Новы фармат краўдфандынгу. Слухачы вызначаць фаварытаў конкурсу «Заспявай.BY»

На сайце Talaka.by стартавала народнае галасаванне за найлепшых удзельнікаў трэцяга конкурсу «Заспявай.BY».

Фіналістаў конкурсу «Заспявай 3.0» падтрымала Паліна Рэспубліка, якая выступіла 10 чэрвеня на тэрасе Chill Out.

У галасаванні бяруць удзел па шэсць фіналістаў у трох намінацыях конкурсу — "Спяваная паэзія", "Беларускі кавер" і "Замежны пераклад". Усе іх песні можна пачуць на старонцы праекта на Talaka.by. Каб аддаць свой голас за ўпадабаную кампазіцыю, трэба зрабіць грашовы ўнёсак. Па выніку галасавання пераможца ў кожнай намінацыі "сарве банк" — забярэ грошы на сваё далейшае творчае развіццё.

"Разам з праектам Talaka.by мы вырашылі зрабіць падвядзенне вынікаў у такім фармаце, каб кожны, хто сочыць за конкурсам, не проста мог выказаць свае сімпатыі, але рэальна падтрымаць таго артыста і песню, якая прыйшлася даспадобы. І тым самым паўплываць на будучыню беларускай музыкі, бо з такой падтрымкі могуць з'явіцца новыя песні, кліпы і музычныя праекты", — кажа кіраўнік конкурсу «Заспявай 3.0» Сяргей Будкін.

У такі спосаб найлепшых выканаўцаў вызначаюць у Беларусі ўпершыню. Гэта кампанія пакліканая паказаць яшчэ большыя магчымасці краўдфандынгу, патэнцыял якога ў нас пакуль не выкарыстоўваецца напоўніцу. "Разам з партнёрамі з Tuzin.fm, мы радыя прапанаваць беларусам новы фармат краўдфандынгу — "галасаванне рублём", — кажа заснавальнік Talaka.by Яўген Клішэвіч. — Гэта дае магчымасць не толькі адказна вызначаць пераможцаў у конкурсах новага тыпу, але і збіраць грошы на прызавы фонд. А для ўдзельнікаў такога тыпу галасавання — гэта шанец увайсці ў народнае журы і наўпрост уплываць на развіццё новых кірункаў творчасці".

Усіх фіналістаў конкурсу таксама можна паслухаць ужывую. Ва ўнутраным дворыку на плошчы Свабоды, 4 (тэраса кавярні "Chill Out") усё лета праходзяць канцэрты летняй серыі «Заспявай 3.0» пры падтрымцы вядомых выканаўцаў. 

CТАРОНКА КАМПАНІІ «ЗАСПЯВАЙ 3.0» НА TALAKA.BY

Тузін Гітоў