«Заспявай 3.0». Андрэй Хадановіч: «Кантакт музыкі з паэзіяй адбыўся» (аўдыё)

Сябра журы конкурсу «Заспявай 3.0», паэт Андрэй Хадановіч уразіўся намінацыяй «Спяваная паэзія» і быў расчараваны перакладамі замежных песень.

Андрэй Хадановіч.

Найперш хочацца падзякаваць усім, хто прыняў выклік арганізатараў і ўзяў удзел у конкурсе. Па-мойму, не абы-які кантакт музыкі з паэзіяй (а часам і мастацкім перакладам) адбыўся. Калі так пойдзе і далей, нашыя музыкі пачнуць арыентавацца ў сучаснай беларускай паэзіі не горш ад саміх паэтаў, чаму я толькі парадуюся.

Найлепшае ўражанне пакінула намінацыя «Спяваная паэзія». Удзельнікі-музыкі выбіралі вершы збольшага добрыя і розныя. Прыемна, што побач з заслужанай, «стопудовай» класікай было і музычнае прачытанне вершаў маладых аўтараў, і можна было пачуць песні не толькі на словы Караткевіча, Барадуліна, Бураўкіна, але і на тэксты Марыі Мартысевіч, Веры Бурлак, Ігара Канановіча. А верш Дашы Бялькевіч можна лічыць тут абсалютным чэмпіёнам, бо на яго напісаліся аж дзве розныя песні. Часцей за гэты твор – тройчы! – удзельнікаў конкурсу спакушалі хіба толькі «Вы шуміце, бярозы» Гілевіча, але гэта ўжо абсалютная класіка, да таго ж у іншай намінацыі. А «Спяваная паэзія», на мой суб’ектыўны густ, выглядае так (парадак тут пададзены адвольны, – заўвага ТГ):

Pauline – Смутак горада (Ірына Багдановіч)

Антось Звычайны – Быў. Ёсць. Буду (Уладзімір Караткевіч)

Sun Beat – Ну а пакуль (Ігар Канановіч) 

Сон-Трава – Горадзе наш (Наста Кудасава)

Голая манашка – Танец-фрык (Зміцер Вішнёў)

Кетэван Асраташвілі – Свабода (Рыгор Барадулін) 

Калі казаць пра намінацыю «Кавер», пачуваюся занадта дылетантам, каб сур’ёзна абмяркоўваць нейкія нюансы выканання і аранжыровак. Хай гэта зробяць больш кампетэнтныя ў музыцы сябры журы. Скажу пра самае відавочнае. Калі кавер не дадае да вядомай песні чагосьці істотнага, не перайначвае яе па-новаму, не адкрывае нейкія дагэтуль схаваныя там сэнсы і вобразы, то ён як бы і не патрэбны. Навошта множыць сутнасці? Частка праслуханых кавераў так і не пераканала мяне, што гэта камусьці трэба: нават калі гэта проста музычнае прызнанне ў любові – яно тым больш павінна быць арыгінальным, каб сам аб’ект любові не моршчыўся.

На гэтым фоне, здаецца, здорава вылучаюцца тры працы, што пэўным чынам змяняюць увесь сэнс, усю канцэпцыю выбранай песні, і гэта чуваць нават мне, тэкстацэнтрыку, без слыхавога апарату. Калі ў Віктара Лупасіна гэта суцэльная хуліганская дэканструкцыя, а ў Сяргея Башлыкевіча – больш памяркоўная, але таксама іранічная версія (плюс сімпатычная ўласная тэкставая ўстаўка ў стылі «Я меламан» Кінчава), то ў Яўгена Барышнікава, з дакладнасцю да наадварот, нашмат сур’ёзнейшае, метафізічнае прачытанне, здавалася б, усім вядомага эстраднага шлягеру. Па-добраму ўразіў голас і манера Кетэван Асраташвілі, каб жа яшчэ трохі больш павагі да словаў, якія спяваеш, – магла б і выйграць.

Карацей, мой топ-6 выглядае так (парадак месцаў тут пададзены адвольны, – заўвага ТГ):

Leibonik – Я рок-музыкант (Лявон Вольскі/Уладзімір Давыдоўскі)

Віктар Лупасін – Пачакай (Pauline) 

Яўген Барышнікаў – Здарожыўся (Эдуард Ханок/Ніл Гілевіч) 

Кетры – На Граной нядзелі (народная) 

Ганна Крамер – На станцыі Койданава (Бонда/Адам Глобус) 

Кетэван Асраташвілі – Калыханка (Зміцер Яўтуховіч/Леанід Пранчак) 

