Статут літаратурнай Прэміі імя Карласа Шэрмана

1. Прэмія за найлепшую кнігу ў жанры мастацкага перакладу заснаваная ў гонар выдатнага беларускага літаратурнага перакладчыка Карласа Шэрмана (1934 – 2005) і носіць яго імя.

2. Сузаснавальнікамі прэміі з’яўляюцца ГА “Саюз беларускіх пісьменнікаў”, ГА “Беларускі ПЭН-цэнтр” і Дабрачынны фонд “Вяртанне”.

3. Прэмія імя Карласа Шэрмана за найлепшую кнігу ў жанры мастацкага перакладу (надалей – Прэмія) уручаецца за мастацкую перакладную кнігу, перакладзеную на беларускую мову і выдадзеную ў папяровым ці электронным выглядзе ў годзе, што папярэднічае году намінацыі на гэтую прэмію. Узнагароду атрымлівае перакладчык кнігі. У выключных выпадках, калі пераклад рабіўся некалькімі асобамі, прэмія можа быць падзеленая паміж імі.

4. Уручэнне Прэміі адбываецца раз на год. Лаўрэат (лаўрэаты) прэміі атрымоўваюць адмысловы дыплом і чэк на суму, эквівалентную 2 000 у. а. У выпадку, калі названыя два або болей лаўрэатаў, прэміяльная сума дзеліцца ў роўных долях паміж імі.

5. Правам намінавання на Прэмію валодаюць выдаўцы, творчыя аб’яднанні, аргкамітэт Прэміі, члены журы і самі перакладчыкі. На іх ляжыць абавязак прадставіць у вызначаныя тэрміны на разгляд журы Прэміі электронныя pdf-версіі і, калі кніга выдавалася ў папяровым выглядзе, вызначаную колькасць папяровых асобнікаў намінаваных кніг.

6. Прэмія ўручаецца пастановай журы, склад якога штогод абнаўляецца. Журы конкурсу фармуецца і зацвярджаецца аргамітэтам Прэміі. У выпадку рознагалоссяў наконт складу журы вырашальным з’яўляецца голас старшыні праўлення дабрачыннага фонду “Вяртанне”.

7. Журы прымае рашэнні на падставе гэтага Статута Прэміі. Па пытаннях, не ўрэгуляваных Статутам, журы прымае рашэнні згода з уласным меркаваннем, кіруючыся прынцыпамі слушнасці, характарам прэміі і яе падставаў. Журы прымае рашэнні на пасяджэннях у форме пастаноў адкрытым галасаваннем простай большасцю галасоў.

8. Каардынатар Прэміі прызначаецца аргкамітэтам. У абавязкі каардынатара ўваходзіць:

а) падрыхтоўка інфармацыйных матэрыялаў для членаў журы пра заяўленыя да ўдзелу ў прэміі кнігі;

б) складанне пратаколаў пасяджэння журы;

в) пастаянны кантакт з членамі журы, у тым ліку інфармаванне іх пра тэрміны і парадак дня пасяджэння;

г) арганізацыя бягучай работы журы і рэагаванне на прынятыя ім рашэнні;

д) арганізацыя і каардынацыя ўсіх відаў работ, звязаных з Прэміяй.

9. Рашэнне журы наконт прысуджэння (або непрысуджэння) Прэміі з’яўляецца канчатковым і не можа быць абскарджанае.