«Заспявай 3.0». Сяргей Будкін: «Уваходзьце, дзверы адчыненыя» (аўдыё)

Кіраўнік Tuzin.fm цешыцца, што маладыя беларускія выканаўцы адкрываюць для сябе ды астатніх сучасную беларускую паэзію і спрабуюць інакш паглядзець на беларускія і замежныя хіты.

Сяргей Будкін.

Конкурс «Заспявай.by» паўстаў з канкрэтнай мэтаю – звярнуць увагу маладых беларускіх выканаўцаў на сучасную беларускую паэзію, бо неяк не адбываецца кантакту між музыкамі і паэтамі апошнім часам. Нібыта што паэзія існуе недзе там, за зачыненымі дзвярыма, недасяжная для мясцовых небеларускамоўных музыкаў, якія часцяком прызнаюцца ў слабым веданні мовы з аднаго боку і адсутнасць добрых тэкстаў, якія маглі б стаць песняю, з другога.

Вельмі радуе, што з дапамогай конкурсу шмат хто з яго ўдзельнікаў адкрыў для сябе (а значыць і для іншых) творчасць Віталя Рыжкова, Марыі Мартысевіч, Дашы Бялькевіч, Ігара Канановіча ды іншых прадстаўнікоў новай хвалі беларускай паэзіі, паглядзелі па-свойму, а значыць па-новаму, на творы Уладзіміра Караткевіча, Генадзя Бураўкіна, Ніла Гілевіча, Рыгора Барадуліна ды іншых нашых класікаў. Сёлета мы паставілі абмежаванне – верш меўся быць апублікаваны/выдадзены ў апошнія 33 гады – гэта звузіла поле для пошукаў годнай паэзіі на карысць паэтаў-сучаснікаў: Купала і Багдановіч – таксама выдатна, але давайце сачыць за тым, што ствараецца тут і цяпер. На жаль, не ўсе былі ўважлівымі да гэтай умовы. І таму, напрыклад, проста выдатная кампазіцыя Віктара Паўлючэні і Марыны Вярэніч «А ты ідзі» на словы Петруся Броўкі, якая асабіста для мяне была сёлета па-за канкурэнцыяй – не ўдзельнічала ў галасаванні сябраў журы. Але набярэцца з дзясятак іншых твораў, якія пры дапрацоўцы, маюць усе шанцы стаць узорам і прыкладам па спалучэнні Музыкі і Слова. З тых, хто не трапіў у выніковую шасцёрку, таксама адзначу яшчэ Пятра Клюева (але Антось Ролда выканаў песню на гэты ж верш больш ахайна і кранальна), «Сон-Трава» (дужа нагадала «Новае Неба» часоў «Дзяцей чорнага горада»), Ксенію Тоўсцік (у гэтай 16-гадовай дзяўчыны неверагодны патэнцыял!), Кацярыну Ваданосаву (хацелася б больш асэнсаванай працы з аранжаваннем кампазіцыі), Яна Жанчака (гэта прафесіянал экстра-класа, безумоўна), Антося Звычайнага (выдатная задума з рэпам на Караткевіча).

Што да тых, хто ўвайшоў у запаветную шасцёрку. Дзіва, што ніхто дагэтуль не заўважыў пранікнёны спеў Андрэя Сянькевіча на адзін з самых важных вершаў Генадзя Бураўкіна. Можа быць не хапіла выканаўцу нейкага надрыву і драматызму, але спроба падаць гэтыя словы зусім у іншым рэчышчы, чым гэта зрабіла ў свой час Святлана Ханок, заслугоўвае ўвагі. Цалкам гарманічна паклала паэзію на музыку Pauline, выдатна пачуў верш Вішнёва гурт «Голая манашка»Кэці Асраташвілі ўзяла няпросты для выканання верш Барадуліна і з пастаўленай задачай справілася. Ну і поўнае замілаванне выклікаў «Мірны хоп» (няхай сабе і ідэя ляжала на паверхні) у выкананні недзеяздольнага, на жаль, у плане канцэртаў гурта «Чтобы-чтобы».

СПЯВАНАЯ ПАЭЗІЯ

Андрэй Сянькевіч - Малітва (на словы Генадзя Бураўкіна)

Антось Ролда - Гукі зямлі (на словы Дашы Бялькевіч)

Pauline - Смутак горада (на словы Ірыны Багдановіч)

Чтобы-чтобы - Мірны хоп (на словы Марыі Мартысевіч)

Кэці Асраташвілі - Свабода (на словы Рыгора Барадуліна)

«Голая манашка» - Танец-фрык (на словы Змітра Вішнёва)

