«Заспявай 3.0». Павел Бераговіч: «Інтанаванне перадусім!» (аўдыё)

Кіраўнік фонду «Вяртанне» заяўляе, што ён якраз і ёсць той дзед, якому то гніла, што ўнуку міла. Бо пры выбары сваіх фаварытаў на конкурсе «Заспявай 3.0» ён зважаў найперш на траплянне ў ноты.

Павел Бераговіч.

Не з'яўляюся ні прафесійным музыкам, ні нават журналістам, які піша пра музыку. Таму магу быць ахарактарызаваны толькі як «спажывец музыкі». Але, спадзяюся, спажывец кваліфікаваны. Я і ёсць той дзед, якому то гніла, што ўнуку міла. Скончыў музычную школу па класе скрыпкі з адзнакай. Выкладчыкі раілі пайсці ў музычную вучэльню, але я выбраў вучэльню ваенную. Як скрыпач, якія, вядома, граюць выключна на слых, бо на скрыпцы няма ані клавішаў, ані ладоў – перадусім стаўлю ў музыцы дакладнае інтанаванне.  Калі музыка ўпарта не трапляе ў ноты – слухаць не буду далей трох-чатырох тактаў.

Наступны крытэр – гэта прыгожы альбо незвычайны вакал. Калі адчуваю «wow!!! я так спяваць не магу...» – здымаю капялюш і магу слухаць і слухаць гадзінамі і днямі ўпадабаную песню. Але бывае і так, што, не маючы выдатнага вакала, музыка бярэ шчырасцю, сапраўднасцю, драйвам – напрыклад, Высоцкі, Цой ці Кабэйн... І гэта таксама важкі крытэр для мяне.

У «Спяванай паэзіі», на жаль, мой фаварыт, песня «А ты ідзі» Марыны Вярэніч на верш Петруся Броўкі, апынулася па-за межамі конкурсу з-за фармальных умоваў... Таму адзначу тут Son Beat, Станіслава Чахоўскага, Пятро Клюева ды іншых вартых увагі творцаў.

СПЯВАНАЯ ПАЭЗІЯ

Ян Жанчак – Успаміны  (на словы Барыса Жанчака) 

Son Beat – Ну а пакуль (на словы Ігара Канановіча) 

Пятро Клюеў – Твае песні (на словы Дашы Бялькевіч) 

Кацярына Ваданосава – Бурштынавае мора (на словы Кацярыны Ваданосавай) 

Pauline – Смутак горада (на словы Ірыны Багдановіч) 

Станіслаў Чахоўскі – Астэроід (на словы Ігара Канановіча) 

Найбольш уразіла мяне намінацыя «Беларускі кавер». Шмат разоў пераслухоўваў песні, камбінаваў і перасоўваў выканаўцаў, каб выставіць сваю шасцёрку. Атрымалася яна стракатай – тут і класічная песенная эстрада, і кантры, і этна, і рок. Але яны ўсе для мяне амаль упоравень.

Віктар Паўлючэня/Марына Вярэніч - А я лягу, прылягу (кавер на «Сяброў») 

Шык-бэнд – RnB-party (кавер на Handmade) 

Яўген Сірота - Прастора (кавер на N.R.M.) 

Сяргей Скуратовіч (Рэй) - Калыханка (кавер на «Песняроў») 

Ketri - На граной нядзелі (кавер на «Палац») 

Ганна Крамэр – На станцыі Койданава (кавер на «Бонду») 

Цяжка параўноўваць узровень ўласна музычнага выканання кампазіцый, бо конкурс і для тых, хто ўжо можа называцца прафесіяналам, і для тых, хто толькі пачынае, таму часам не мае ніякага музычнага суправаджэння. Але нават выконваючы Scorpions а капэла, можна дасягнуць сваёй мэты. Канечне, цяжка змагацца ў намінацыі «Замежны пераклад» з амаль бездакорным трыа Дзмітрыя Нікановіча, Вольгі Сацюк і Мікіты Найдзёнава. Але здзівіла Таццяна Пілюцік з беларускім пераспевам «May be I may be you». Амаль убачыў, як спяваецца гэтая песня дружным хорам сваякоў за святочным сталом у віцебскай вёсцы маёй бабулі. Але, з іншага боку, калі Таццяне дадаць жорсткага рокавага саўнду і металу ў голас – атрымаецца не горш за Клаўса Майнэ.

Таццяна Пілюцік – «Можа я, можа ты» (Scorpions cover) 

DW - So Far (HaBanot Nechama cover) 

Ксенія Тоўсцік – Wicked game (Chris Isaak cover) 

Дзмітры Нікановіч, Вольга Сацюк і Мікіта Найдзёнаў – За табой (Eros Ramazzotti cover) 

Яўген Цяренцьеў – Ноч у ліпні (Кипелов cover) 

Дыяна Аргер і Яўген Сірота - Хачу ўсяго (Quenn cover)

Запрашаю пачэсную публіку наведаць летнія канцэрты конкурсу на плошчы Свабоды, 4 (унутраная тэраса кавярні Chill Out), каб самім паслухаць канкурсантаў «Заспявай 3.0».

Павел Бераговіч 

Павел Бераговіч (Падкарытаў) – расійскі бізнэсовец, мецэнат. Нарадзіўся 9 лютага 1968 года ў Свярдлоўску (цяпер Екацерынбург). Скончыў Уральскі дзяржаўны юрыдычны ўніверсітэт (1996). Кіраўнік дабрачыннага фонду «Вяртанне», зарэгістраванага ў Мінску (2013), які садзейнічае развіццю беларускай культуры, навукі, адукацыі. Сярод праектаў, зладжаных пры непасрэдным удзеле фонду, – літаратурная прэмія "Дэбют" імя Максіма Багдановіча (з 2010), конкурс «Заспявай.by» (з 2013), прэмія Цёткі за найлепшую кнігу для дзяцей і падлеткаў (з 2014).