«Заспявай 3.0». Глеб Лабадзенка: «Беларус пахваліў беларуса – і не памёр» (аўдыё)

Перакладчык і паэт Глеб Лабадзенка агучыў свой рэйтынг найлепшых у кожнай з намінацыяў «Заспявай 3.0» і пацешыўся з таго, што дзякуючы конкурсу з'явілася вельмі шмат песень па-беларуску.

Глеб Лабадзенка.

Я не ведаю, як ацэньваюць музыку тыя, хто ў ёй разбіраецца. Мой крытэр вельмі просты – падабаецца/не падабаецца. А яшчэ, беручыся нешта судзіць, я стараюся памятаць дзве фразы: «Зрабі лепш» і«Беларус пахваліў беларуса – і не памёр». Каб не патрапляць у палон стэрэатыпаў і асабістых сімпатый, я слухаў гэтыя песні ў машыне – каб не ведаць адразу, хто гэта спявае, а проста цешыцца спевамі або перамотваць да наступнага.

Найбольш на слых спадабалася намінацыя «Каверы». Не дзіва, бо гэта пераможны шлях: узяць цудоўную песню – і пастарацца яе не сапсаваць. З усіх песень намінацыі адабралася першасна 11-12. Мая воля – я б не выбіраў з іх шэсць, бо ўсе яны добрыя. І я дагэтуль не ўпэўнены, што ўдалося цалкам абстрагавацца ад уласных сімпатый – калі казаць не пра гурты і выкананне, а менавіта пра абраныя імі песні. Што зробіш, люблю я «Вераніку»«Калыханку», люблю Вольскага ("Мроя" і N.R.M.) і страшна падабаецца песня Свірыдавай у перакладзе Хадановіча «Пакуль», падабаюцца многія песні J:морс. Уласна, так і адабралася патрэбная шасцёрка: калі на любімыя песні наклаўся талент іх новых выканаўцаў.

Вольга Міхаленка – Пакуль (кавер на Алену Свірыдаву)

U.G.oslavia – Фабрыка (кавер на N.R.M.)

Яўген Сяргеюк – Многа неба (кавер на J:Морс)

Яўген Цярэнцьеў – Вераніка (кавер на «Песняроў»)

Leibonik – Я рок-музыкант (кавер на «Мрою»)

Кэці Асраташвілі – Калыханка (кавер на «Песняроў»)

У «Спяванай паэзіі» пасля першага праслухоўвання намаляваўся лідар. Я вельмі люблю, калі ў людзей ёсць пачуццё гумару. Пераймаюся, што яго ў цэлым не стае нашаму народу, асабліва вялікая праблема ў нас з самаіроніяй – якая кампенсуецца празмерным пафасам. Што праўда, слухаючы песню «Мірны хоп» у машыне, я падумаў што гэта перапеўка новага хіта Brutto – вельмі ўжо падобная да шаноўнага Сяргея Міхалка і манера выканання і сам гэты «трыбунны» верш. Але выйшла весела! Гурт «Тутэйшыя» стаў адкрыццём для мяне значна раней за гэты конкурс – яны былі ў нас на «Мове Нанова» і ўразілі ды запомніліся добрымі галасамі і добрымі тэкстамі. З Іллём Фаляжынскім я таксама меў радасць пазнаёміцца на занятках курсаў. Дужа таленавіты хлопец, далёка пойдзе! Пятро Клюеў – практычна жывы класік. Я ўвогуле не разумею, што ён робіць у конкурсе для пачаткоўцаў. Таму і прапусціў маладзейшых наперад Пятра. Але ж і не ўключыць яго ў шасцёрку немагчыма – выдатная песня, бліскучае выкананне. Pauline і Ксенія Тоўсцік таксама трапляюць сюды, бо гэта, бясспрэчна, і паэзія, і спяваная.