«Беларускі кавер» – намінацыя, якая з'явілася ў конкурсе летась і мае таксама ясную і канкрэтную мэту: звярнуць увагу маладых музыкаў на тое, што рабілі да іх тут мінулыя пакаленні беларускіх творцаў. Таму не могуць не цешыць спробы (няхай сабе і не заўжды ўдалыя) асэнсавання па-свойму даробку гуртоў «Мроя»«Бонда», «Мясцовы час», «Новае Неба», «Уліс», N.R.M. Ну, і куды ж, вядомая справа, без «Калыханкі» ад «Песняроў» (адразу 2 версіі) ды «Вы шуміце, бярозы» ад «Сяброў» (3 версіі). Тут варта згадаць Яўгена Барышнікава, які злавіў Ніла Гілевіча на слове і вярнуў гэтай песеньцы менавіта той настрой, які першапачаткова ўкладаўся ў гэты верш. Не для танцулек яна, ані. Радуе, што музыкі звярталі ўвагу і на каманды 2000-х – з'явіліся каверы на Akute, Handmade, «Без билета», J:Морс. Прычым у выпадку з двума апошнімі згаданымі гуртамі яшчэ і перакладзеныя на беларускую мову. Здзівіла адсутнасць кавераў на «Ляпісаў»/Brutto, прадказальна часта звярталіся да творчасці Лявона Вольскага. І часам гэта былі вельмі ўдалыя інтэрпрэтаваньні. Як у выпадку з гуртом U.G.oslavia. Па-за шасцёркаю хацелася б яшчэ адзначыць прыгожую версію «Калыханкі» ў выкананні Сяргея Скуратовіча (Рэя)«Рок-музыканта» ў выкананні Сяргея Башлыкевіча (трохі штучнай, праўда, падалася гэтая вэерсія, у музычным плане), вясёлую версію песні Handmade ад «Шык-бэнда» і «Я да жалю не пан», якую роўна, аж занадта, сыграў SnopSnoǔ.

БЕЛАРУСКІ КАВЕР

Лепшы квас - Прамяні pt.2 (кавер на Akute) 

Істота - Я жыў (кавер на «Мясцовы час»)

Яўген Сяргеюк - Многа неба (кавер на J:Морс)

Ганна Крамэр - На станцыі Койданава (кавер на «Бонду»)

Яўген Барышнікаў - Здарожыўся (кавер на «Сяброў»)

U.G.oslavia - Фабрыка (кавер на N.R.M.)

«Замежны пераклад» – намінацыя, якая з'явілася сёлета ўпершыню дзеля таго, каб у нас паболела перакладаў на беларускую замежных хітоў. Справа неабходная як для развіцця мовы, так і для развіцця агульнага, ды і значна цікавей, калі кавер-бэнд не паўтарае адзін у адзін арыгінальны тэкст, а пераадкрывае ўсім вядомы твор на сваёй мове (такая практыка звыклая, напрыклад, у нашых суседзяў – украінцаў, палякаў, літоўцаў, расійцаў). На жаль, насуперак чаканням, сёлета вартых увагі перакладаў было зусім вобмаль. Ледзьве набралася шасцёра. І тое – Яўген Цярэнцьеў, які даслаў беларускі пераклад, набраны расійскімі літарамі (што можна трактаваць як непавагу да сябе, мовы і сябраў журы) ды Ангеліна (досыць няўпэўнена зроблены пераклад) трапілі ў гэты спіс з вялікаю доляю нацяжкі, бо само выкананне на прыстойным узроўні. Вельмі добра, што з'явіліся рэчы, даўно ўжо вартыя перакладу, але нечапаныя беларусамі дагэтуль: песні Эраса Рамазоці, Крыса Айзэка, Эрыка Клэптана. У нечым можна пагадзіцца з Яўгенам Карпавым – было б цікава пачуць і топавыя там і цяпер песні па-беларуску, але нt будзем прыспешваць падзеі.

ЗАМЕЖНЫ ПЕРАКЛАД

Ангеліна - Вольна як фенікс (Conchita Wurst cover) 

Дзіма Нікановіч, Вольга Сацюк і Мікіта Найдзёнаў - За табой (Eros Ramazzotti cover)

DW - So Far (HaBanot Nechama cover)

DrЫмоn - Позна для выбачай (One Republic feat.Timbaland cover)

Mk-band - Я змяняю свет (Eric Clapton cover)

Яўген Цярэнцьеў - Ноч у ліпні (Кипелов cover) 

Сяргей Будкін 

Сяргей Будкін – кіраўнік інтэрнэт-партала Tuzin.fm, саарганізатар конкурсу «Заспявай 3.0», арт-менеджар, прамоўтар, журналіст. Нарадзіўся 23.02.1982 у Мінску. Скончыў факультэт журналістыкі БДУ (2005), аддзяленне журналістыкі ў Беларускім калегіуме (2003), курсы «Personal career and development» для дзеячаў культуры (Wake Technical Community College, ЗША, 2012). Сааўтар і рэдактар кнігі «Залатыя дыскі беларускага рок-н-ролу» (2004), сузаснавальнік праекта Experty.by (2007), прадзюсар цырымоніі «Рок-Каранацыя» (2005-2007), серыі канцэртаў «Tuzin.Unplugged/Жывы Тузін» (з 2011), меэнеджар CD-выданняў «Прэм’ер Тузін» (2005-2011), кіраўнік музычных праектаў «Тузін.Перазагрузка» (2009) «Будзьма! Тузін.Перазагрузка-2» (2011), «Global Reload» (2014), «Тузін.Немаўля» (2011), «Апошні золак» (2013), «Re:Песняры» (2014), «Новае пакаленне на Новы год» (2015) ды іншых. У музычнай журналістыцы з 1999 года, аўтар артыкулаў на культурную тэматыку ў беларускіх выданнях, журналіст тэлеканала «Белсат», аўтар і вядоўца праграм на NetRadio (2007-2009), Радыё Свабода (2011-2012), Радыё Рацыя (з 2006) ды інш.