «Спяваная паэзія». Украінскі гурт «Колір» — за песню «Застацца сабой» на верш Андрэя Аляксандрава. "К3tyvana" — за песню «Skyfall» брытанскай спявачкі Аdele ў перакладзе на беларускую мову ў намінацыі «Кавер».

Такія рашэнні прымала журы, у якое ўвайшлі Ігар Варашкевіч, Валеры Дайнека, Алег Хаменка, Адам Глобус, Віталь Рыжкоў, Максім Жбанкоў, Тацяна Заміроўская, Павал Бераговіч, Ніна Шыдлоўская і Сяргей Будкін, вызначыла па шэсць фіналістаў у кожнай з намінацыяў. Пераможцы атрымалі магчымасць выступіць ужывую пры падтрымцы вядомых беларускіх гуртоў. Цягам амаль усяго лета ў дворыку на плошчы Свабоды, 4, на тэрасе кавярні «Chill Out» праходзіла серыя з 12 канцэртаў.

Пасля цырымоніі ўзнагароджвання музыкі Navi далі невялічкі імправізаваны канцэрт.

 

Павел Аксіновіч, Новы час