«Заспявай 3.0». Віталь Рыжкоў: Што дзеду гніла, то ўнуку міла (аўдыё)

Выніковы каментар ад сябра журы «Заспявай 3.0» паэта Віталя Рыжкова, які абіраў найлепшых, уяўляючы, што ён першы, а магчыма, і адзіны слухач новай песні.

Віталь Рыжкоў.

Разважаю, думаю, якую ж песню штогод спадзяецца адшукаць (у тым ліку – падштурхнуўшы да яе стварэння) конкурс «Заспявай». Народны шлягер, як у залатыя часы супрацы беларускіх паэтаў і эстрады? Сучасны поп-хіт — каб потым гучаць, пажадана, з кожнага праса і радыёкропкі ды па-над танцпляцоўкамі начных клубаў (а беларуская паэзія праціскалася б праз зручнае для рытмічнага паскоквання «бум-тынц»)? Новае свежае гучанне песні неадкрытага самародка, які раскрыўся, праспяваўшы сучасны верш? Нечуваную гармонію слова, музыкі і спеву, самабытную і паспяховую? Хм.

Усё гэта, відаць, так (хоць і не ўяўляецца ў спалучэнні), усё гэта, падобна, суправаджаецца пэўнай прагай шырокага поспеху такой песні, адкрытай ці створанай з дапамогай конкурсу. Але ці патрэбная гэтая слава напраўду?

Колькі чытачоў мусіць быць у сапраўднай паэзіі (лічыцца, што няшмат) і колькі слухачоў у напраўду добрай песні (лічыцца, што шмат) — гэта вырашаць кожнаму па меры ўсведамлення крытэраў добрага, важнага і папулярнага разам з гэтым. У любым разе, усё — і добрае і кепскае — некалі пачынаецца (а часам і сканчваецца) з адзінкі: першага чытача, альбо слухача.

Абіраю, уяўляючы, што я — першы, а магчыма, і адзіны, слухач новай песні. Сямідзесяці васьмі новых песень.

У спяванай паэзіі сёлета шмат класных прыкладаў незвычайнага падыходу да паэзіі. Вельмі цешуся, бо верыцца, што ўзровень будзе расці і надалей. Але найбольш мне (можа стацца, адзінаму) адгукнуліся раней не чутыя мной Nancy Rich з песняй на верш Ніла Гілевіча. Так, жывы запіс, але я ўяўляў сябе побач на рэпэтыцыйнай кропцы. Песня ж запішацца. Падчас запісу, спадзяюся, не згубіцца ні настрой, ні гітарка, ні эмоцыя. Так, не радыёфармат, гаражняк, «зноў ракешнік», «не для шырокіх масаў» — усё так, так. Але дужа класна крочыць ці ехаць на ровары з такой музыкай у навушніках, дзе верш-роздум няспешна разгойдваецца бадзёрым рытмам і гітарай. А! Камусьці можа падацца, што «скрыміць» класіку, раўці Ніла Гілевіча, глотку рваць на ціхай паэзіі — гэта блюзнерства, жэсць і няправільнае разуменне сутнасці тэксту, дык, як кажуць, што дзеду гніла, то ўнуку міла. Можа і павінна быць!

1. Nancy Rich – Кляновы лісток (на словы Ніла Гілевіча)

2. Станіслаў Чахоўскі – Астэроід (на словы Ігара Канановіча) 

3. Сон-трава – Горадзе наш (на словы Насты Кудасавай)

4. Чтобы-чтобы – Мірны хоп (на словы Марыі Мартысевіч) 

5. Адарвірог – Балада пра паўстанца Ваўкалаку (на словы Уладзіміра Караткевіча)

6. Кацярына Ваданосава – Бурштынавае мора (на словы Кацярыны Ваданосавай)

І «Кавер» вельмі парадаваў гэтым годам. У свой Топ-6 выбіраў падчас ірацыянальна — дзесьці за эмоцыю новага позірку на твор, недзе за нечакана падноўлены саўнд. Ведайце, што ёсць яшчэ і сёмае, і восьмае, і дзявятае месца для вартых і годных выканаўцаў, якіх я з фармальных прычынаў не згадаў тут. І хай, відаць, кожны падумае пра сябе. Гэтым разам нельга адназначна сказаць, што адзінае жаданне ад праслухоўвання кавера, нават добрага, — тэрмінова пераслухаць арыгінал песні.

(Рэйтынг пададзены не па месцах, а ў адвольным парадку – ТГ).

SnopSnoǔ – Я да жалю не пан (кавер на «Народны альбом») 

Yellow power – Котка (кавер на «Новае Неба»)

U.G.oslavia – Фабрыка (кавер на N.R.M.)

Leibonik – Я рок-музыкант (кавер на «Мрою»)

Яўген Барышнікаў — Вы шуміце, шуміце (кавер на «Сяброў»)

Яўген Цярэнцьеў — Вераніка (кавер на «Песняроў»)

А вось намінацыя «Пераклад» падалася ўсё ж заўчасна ўведзенай сёлета ў конкурс. Чакаў ад аўтараў перакладаў большай смеласці там-сям, адсутнасці памылак, трапнейшых знаходак і літаратурных удачаў. Тым не менш, усе, каго згадаў (і не згадаў) — малайцы! Бадай, не вылучаў бы нікога асобна.

(Рэйтынг пададзены не па месцах, а ў адвольным парадку – ТГ)

Дыяна Аргер і Яўген Сірота - Хачу ўсяго (Queen cover) 

Mk-band – Я змяняю свет (Eric Clapton cover)

Віктар Лупасін – Багемская рапсодыя (Quenn cover)

Дзіма Нікановіч, Вольга Сацюк і Мікіта Найдзёнаў – За табой (Eros Ramazzotti cover)

Яўген Цярэнцьеў – Ноч у ліпні (Кипелов cover) 

Bar Akaryna – Дзе кветкі ўсе (Pete Seeger cover)

Віталь Рыжкоў, для Tuzin.fm

Віталь Рыжкоў — паэт, музыка. Нарадзіўся ў 1986 годзе ў Магілёве, жыве ў Мінску. Быў фіналістам конкурсаў да 100-годдзя газеты «Наша Ніва» (2007), імя Карласа Шэрмана (2009), уладальнік прэміі часопіса «Дзеяслоў» (2008) і «Дэбют» імя Максіма Багдановіча (2011). Пераможца слэму фэстывалю «Березневі Коти — 4» (Украіна). Супрацоўнічаў як аўтар тэкстаў і перакладчык з гуртамі Mauzer, «Глюкі», Zatoczka, «Пані Хіда», Nizkiz, Ганнай Хітрык, Віталём Варанко, SP Kava. Мае ўласны музычны праект Angst, удзельнічае таксама ў рэп-праекце Belaroots.