Гурт BosaeSonca і фіналісты «Заспявай 3.0» выступяць 22 ліпеня

22 ліпеня летнюю серыю канцэртаў працягне гурт BosaeSonca разам з фіналістамі конкурсу «Заспявай 3.0» — Ганнай Крамер, Антосем Звычайным і Mk-band.

BosaeSonca апошнім часам выступае зрэдчас — іх вакаліст Алесь Кот-Зайцаў цяпер жыве ў Варшаве, а баяніст Алесь Ясінскі ў Празе. Сваіх мінскіх прыхільнікаў каманда парадавала канцэртам акурат год таму ўлетку. Але пры гэтым музыкі не збіраюцца разыходзіцца — летась яны прэзентавалі альбом «Unplugged-2», які стаў працягам выдатнага live-рэлізу «Адпусці». Песні з гэтых праграм стануць асновай сэт-ліста гурта на канцэрце 22 ліпеня. Tuzin.fm склаў топ-12 найлепшых песень у выкананні гэтай цудоўнай каманды.

Наогул жа гэты канцэрт фіналістаў будзе самым разнастайным. Антось Звычайны прадставіць свой праект у стылістыцы abstract/decadence hip-hop. Разам з Яўгенам Касцючэнкам ён прадставіў для намінацыі «Спяваная паэзія» сваё бачанне верша Уладзіміра Караткевіча «Быў.Ёсць.Буду» і трапіў у лік найлепшых. У ліку лідараў яго назвалі Андрэй Хадановіч і Сяргей Балахонаў. Цяпер Антось працуе над канцэптуальным рэлізам, куды ўвойдзе не толькі хіп-хоп альбом на ўласныя вершы і аўтарскую музыку, але і кніга — раман-антыўтопія, а таксама кароткаметражны фільм, як будзе дастаткова сродкаў. Таму перамога на «Заспявай» будзе для Антося вельмі дарэчы.

Ганна Крамер прэтэндуе на перамогу ў іншай намінацыі — «Беларускі кавер». Яна зрабіла для конкурсу сваю інтэрпрэтацыю песні гурта «Бонда» — «На станцыі Койданава». Для ўдзелу ў конкурсе «Заспявай 3.0» 30-гадовая вакалістка гурта «Мерада» сабрала сапраўды выдатны склад музыкаў. У запісе конкурснай песні ўзялі ўдзел басіст «J:Морс» Валеры Дасюкевіч (32 гады), гітарыст (+мандаліна) з «Мерады» Сяргей Бальцэвіч (30 гадоў), бубнач Дзмітры Дзядзечка (21 год) і скрыпач Віталь Хрушчоў (23 гады) з гурта «Эльдорадо», а на губным гармоніку падыграў гомельскі музыка Вадзім Міцько (28 гадоў). Песню, дарэчы, упадабалі аўтар словаў Адам Глобус і выканаўца арыгінала Ігар Варашкевіч. А ў лік фаварытаў яе паставілі сябры журы Глеб Лабадзенка і Сяргей Будкін.

Выступіць з сэтам і прэтэндэнт на перамогу ў намінацыі «Замежны кавер» — гурт «МК» з Беразіна, які пераклаў на беларускую песню Эрыка Клэптана «Change the World» — гэта частка іх праекта з працоўнай назвай «Парк імя Э. П. Клэптана», куды ўвойдуць іх пераасэнсаванні творчасці брытанскага музыкі. Усе песні перакладзеныя не літаральна, а з улікам мясцовага каларыту і гумару. Маюць музыкі ў рэпертуары і багата ўласных песень, прычым спяваюць толькі па-беларуску. Сярод іх — «Дзеўчына з айфонам», «Мінорны шлях», «Маладая Беларусь» (на верш Янкі Купалы). У склад гурту ўваходзяць Міхаіл Максімовіч, Канстанцін Уласевіч, Глеб Шаўчэнка і Міхаіл Лабунскі. У ліку фаварытаў у гэтай намінацыі гэты гурт назвалі сябры журы Віталь Рыжкоў і Уладзь Лянкевіч.

Весці канцэрт «Заспявай 3.0» будзе Алег Хаменка. У продажы толькі 50 квіткоў.

За ўсіх фіналістаў конкурсу можна таксама прагаласаваць на сайце Talaka.by, дзе ідзе вызначэнне найлепшага на меркаванне народнага журы.

ЗАМОВІЦЬ КВІТКІ АН-ЛАЙН

 

 

22.07. Мінск, Chill Out (плошча Свабоды, 4, унутраны дворык). 19:00-22:00. BosaeSonca + фіналісты «Заспявай 3.0»: Ганна Крамер, Антось Звычайны, гурт «МК». Кошт квіткоў: 10 руб. (папярэдне), 15 руб. (у дзень, пры наяўнасці). Інфа: +375 29 687-20-93.

 

 Tuzin.fm