Абвешчаны шорт-ліст конкурсу «Заспявай 3.0»

Журы назвала шасцёркі фіналістаў у кожнай з трох намінацыяў конкурсу. Гэтыя выканаўцы выступяць ужывую ў летняй серыі канцэртаў і маюць шанец атрымаць грашовы прыз да 1500 еўра.

Усяго на конкурс, які праводзяць партал Tuzin.fm і дабрачынны фонд «Вяртанне», прыйшло 78 заяваў. З іх журы адабрала 18 найлепшых у трох намінацыях — «Спяваная паэзія», «Беларускі кавер» і «Замежны пераклад». Паводле ўмоў сёлетняга конкурсу, разглядаліся заявы ад канкурсантаў ад 16 да 33 гадоў уключна.

Галоўная намінацыя конкурсу – «Спяваная паэзія». Сёлета паводле ўмоў, канкурсанты меліся самастойна выбраць верш сучаснага беларускага паэта на беларускай мове і выканаць яго ва ўласнай манеры на сваю музыку. Журы зважала найперш на арыгінальную музычную падачу і гарманічнае спалучэнне музыкі і слова. «Па-мойму, не абы-які кантакт музыкі з паэзіяй адбыўся, – зазначае сябра журы Андрэй Хадановіч. – Калі так пойдзе і далей, нашыя музыкі пачнуць арыентавацца ў сучаснай беларускай паэзіі не горш ад саміх паэтаў, чаму я толькі парадуюся».

Па выніку шасцёрка фіналістаў у гэтай намінацыі выглядае так (у алфавітным парадку):

Антось Звычайны - Быў.Ёсць.Буду (на словы Уладзіміра Караткевіча)

Голая манашка - Танец-фрык (на словы Змітра Вішнёва)

Pauline - Смутак горада (на словы Ірыны Багдановіч)

Сон-трава - Горадзе наш (на словы Насты Кудасавай)

Станіслаў Чахоўскі - Астэроід (на словы Ігара Канановіча)

Ян Жанчак - Успаміны (на словы Барыса Жанчака)

Заўвага: месца ў шасцёрцы заняў гурт «Чтобы-чтобы» з песняй на верш Марыі Мартысевіч «Мірны гоп», але паколькі музыкі не маюць магчымасці сыграць песню ўжывую, іх месца заняў Станіслаў Чахоўскі, які па выніку галасавання быў сёмым. 

У намінацыю «Беларускі кавер» прымаліся ўласныя інтэрпрэтацыі вядомых беларускіх (альбо перакладзеных на беларускую) песень. Тут ацэньвалася ступень прасякнення абраным спеўным матэрыялам; якасць перакладу (калі пададзеная іншамоўная песня); здольнасць падаць вядомую песню па-новаму, а таксама наданне ёй іншага актуальнага гучання. «Мяне сёлета гэтая намінацыя ўразіла найбольш, – кажа адзін з арганізатараў конкурсу Павел Бераговіч. – Шмат разоў пераслухоўваў песні, камбінаваў і перасоўваў выканаўцаў, каб выставіць сваю шасцёрку. Атрымалася яна стракатай – тут і класічная песенная эстрада, і кантры, і этна, і рок. Але яны ўсе для мяне амаль упоравень». А Лявона Вольскага ўразіў кавер на песню з «Народнага альбома» – «Я, да жалю, не пан», якую ён вылучыў асобна.

Па выніку шасцёрка фіналістаў у гэтай намінацыі выглядае так (у алфавітным парадку):

Ганна Крамэр - На станцыі Койданава (кавер на «Бонду») 

Leibonik - Я рок-музыкант (кавер на «Мрою») 

SnopSnoǔ - Я да жалю не пан (кавер на «Народны альбом») 

Тутэйшыя - Чырвоны дыск Сонца (кавер на «Без білета») 

U.G.oslavia - Фабрыка (кавер на N.R.M.) 

Яўген Барышнікаў - Здарожыўся (кавер на «Сяброў») 

У трэцяй намінацыі «Замежны пераклад», упершыню ўведзенай сёлета, канкурсантам прапаноўвалася выбраць адну з вядомых замежных песень, перакласці тэкст на беларускую мову і выканаць яе па-свойму, але не пад арыгінальную музыку. Тут ацэньвалася якасць перакладу на беларускую мову, ступень прасякнення абраным спеўным матэрыялам; здольнасць падаць вядомую песню па-новаму, а таксама наданне ёй іншага актуальнага гучання. «Як здалося, гэтая намінацыя ўсё ж заўчасна ўведзенай у конкурс. Чакаў ад аўтараў перакладаў большай смеласці там-сям, адсутнасці памылак, трапнейшых знаходак і літаратурных удачаў. Тым не менш, усе, хто наважыўся на ўдзел — малайцы!», – зазначыў сябра журы Віталь Рыжкоў.

Па выніку шасцёрка фіналістаў у гэтай намінацыі выглядае так (у алфавітным парадку):

Bar Akaryna - Дзе кветкі ўсе (Pete Seeger cover) 

Віктар Лупасін - Багемская рапсодыя (Quenn cover) 

DW - So Far (HaBanot Nechama cover) 

Дзіма Нікановіч, Вольга Сацюк і Мікіта Найдзёнаў - За табой (Eros Ramazzotti cover) 

Mk-band - Я змяняю свет (Eric Clapton cover) 

Яўген Цярэнцьеў - Ноч у ліпні (Кипелов cover) 

 

Усе згаданыя выканаўцы возьмуць удзел у летняй серыі канцэртаў «Заспявай 3.0», якія пройдуць у чэрвені-жніўні ў самым цэнтры Мінска, у дворыку на плошчы Свабоды, 4 (тэраса кавярні Chil Out) пры падтрымцы вядомых беларускіх музыкаў. Сачыце за анонсамі!

Tuzin.fm, фонд "Вяртанне"