Re1ikt выступіць разам з фіналістамі «Заспявай 3.0» - 5 жніўня

Гурт Re1ikt выступіць разам з Янам Жанчаком, Яўгенам Цярэнцьевым (гурт Teleport) і гуртом U.G.Oslavia.

Гурт Re1ikt сабраў усе магчымыя ў Беларусі ўзнагароды ў апошнія гады. Cёлета іх праца «Лекавыя травы» была названая іншымі беларускімі музыкамі «Альбомам года» на прэміі Rock Profi, а сам гурт названы «Артыстам года». На ўзнагародах Experty.by гэты ж альбом быў прызнаны найлепшым рок-альбомам, а таксама альбомам года па дзвюх версіях — штатных экспертаў і народных экспертаў. А да гэтага гурт перамог у шэрагу беларускіх і польскіх фэстаў, а таксама атрымаў званне «Герояў года» ад Tuzin.fm. 5 жніўня музыкі сыграюць акустычную праграму поўным складам, якая складаецца як з добра вядомых песень, так і нечаканых і рарытэтных трэкаў. Адмыслова да гэтага выступу Tuzin.fm склаў топ-12 найлепшых песень у выкананні самай магічнай рок-каманды краіны.м

У гэты вечар выступіць адзін з фаварытаў у намінацыі «Спяваная паэзія» Ян Жанчак. 32-гадовы выканаўца вядомы з удзелу ў такіх гуртах як «Песняры» (п/к Барткевіча), In Search For, Яnkey. Сёлета ён дэбютаваў з сваім сольным праектам. На конкурс спявак падаў песню «Успаміны», напісаную на верш бацькі, паэта Барыса Жанчака. Сярод фаварытаў конкурсу яе назвалі сябры журы Алег Хаменка і Яўген Карпаў. У выпадку перамогі, Ян хацеў бы ўкласці грошы, атрыманыя ў якасці прыза, у свой дэбютны сольны альбом.

5 жніўня выступіць з сэтам таксама адзін з прэтэндэнтаў на перамогу ў намінацыі «Замежны пераклад» Яўген Цярэнцьеў з гуртом Teleport. Летась выканаўца ўжо ўдзельнічаў у конкурсе і быў адзначаны ў ліку лаўрэатаў у намінацыі «Беларускі кавер» за інтэрпрэтацыю «песняроўскага» шэдэўра «Зачараваная». Гэтым разам Яўген падаў заяву адразу ў дзве намінацыі — у «Беларускі кавер» песню «Вераніка» (зусім крыху ёй не хапіла, каб трапіць у фінал), а ў «Замежны пераклад» — беларускамоўную версію песні расійскага гурта «Кипелов» — «Ноч у ліпні», дзякуючы якой і трапіў у другі раўнд конкурсу. Cярод найлепшых гэтую песню назвалі Сяргей Пукст і Павал Бераговіч (Падкарытаў). У выпадку перамогі Яўген хацеў бы ўкласці прызавыя грошы ў развіццё свайго гурта.

Трэцім з фіналістаў «Заспявай 3.0» у гэты вечар выступіць гурт, які прэтэндуе на перамогу ў намінацыі «Беларускі кавер» — U.G.Oslavia, які зрабіў сваю версію знакавай песні N.R.M. — «Фабрыка». Сярод сябраў журы яна надзвычай захапіла Глеба Лабадзенку і Ганну Янкуту. Сваю творчасць музыкі пазыцыянуюць як «рок-н-рол і бла-бла-бла», актыўна выступаюць, а летась былі намінаваныя на «Дэбют года» на прэміі Rock Profi. У выпадку перамогі ў конкурсе, музыкі мяркуюць зняць кліп.

Весці канцэрт «Заспявай 3.0» будзе Алег Хаменка. У продажы толькі 50 квіткоў.

За ўсіх фіналістаў конкурсу можна таксама прагаласаваць на сайце Talaka.by, дзе ідзе вызначэнне найлепшага на меркаванне народнага журы.

 

ЗАМОВІЦЬ КВІТКІ АН-ЛАЙН

5.08. Мінск, Chill Out (плошча Свабоды, 4, унутраны дворык). 19:00-22:00. Re1ikt + фіналісты «Заспявай 3.0»: Ян Жанчак, Яўген Цярэнцьеў і TeleportU.G.Oslavia. Кошт квіткоў: 10 руб. (папярэдне), 15 руб. (у дзень, пры наяўнасці). Інфа: +375 29 687-20-93.

Тузін Гітоў