«Заспявай 3.0». Алег Хаменка: «Святыя людзі – жыве Беларусь» (аўдыё)

Сябра журы «Заспявай 3.0», лідар гурта «Палац», з надзвычайнай увагай і павагай паставіўся да тых, хто даслаў сваю заяву на конкурс. Выбар найлепшых для яго быў складаны, бо вартых увагі песень апынулася куды больш.

Алег Хаменка.

Эмоцыя, вынесеная ў загаловак, была першай пасля праслухоўвання песень да «Заспявай 3.0». І «Жыве Беларусь!» тут не як дэвіз, а як сцверджанне. Я вырашыў праслухаць кожны твор без скарачэння  –  ад пачатку да канца і праз паўзу асэнсавання. Скажу шчыра: некалькі разоў пашкадаваў пра гэтае рашэнне і прынцыповасць. Але, на мой погляд, так варта было зрабіць, ну хоць бы з прычыны шчырай павагі да тых, хто спрабуе свядома думаць творча і па-беларуску. Уважліва чытаў адказы канкурсантаў на пытанне «як плануеце скарыстаць узнагароду ў выпадку перамогі?»,  таму што гэта было наша «правакацыйна-тэставае» пытанне.  Сутнасць якога ў тым, ці без узнагароды гэта сапраўды немагчыма? Бо насамрэч, як вы будзеце карыстацца вашымі грашыма, нас цікавіць не павінна.

Некалькі словаў па намінацыях.

Адметна, калі настрой, атмасферу і вобразы, якія прапануе верш, музыка не змяняе, а афарбоўвае. Глыбокі верш і простая музыка або просты верш і складаная мелодыка рэдка гарманічна спалучаюцца. На гэта звяртаў увагу ў намінацыі «Спяваная паэзія». Выдатна спалучыліся словы і музыка ў творах  Pauline  на верш Ірыны Багдановіч, Яна Жанчака на верш Барыса Жанчака, «Голай манашкі» на верш Змітра Вішнёва.

Найбольш складана было абіраць не лепшы, а апошні ў шасцёрцы твор, бо адрознасць (на мой суб'ектыўны погляд) паміж, умоўна кажучы,  сёмым-восьмым і пятым-шостым месцамі, была даволі спрэчнай. Дазволю сабе публічна прадставіць вынікі без адзначэння канкрэтнага месца, на якое я ставіў твор. Заўвагі і крытыку недахопаў, калі гэта трэба,  магу зрабіць пры асабістай сустрэчы.

Шасцёрка найлепшых у намінацыі «Спяваная паэзія» выглядае наступным чынам:

Апоўначы - Стварэнне сусвету (на словы Касі Глухоўскай)

Пятро Клюеў - Твае песні (на словы Дашы Бялькевіч) 

Pauline - Смутак горада (на словы Ірыны Багдановіч) 

Тутэйшыя - Дзяцінства (на словы Таццяны Казановіч)

Ян Жанчак - Успаміны (на словы Барыса Жанчака)

Голая манашка - Танец-фрык (на словы Змітра Вішнёва) 

Для мяне кавер – гэта не проста новае адзенне, а новае асэнсаванне. Асэнсаванне, якое аднаўляе актуальнасць думкі твора. Шмат разоў я бачыў, як артыст чытае верш ці спявае песню надзвычайна лепш за аўтара. Менавіта такія моманты я шукаў у намінацыі «Беларускі кавер». Знайшоў ў творах гурта «Тутэйшыя», Ганны Крамэр. І асобна хацеў падзякаваць Ketri за кавер «На граной нядзелі» – мне спадабалася, шчыра. Шасцёрка ў гэтая намінацыі выглядае наступным чынам:

 

Ketri - На граной нядзелі (кавер на «Палац») 

Ганна Крамэр - На станцыі Койданава (кавер на «Бонду»)

SnopSnoǔ - Я да жалю не пан (кавер на «Народны альбом»)

Тутэйшыя - Чырвоны дыск Сонца (кавер на «Без білета»)

U.G.oslavia - Фабрыка (кавер на N.R.M.)

Yellow power - Котка (кавер на «Новае Неба»)

Такая з'ява, як выкарыстанне іншых моваў, акром італьянскай, у оперных пастаноўках у розных краінах свету некалі бурна абмяркоўвалася. Можна колькі заўгодна гаварыць пра тое, што «Чароўную флейту» Моцарта трэба слухаць на арыгінальнай нямецкай мове. Публіка даўно абвергла гэтыя ўпартыя сцверджанні крытыкаў-эстэтаў. Таму намінацыя (на мой погляд, самая складаная) «Замежны пераклад» вельмі адказная з пункту гледжання трансляцыі арыгінальнага музычнага матэрыяла. У гэтай намінацыі адзначу творы ў выкананні Нікановіч, Сацюк, НайдзёнаваMk-band і асобна Таццяну Пілюцік. На жаль, твор Таццяны быў прадстаўлены толькі вакальнай партыяй, а далёка не кожны можа ўзгадаць як гучыць арыгінальная версія. Шэсць найлепшых песень у намінацыі «Замежны пераклад»:

 

DrЫмоn - Позна для выбачай (One Republic feat.Timbaland cover)

DW - So Far (HaBanot Nechama cover)

Віктар Лупасін - Багемская рапсодыя (Quenn cover)

Mk-band - Я змяняю свет (Eric Clapton cover)

Дзіма Нікановіч, Вольга Сацюк і Мікіта Найдзёнаў - За табой (Eros Ramazzotti cover) 

Таццяна Пілюцік - Можа я, можа ты (Scorpions cover)

Алег Хаменка 

Алег Хаменка – музыка, фалькларыст, культуролаг. Нарадзіўся ў красавіку 1967 года ў Мінску. У школьныя часы вучыўся па класе трамбона. Скончыў Мінскі інстытут культуры, эстрадна-духавую кафедру (1990). У 2007 годзе скончыў аспірантуру ва ўніверсытэце мастацтваў і культуры (культуралогія). Саліст, аўтар музыкі, кіраўнік гурта «Палац». Лічыцца пачынальнікам стылю фольк-мадэрн. Вёў шэраг праграм на тэлебачанні і радыё, супрацоўнічае з шэрагам беларускіх музычных фэстаў. Вядучы радыёверсіі хіт-параду «Тузін Гітоў» на Радыё «Рацыя», серыі канцэртаў «Тузін. Unplugged/Жывы Тузін» і летняй серыі канцэртаў «Заспявай 2.0». Чытае курс лекцыяў «Тэхналогіі прадзюсіравання ў музычнай індустрыі» ва Універсітэце культуры.