«Заспявай 3.0». Сяргей Пукст: «Недахоп майстэрства кампенсуецца эмацыйнасцю» (аўдыё)

Лідар Pukstband і выкладчык англійскай мовы прызнаўся, што песні, пададзеныя на конкурс «Заспявай 3.0», яго парадавалі. Асабліва каверы, у якіх выканаўцы прапанавалі ўласнае аўтарскае бачанне арыгінала.

Сяргей Пукст.

У цэлым, конкурс падарыў станоўчыя эмоцыі. Некаторы недахоп тэхнічнага майстэрства кампенсаваўся багатай эмацыйнасцю артыстаў. Намінацыя «Беларускі кавер» аказалася самай складанай, таму што выявіла адразу некалькі прэтэндэнтаў на першае месца. Перш за ўсё, хачу сказаць пра крытэры, якімі я кіруюся пры вызначэнні найбольш цікавых варыянтаў. Выканаўца павінен знайсці аўтарскі эквівалент арыгінала. Гэта патрабуе разумення, што гэта за песня, пра што яна, каб найбольш поўна адштурхнуцца ад аўтарскага варыянта. У гэтым плане, найбольш пераканаўчымі мне здаліся два варыянты прачытання «сяброўскага» хіта «Вы шуміце, шуміце». Яўген Барышнікаў і Ксенія Тоўсцік адчулі цалкам не эстрадны тэкст Ніла Гілевіча. Добрую змрочную атмасферу мінімальнымі, але менавіта музычнымі сродкамі стварыла група Yellow PowerU.G.oslavia стварыла пераканаўчы поп-хіт на словы Лявона ВольскагаЯўген Цярэнцьеў у чарговы раз паказаў універсальнасць свайго почырка. Дзіма Ску проста ўмее ствараць атмасферу ў прынцыпе. Для падліку галасоў я раставіў сваіх фаварытаў па месцах, але на просьбу арганізатараў дзеля захавання інтрыгі падаю свой спіс у гэтай ды іншых дзвюх намінацыях у адвольным парадку.

Яўген Цярэнцьеў – Вераніка (кавер на «Песняроў»)

Ксенія Тоўсцік – А я лягу, прылягу (кавер на «Сяброў»)

Чтобы-чтобы – 10 афрабеларусаў (кавер на «Бостонское чаепитие»)

U.G.oslavia – Фабрыка (кавер на N.R.M.)

Yellow power – Котка (кавер на «Новае Неба»)

Яўген Барышнікаў – Здарожыўся (кавер на «Сяброў»)

Сцісла пра іншыя намінацыі і некаторых удзельнікаў. У катэгорыі «Замежны пераклад» Вольга Міцура знайшла просты і пераканаўчы эквівалент арыгінала. Віктар Лупасін, які добра адчувае прыроду трэшу, убачыў у «Багемскай рапсодыі» досыць унушальны аб’ект для гульні. Асобнай згадкі заслугоўвае Ксенія Тоўсцік ды яе пераклад і выкананне песні Крыса Айзэка. Пры некаторай прыдуманасці вакальнай манеры – гэта дапрацуецца – у яе ёсць індывідуальнасць і правільнае пачуццё таго, што яна робіць. А гэта нашмат больш, чым нейкае ўмоўнае майстэрства. Такім чынам, мой топ-5 (шасці вартых не набралася) у намінацыі «Замежны пераклад» (парадак месцаў адвольны):

DW – So Far (HaBanot Nechama cover) 

Віктар Лупасін – Багемская рапсодыя (Quenn cover)

Ксенія Тоўсцік – Wicked game (Chris Isaak cover)

Яўген Цярэнцьеў – Ноч у ліпні (Кипелов cover)

Вольга Міцура – All of Me (John Legend cover)

 

«СПЯВАНАЯ ПАЭЗІЯ»:

Ян Жанчак – Успаміны (на словы Барыса Жанчака)

Адарвірог – Балада пра паўстанца Ваўкалаку (на словы Уладзіміра Караткевіча)

Апоўначы – Стварэнне сусвету (на словы Касі Глухоўскай)

Сон-трава – Горадзе наш (на словы Насты Кудасавай)

Чтобы-чтобы – Мірны хоп (на словы Марыі Мартысевіч)

Антось Звычайны – Быў. Ёсць. Буду (на словы Уладзіміра Караткевіча)

Сяргей Пукст, для Tuzin.fm 

Сяргей Пукст – кампазітар, аранжыроўшчык, піяніст, гітарыст, музычны журналіст, выкладчык англійскай мовы. Нарадзіўся ў Мінску 14.10.1972. Скончыў музычную школу пры Дзяржаўнай кансерваторыі па класе кларнета (1986), Мінскую мастацкую вучэльню (спецыяльнасць «апрацоўка дрэва, косці і камня»), Мінскі дзяржаўны лінгвістычны ўніверсітэт (1996). Удзельнік панк-рок гурта «Король пчёл», з 1997 года выступае сольна і з гуртом Pukstband. Аўтар найлепшага альбома года ў беларускай музыцы ў 2004 («Strange Glamour», па версіі «Белорусской газеты»), па ўзнагародах Experty.by па выніках 2013 года «Последний альбом» ад Pukstband перамог у намінацыях «Альбом года» і «Рок-альбом года», а таксама ўзяў «Прыз вялікага журы». Удзельнік музычных праектаў «Тузін. Перазагрузка», «Тузін. Немаўля», «Новае пакаленне на Новы год». Мае таксама сайд-праекты «Георгий Добро» і True litwin beat.