Абвешчаны пераможцы конкурсу "Заспявай 2.0"

Уладальнікам Гран-пры конкурсу “Заспявай 2.0” стаў гурт Navi за песню “Плакалі ветры” на словы Паўлюка Труса ў намінацыі “Спяваная паэзія” і за песню “Жар-птушка” ансамбля “Сябры” (словы Генадзя Бураўкіна, музыка Эдуарда Ханка) у намінацыі “Кавер”. Гурт атрымае грашовую ўзнагароду ў памеры 500 еўра (у эквіваленце).


Лаўрэаткай конкурсу “Заспявай 2.0” стала Марына Вярэніч за песню “Чаму мы стрэліся не ў час” на верш Таццяны Дзям’янавай у намінацыі “Спяваная паэзія”. Спявачка атрымае грашовую ўзнагароду ў памеры 250 еўра.
Лаўрэатам конкурсу “Заспявай 2.0” стаў Яўген Цярэнцьеў (гурт Teleport) за песню “Зачараваная” ансамбля “Песняры” (словы Генадзя Бураўкіна, музыка Ігара Лучанка). Выканаўца атрымае грашовую ўзнагароду ў памеры 250 еўра.

Таксама аргкамітэт конкурсу “Заспявай 2.0” адзначае гурт “Колір” за песню “Застацца сабой” на верш Андрэя Аляксандрава ў намінацыі “Спяваная паэзія”, Pauline за песню “Малітва” на верш Янкі Купалы ў намінацыі “Спяваная паэзія” і К3tyvana за песню “Skyfall” Аdele у перакладзе на беларускую мову ўнамінацыі “Кавер”. Усе яны атрымаюць падарункі ад арганізатараў конкурсу.

Арганізатарамі музычнага конкурсу “Заспявай 2.0” з’яўляюцца дабрачынны фонд “Вяртанне” сумесна з парталам Tuzin.fm пры падтрымцы кампаніі «Будзьма беларусамі!» і парталу TUT.BY. Сёлета конкурс прайшоў другі раз.

Афіцыйнае ўзнагароджаньне пераможцаў і лаўрэатаў з міні-канцэртам Navi адбудзецца ў кнігарні “Логвінаў” (пр.Незалежнасьці, 37а) 28 верасня ў 18.30. Уваход вольны.

Фонд "Вяртанне"