«Заспявай 3.0». Яўген Карпаў: «Нашы музыкі ад пачатку падразаюць сабе крылы» (аўдыё)

Сябра журы дзівіцца: няўжо ўдзельнікі конкурсу «Заспявай 3.0» не слухаюць і не сочаць за навінамі сусветных музычных выданняў і топаў.

Яўген Карпаў.

Па-шчырасці, «Заспявай 3.0» – адзін з самых складаных конкурсаў, у якіх мне даводзілася браць удзел у ролі члена журы. У мяне даўно склалася ўражанне, што многія беларускія музыкі самі сабе падразаюць крылы і замест таго, каб імкнуцца ўзляцець у завоблачныя высі сусветнай музычнай індустрыі, з самага пачатку вырашаюць задавольвацца мясцовымі рэдкімі зярняткамі, а гэта тупіковы шлях у гэтай мясцовасці, асабліва ў апошнія гадоў дзесяць.

Такое ж пачуццё ў мяне было і пры праслухоўванні канкурсантаў намінацый «Беларускі кавер» і «Замежны пераклад». Па-першае, дзіўны выбар некаторых кампазіцый для рэфлексавання. Няўжо маладыя выканаўцы не слухаюць і не сочаць за навінамі сусветных музычных выданняў і топаў? Паслухаць беларускамоўны кавер на Adele, або Лану Дэль Рэй, ці the Weeknd, ну ці, на худы канец «Trap Queen», музыку да якой напісаў беларус Антон Мацулевіч, было б нашмат цікавей, чым у дзясяты і соты раз версіі песень канца мінулага тысячагоддзя.

Па-другое, засмучаюць аранжыроўкі многіх кампазіцый. Для добрага кавера недастаткова проста перайграць песню адзін у адзін. Каб не быць чарговым кавер-бэндам, а заставацца артыстам, у музыцы павінны быць эмоцыі выканаўцы. Як варыянт, з элементамі беларускага фальклору. Гэта тое, што адрознівае нас ад артыстаў з іншых краін. Думаю, гэта момант можна спісаць на маладосць і неспрактыкаванасць некаторых удзельнікаў.

У намінацыі «Спяваная паэзія» было некалькі вельмі моцных удзельнікаў, але ў цэлым, па музычнай лініі карціна тая ж.

Песні ў рэйтынгах змяшчаюцца ў адвольным парадку.

СПЯВАНАЯ ПАЭЗІЯ

Кэці Асраташвілі  - Свабода (на словы Рыгора Барадуліна)

Ян Жанчак - Успаміны (на словы Барыса Жанчака)

Чтобы-чтобы - Мірны хоп (на словы Марыі Мартысевіч)

Pauline - Смутак горада (на словы Ірыны Багдановіч)

Сон-трава - Горадзе наш (на словы Насты Кудасавай)

Тутэйшыя - Дзяцінства (на словы Таццяны Казановіч)

 

БЕЛАРУСКІ КАВЕР

Ketri - На граной нядзелі (кавер на «Палац») 

Кэці Асраташвілі - Калыханка (кавер на «Песняроў»)

U.G.oslavia - Фабрыка (кавер на N.R.M.)

SnopSnoǔ - Я да жалю не пан (кавер на «Народны альбом») 

Яўген Цярэнцьеў - Вераніка (кавер на «Песняроў»)

Тутэйшыя - Чырвоны дыск Сонца (кавер на «Без білета»)

 

ЗАМЕЖНЫ ПЕРАКЛАД

Прыводжу патрабаваныя шэсць пазіцый, але скараціў бы да трох. Наогул, журба, хоць, здавалася бы, самая лёгкая намінацыя.

DW - So Far (HaBanot Nechama cover) 

Яўген Цярэнцьеў - Ноч у ліпні (Кипелов cover)

Дыяна Аргер і Яўген Сірота - Хачу ўсяго (Quenn cover)

Дзіма Нікановіч, Вольга Сацюк і Мікіта Найдзёнаў - За табой (Eros Ramazzotti cover)

DrЫмоn - Позна для выбачай (One Republic feat.Timbaland cover)

Ксенія Тоўсцік - Wicked game (Chris Isaak cover) 

Яўген Карпаў, для Tuzin.fm 

Яўген Карпаў – журналіст, прадстаўнік партала Tut.by у журы конкурсу «Заспявай 3.0». Нарадзіўся ў 1988 годзе ў Бабруйску. Скончыў факультэт «Транспартныя камунікацыі» БНТУ. Працаваў вядучым шоў на радыё «Аплюс», карэспандэнтам Ultra-Music. Арганізатар музычнага праекта Re:Live клуба Re:Public (2014). Аўтар артыкулаў пра беларускую музыку ў замежных СМІ, у тым ліку The Guardian і New Eastern Europe. Цяпер рэдактар рубрыкі «Далягляд» партала Tut.by.