Ксенія Тоўсцік – Келіх неба (на словы Анатоля Дэбіша) 

Чтобы-чтобы – Мірны хоп (на словы Марыі Мартысевіч)

Pauline – Смутак горада (на словы Ірыны Багдановіч)

Тутэйшыя - Дзяцінства (на словы Таццяны Казановіч)

Ілля Фаляжынскі - Хуткай дапамогі сцяг (на словы Кацярыны Массэ)

Пятро Клюеў – Твае песні (на словы Дашы Бялькевіч)

Намінацыя «Замежны пераклад» прымусіла пераслухоўваць песні некалькі разоў – яўнай шасцёркі лідараў я тут не пабачыў увогуле. У Беларусі магутная школа і добрыя традыцыі перакладу. Хочаш не хочаш, а памятаеш пра гэта, слухаючы далёка не самыя ўдалыя тэксты. Чапляецца вуха за сукі і непагабляваныя радкі, не дае спакойна ўспрымаць гэтыя песні. Тым часам, знайшліся сімпатычныя творы і тут. Што было прыемна, з гэтай шасцёркі я ведаў толькі Мікіту Найдзёнава, астатнія гурты і выканаўцы сталі для мяне адкрыццём.

Ілля Санько – Не маўчы (Димна Суміш cover)

Ангеліна – Вольна як фенікс (Conchita Wurst cover)

Bar Akaryna – Дзе кветкі ўсе (Pete Seeger cover)

Час лайна – Дзяўчына не плач (Bob Marley cover)

Дзіма Нікановіч, Вольга Сацюк і Мікіта Найдзёнаў – За табой (Eros Ramazzotti cover)

Ліхтар – Сумую па табе (Blink-182 cover)

У цэлым пра конкурсныя песні засталося некалькі агульных уражанняў. Першае – з'явілася вельмі шмат новых песень па-беларуску, і гэта класна! Другое – многія песні «фонавыя» і вельмі роўныя між сабой. Такія будзеш слухаць у машыне – і не заўважыш, што пайшоў па трэцім коле. І трэцяе – што некаторыя выканаўцы раптам заспявалі па-беларуску выключна ў спадзеве атрымаць запаветную прэмію і энную суму грошай. Хоць калі прыгадаць назву конкурса – «Заспявай» – то мэта дасягнутая! Заспявалі па-беларуску – вось самае важнае. А ўсё астатняе ўжо дэталі.

*усе песні ў рэйтынгах Глеба Лабадзенкі падаюцца ў адвольным парадку

Глеб Лабадзенка, для Tuzin.fm 

Глеб Лабадзенка — паэт, журналіст, вядучы курсаў «Мова Нанова». Нарадзіўся ў 1986 годзе ў Мінску. Скончыў Беларускі гуманітарны ліцэй (2004), Інстытут журналістыкі БДУ (2009) і аддзяленне філасофіі і літаратуры Беларускага калегіума (2007). Сябра БАЖ, СБП і Беларускага ПЭН-цэнтра. У якасці журналіста працаваў у газетах «Камсамольская праўда ў Беларусі» і «Звязда». Аўтар кнігі паэзіі «Pager-вершы» (2005), кнігі моўных малюнкаў «дзіцячая заМова» (2013), «дзіцячая заМова-2» (2015), «Мова Нанова: 20 крокаў да беларускай мовы» (2016), укладальнік непадцэнзурнага выдання «Ладдзі Роспачы» Уладзіміра Караткевіча (2010). Пераможца літаратурнага конкурсу імя Наталлі Арсенневай (2003), уладальнік гран-пры конкурсу «Дзень Зямлі-2004», пераможца літаратурнага конкурсу імя Франчэска Пэтраркі (2004), лаўрэат першай прэміі «Залаты апостраф» (2004), лаўрэат прэміі «Дэбют» імя Максіма Багдановіча за кнігу «дзіцячая заМова» (2013). Песні на яго вершы і пераклады пяюць гурты HandmadE,Rahis, «Стокс», Дакота, Макс Лорэнс, Аляксандар Рыбак ды іншыя.