Лявон Вольскі і фіналісты "Заспявай.BY": апошні канцэрт серыі пройдзе 19 жніўня

19 жніўня ў дворыку на плошчы Свабоды, 4 адбудзецца апошні канцэрт фіналістаў конкурсу, у якім возьмуць удзел Leibonik, Фёдар Жывалеўскі з гуртом "Голая манашка" і Віктар Лупасін. Адмысловым госцем будзе Лявон Вольскі.

Легальных канцэртаў у Мінску Лявон Вольскі не даваў больш за два гады — музыка апошнім часам выступае альбо на закрытых вечарынах, альбо на спантанных акцыях — варта згадаць ягоны канцэрт у падземным пераходзе ці проста ў полі ў мікрараёне Сухарава. На выступ музыкі на канцэрце "Заспявай 3.0" мінскія ідэолагі выдалі гастрольнае пасведчанне. Адмыслова дзеля такой нагоды Tuzin.fm склаў кампіляцыю, у якую ўвайшлі  песні Лявона Вольскага, якія былі прэзэнтаваныя на Tuzin.fm, а таксама тыя творы, якія ўвайшлі ў апытанне "100 найвялікшых беларускіх песень".

У гэты вечар гледачоў таксама чакае выступ гурта Leibonik, які прэтэндуе на перамогу ў намінацыі "Беларускі кавер". Уладальнікі тытула "Адкрыццё года" ў беларускай музыцы (2014) пераспявалі акурат песню Лявона Вольскага з часоў гурта "Мроя" — "Я рок-музыкант". "Мы абралі для выканання твор, на якім выраслі самі і які шмат у чым для нас з'яўляецца ўзорам класічнага беларускага року. Спадзяемся, Лявон Артуравіч не пакрыўдзіцца на нашу вольную інтэрпрэтацыю", — кажа Сяргей Башлыкевіч, які адмыслова да гэтай версіі дапісаў свой куплет. Сярод найлепшых яе назвалі сябры журы Сяргей Балахонаў і Віталь Рыжкоў.

У канцэрце таксама возьме ўдзел фаварыт у намінацыі «Спяваная паэзія» Фёдар Жывалеўскі, які паклаў на музыку верш Змітра Вішнёва "Танец-фрык". "Музычная стылістыка песні — найбліжэйшая да апошніх аўтарскіх песень з новага рэпертуару майго гурта "Голая манашка", — распавядае Фёдар. — Ідэя трэку — у раскрыцці сучаснай беларускай паэзіі ад адмыслоўцаў літаратурнага перформансу для шырокай аўдыторыі». У ліку найлепшых гэтую песню назвалі сябры журы Уладзь Лянкевіч і Алег Хаменка.

Трэцім фіналістам, які выступіць у гэты вечар, будзе Віктар Лупасін — выканаўца ў арыгінальным жанры, які ён сам вызначае як «дэтанальны чылаўт». Ён трапіў у фінал у намінацыі «Замежны пераклад» з беларускім пераасэнсаваннем «Bohemian Rhapsody» гурта Queen. Песню сярод найлепшых назвалі ў прыватнасці Андрэй Хадановіч і Ганна Янкута.

За ўсіх фіналістаў конкурсу можна таксама прагаласаваць на сайце Talaka.by, дзе ідзе вызначэнне найлепшага на меркаванне народнага журы.

Весці канцэрт «Заспявай 3.0» будзе Алег Хаменка. У продажы толькі 80 квіткоў — 20 месцаў за столікамі і 60 на танцпляц.

 

НАБЫЦЬ КВІТКІ

УВАГА! У ВЫПАДКУ ЗАБАРОНЫ КАНЦЭРТА, НАБЫТЫ КВІТОК БУДЗЕ ДЗЕЙНІЧАЦЬ ЯК СЕРТЫФІКАТ НА ПАКУПКУ Ў КРАМЕ SYMBAL.BY

 

19.08. Мінск, Chill Out (плошча Свабоды, 4, унутраны дворык). 19.00-22.00. Лявон Вольскі + фіналісты «Заспявай 3.0»: Leibonk, Фёдар Жывалеўскі, Віктар Лупасін. Кошт квіткоў: 20 руб. (папярэдне, танцпляц), 25 руб. (папярэдне, месца за столікам). Інфа: +375 29 687-20-93.

 

Tuzin.fm