Серыю летніх канцэртаў «Заспявай 3.0» распачынае Паліна Рэспубліка – 10 чэрвеня

10 чэрвеня пройдзе першы канцэрт з летняй серыі «Заспявай 3.0». Выступяць фіналісты конкурсу гурт «Тутэйшыя», DW ды трыа Дзімы Нікановіча, Вольгі Сацюк і Мікіты Найдзёнава. Іх падтрымае спявачка Паліна Рэспубліка.

З пачаткам лета стартуе другі этап конкурсу «Заспявай 3.0». 18 выканаўцаў, адабраныя журы, атрымалі магчымасць выступіць ужывую ў самым цэнтры Мінска, на летняй тэрасе кавярні «Chill Out». Усяго запланавана шэсць канцэртаў, і кожны пройдзе пры падтрымцы вядомага госця. У першым канцэрце з гасцявым сэтам найлепшых песень выступіць Паліна Рэспубліка і фіналісты конкурсу – гурт «Тутэйшыя»DW ды трыа Дзімы Нікановіча, Вольгі Сацюк і Мікіты Найдзёнава.

Гурт «Тутэйшыя» прэтэндуе на перамогу ў намінацыі «Беларускі кавер». Сябры журы вылучылі іхны кавер на песню «Чырвоны дыск Сонца» гурта «Без билета». Лідарка гурта Таццяна Казановіч пераклала яе на беларускую. Гурт «Тутэйшыя» ўтварыўся ў 2014 годзе, а канчаткова склад аформіўся летась. Музыкі выконваюць свае песні на беларускай мове ў стылях кантры, фольк, поп-рок. Бліжэй з іх творчасцю можна пазнаёміцца ў афіцыйнай суполцы. Грошы, атрыманыя ў якасці прыза, музыкі хацелі бы ўкласці ў запіс свайго дэбютнага альбома. 

Дуэт DW – адзін з фіналістаў у намінацыі «Замежны пераклад». Яны зрабілі беларускую версію хіта «So far» ізраільскага гурта Habanot Nechama. Дуэт складаецца з 18-гадовага Дзяніса Нікольскага і 24-гадовага Аляксея Варавіна. Хлопцы граюць разам з мінулага года. У сваёй музыцы арыентуюцца на соўл, блюз і акустычную музыку. Толькі пачалі рэалізоўваць свой творчы патэнцыял, таму лічаць, што ўласныя песні ёсць іхным галоўным дасягненнем. Удзельнікі дуэта мараць пра музычнае падарожжа. Каб ездзіць з горада ў горад і выступаць у розных нечаканых месцах. На здзяйсненне гэтай мары яны б і патрацілі прызавыя грошы.

Трыа Нікановіч-Сацюк-Найдзёнаў было заснаванае адмыслова для конкурсу «Заспявай 3.0». 25-гадовы музыка і паэт Мікіта Найдзёнаў пераклаў на беларускую мову песню Эраса Рамазоці, сам сыграў на гітары, а вакальныя партыі выканалі яго сябры – 22-гадовы Дзмітрый Нікановіч і 22-гадовая Вольга Сацюк. У выпадку перамогі, прызавыя грошы трыа збіраецца патраціць на стварэнне новых сумесных твораў.

Весці канцэрт «Заспявай 3.0» будзе Алег Хаменка

Увага! У продажы толькі 50 квіткоў. 

ЗАМОВІЦЬ КВІТКІ ОНЛАЙН

10.06. Мінск, Chill Out (плошча Свабоды, 4, унутраны дворык). 19.00-22.00. Заспявай 3.0: Тутэйшыя, DW, Нікановіч&Сацюк&Найдзёнаў. Госць – Паліна Рэспубліка. Кошт квіткоў: 100 000 руб. (папярэдне), 150 000 руб. (у дзень, пры наяўнасці). Інфа: +375 29 687-20-93.

Тузін Гітоў, Фонд Вяртанне