Названыя пераможцы «Заспявай 3.0», канцэрт-узнагароджанне - 22 кастрычніка

Гурты Pauline, Leibonik, а таксама трыа Дзмітрый Нікановіч, Вольга Сацюк і Мікіта Найдзёнаў сталі пераможцамі конкурсу маладых выканаўцаў «Заспявай 3.0», які праводзяць партал Tuzin.fm i фонд «Вяртанне». Узнагароджанне з канцэртам пройдзе 22 кастрычніка ў клубе «Coyote» пры ўдзеле гурту Navi.

Журы конкурсу маладых выканаўцаў «Заспявай 3.0» назвала пераможцаў у трох намінацыях. У «Спяванай паэзіі» перамагла Pauline з песняй на верш Ірыны Багдановіч «Людзі, дзе вы?».

У намінацыі «Беларускі кавер» найлепшым прызналі гурт Leibonik за арыгінальную інтэрпрэтацыю хіта гурту «Мроя» — «Я рок-музыкант».

У намінацыі «Замежны пераклад» не было роўных беларускай версіі хіта Эраса Рамацоці ў перакладзе Мікіты Найдзёнава і ў выкананні Дзмітрыя Нікановіча і Вольгі Сацюк.

Названыя выканаўцы падзеляць між сабою прызавы фонд конкурсу, які складае 1500 еўра.

«Усе 18 удзельнікаў апошняга этапа конкурсу могуць лічыць сябе пераможцамі, бо менавіта іх песні былі адабраныя з 78 пададзеных заяваў. Яны атрымалі цудоўную магчымасць паказаць сябе ўжывую і займець новых прыхільнікаў на фінальных канцэртах, якія ішлі цэлае лета. І ў выніковым галасаванні балы адрозніваюцца зусім нязначна. Таму я віншую названых пераможцаў разам з тымі, хто прайшоў у фінал», — сказаў старшыня журы конкурсу «Заспявай 3.0» Алег Хаменка. У журы таксама ўвайшлі беларускія музыкі, паэты, перакладчыкі і арганізатары конкурсу: Лявон Вольскі, Уладзь Лянкевіч, Ганна Янкута, Сяргей Пукст, Віталь Рыжкоў, Андрэй Хадановіч, Глеб Лабадзенка, Сяргей Балахонаў, Яўген Карпаў, Сяргей Будкін, Павел Бераговіч (Падкарытаў). 

Выніковы канцэрт «Заспявай 3.0» пройдзе 22 кастрычніка ў клубе «Coyote». На ім таксама будуць названыя пераможцы глядацкага галасавання, якое праводзілася на сайце Talaka.by. Акром сэтаў ад Pauline, Leibonik, трыа Нікановіч-Сацюк-Найдзёнаў у гэты вечар чакаецца выступ гурту Navi — пераможцаў леташняга конкурсу «Заспявай».

3.0»: Pauline, Leibonik, Дзмітрый Нікановіч Вольга Сацюк Мікіта НайдзёнаўПры ўдзеле гурта Navi. Кошт квіткоў: 10 руб. (танцпляц), 15 руб. (столік)— папярэдне, 15 руб. (танцпляц), 20 руб. (столік) — у дзень. Інфа: +375 29 687-20-93.

ЗАМОВІЦЬ КВІТКІ ОН-ЛАЙН

Тузін Гітоў, Фонд "Вяртанне"