Кася Камоцкая падтрымае фіналістаў «Заспявай 3.0» - 8 ліпеня

8 ліпеня ў дворыку на плошчы Свабоды, 4 свае найлепшыя песні зайграе першая беларуская рок-князёўна Кася Камоцкая. Разам з ёй у канцэрце возьмуць удзел фіналісты конкурсу «Заспявай 3.0» — гурты «Сон-трава», Bar Akaryna і Pauline.

З моманту спынення дзейнасці гурта «Новае Неба» Кася Камоцкая зрэдчас выходзіць на сцэну. Яна занялася кінадакументалістыкай і спявае толькі для сяброў. Выключэнні робяцца раз на некалькі гадоў. Сёлета спявачка вырашыла падтрымаць фіналістаў конкурсу «Заспявай 3.0». Яна выступіць разам з гітарыстам Сяргеем Скуратам.

Адкрые канцэрт паўгадзінным сэтам спявачка Pauline. Яна брала ўжо ўдзел у конкурсе «Заспявай» летась і была адзначаная адмысловым прызам журы. Сёлета Паліна Цімохіна падала ў намінацыю «Спяваная паэзія» песню на верш Ірыны Багдановіч, якая трапіла ў лік фіналістаў конкурсу. У лік найлепшых яе ўключылі лідар гурта «Палац» Алег Хаменка і рэдактар Tut.by Яўген Карпаў. У выпадку перамогі ў конкурсе, Паўліна збіраецца патраціць прызавыя грошы на запіс песень для свайго дэбютнага альбома.

Яшчэ адзін прэтэндэнт на перамогу ў намінацыі «Спяваная паэзія» — гурт «Сон-трава» таксама выступіць у гэты вечар з паўгадзінным сэтам. Яны паклалі на музыку верш Насты Кудасавай «Горадзе наш», якую высока ацаніла журы «Заспявай 3.0». У ліку фаварытаў гэты твор называюць Ганна Янкута і Сяргей Пукст. «У песні распавядаецца пра нейкую абмежаваную прастору, у якой як быццам бы ўсе павінны быць шчаслівымі, але вось гэтая гарадская закрытасць людзей, адасобленасць вымушае іх пакутаваць», — кажа спявачка Кацярына Гузоўская-Гара. Яна мае далейшыя планы да гэтага твору — дадаць у яе рытм-секцыю, бэк-вакалы, а і ў ідэале — аркестар Бабарыкіна. «Але на тое наўрад ці хопіць і прызавых грошай», — смяецца Кацярына.

Яшчэ адным выступоўцам у гэты вечар будзе фіналіст у намінацыі «Замежны пераклад» — гурт Bar Akaryna. Музыкі граюць у стылях фольк/рок/блюз/кантры, а іх рэпертуар складаецца як з аўтарскіх твораў, так і пераспеваў на беларускай твораў Барыса Грабеншчыкова, Боба Дылана, Віктара Цоя. Для «Заспявай 3.0» яны пераклалі песню Піта Сігера «Where Have All the Flowers Gone?» («Дзе кветкі ўсе»), які вылучылі сярод найлепшых у сваіх рэйтынгах журы Глеб Лабадзенка і Уладзь Лянкевіч.

Весці канцэрт «Заспявай 3.0» будзе Алег Хаменка. У продажы толькі 50 квіткоў.

За ўсіх фіналістаў конкурсу можна таксама прагаласаваць на сайце Talaka.by, дзе ідзе вызначэнне найлепшага па меркаванні народнага журы.

ЗАМОВІЦЬ КВІТКІ АНЛАЙН

8.07. Мінск, Chill Out (плошча Свабоды, 4, унутраны дворык). 19:00-22:00. Заспявай 3.0: «Сон-трава», Bar Akaryna і Pauline. Госць — Кася Камоцкая. Кошт квіткоў: 100 000 руб. (папярэдне), 150 000 руб. (у дзень, пры наяўнасці). Інфа: +375 29 687-20-93.

Тузін Гітоў