Найбольш расчаравала намінацыя «Пераклад». Спевакі, вядома ж, не абавязаныя быць бліскучымі перакладчыкамі, але калі ўжо бярэшся – дык пажадана хоць элементарных памылак не рабіць. А то атрымліваецца, як у вядомай показцы: перакладчык – той, хто перакладае з мовы, якую не ведае зусім, на мову, якую ведае кепска. Нават такі культурны герой беларускай прасторы, як Аляксандр Памідораў, робячы для DrЫмоn’а пераклад з трохі сумнеўнай назвай «Позна для выбачай», спатыкаецца на памылках: «Ты кажаш, што патрэбны, ды не спяшыш уратаваць…». Спадару Аляксандр, па-беларуску можна «спяшацца», ад бяды «спяшаць», а вось «спяшыць» – выбачайце, нельга. (Мабыць, вельмі «спяшылі» ўратаваць гурт сваім перакладам.) На гэткім фоне дакараць менш тытулаваных хлопцаў, што не ведаюць, як падае націск у слове «застанешся» ці як утвараецца форма «назіраючы», нават язык не паварочваецца.

Гэтыя дакоры не датычаць чатырох песень і – адпаведна – чатырох перакладчыкаў, што справіліся з задачай на выдатна ці амаль на выдатна. Дзве з гэтых песень, пераспяваныя Віктарам Лупасіным і Дзімам Нікановічам з Вольгай Сацюк, як на мяне, цалкам вартыя перамогі, бо іх беларускія тэксты, па-першае, выйшлі вельмі някепскай паэзіяй, а па-другое, арганічна спалучаюцца з арыгінальнай музыкай і ў выніку добра спяваюцца. Я трохі павагаўся і вырашыў не ставіць адну з іх вышэй за другую, бо абедзве мне падабаюцца, але па-рознаму. Пераклад Лупасіна падкупае найперш самой амбітнасцю, складанасцю пастаўленай задачы: усё-ткі Фрэдзі Мэрк’юры і Эрас Рамацоцці – розныя музычныя лігі (прозвішча Эраса, да ведама, па-італьянску вымаўляецца праз «ц»). Затое ў аўтара перакладу Мікіты Найдзёнава з калегамі выйшаў шыкоўны прадукт – хоць зараз запускай на беларускую эстраду і ўсе айчынныя тэлеканалы (нашыя эстрада з тэлебачаннем ад гэтага толькі выйграюць).

 

1-2. Віктар Лупасін – Багемская рапсодыя

1-2. Мікіта Найдзёнаў/Дзіма Нікановіч/Вольга Сацюк – За табой 

3. Bar Akaryna – Дзе кветкі ўсе? 

4. DW – So far 

5. МК – Я змяняю свет 

6. DrЫмоn – Позна для выбачай 

Сімпатычнае ўражанне пакінулі таксама Čas Łajna, але іх «Дзяўчына, не плач» – занадта вольны пераспеў, ну і русізмаў да халеры (гл. вышэй). Па-добраму крануў і «Яуген Цярэнцьеу» (так у ягонай заяўцы) з перакладам «Ноч у ліп(е)ні». Спадару Яўген, Вашыя пераклады будуць глядзецца яшчэ лепей, калі знойдзеце трохі часу і паставіце беларускую раскладку з літарай «Ў».

Андрэй Хадановіч, для Tuzin.fm

Андрэй Хадановіч — паэт, перакладчык. Нарадзіўся 13 лютага 1973 года ў Мінску. Скончыў філфак i аспірантуру пры БДУ. Выкладае замежную літаратуру ў БДУ, кіруе перакладніцкай майстэрняй пры Беларускім Калегіуме. Сябра Саюза беларускіх пісменнікаў, з 2008-га — старшыня Беларускага ПЭН-цэнтра. Аўтар кніг вершаў «Листи з-під ковдри» (2002, па-ўкраінску), «Старыя вершы» (2003), «Лiсты з-пад коўдры» (2004), «Землякi, альбо Беларускiя лiмэрыкi» (2005), «From Belarus with Love» (2005), «Сто лі100ў на tut.by» (2006), «Swieta nowego rocku» (2006, па-польску), «Берлібры» (2008), «Несіметрычныя сны» (2010), «Нататкі таткі» (2015). Запісаў таксама аўдыёкнігу «Абменнік» (2007) і музычны альбом «Муры» (2015), удзельнічаў у музычных праектах «Я люблю ліцэй» (2004) і «Партызанская школа» (2005), супрацоўнічаў з гуртом «Рацыянальная дыета». Вершы перакладаліся на расійскую, польскую, англійскую, латышскую, літоўскую, нямецкую, славацкую, украінскую мовы. Перакладае з францускай, украінскай і польскай моваў. Песні ў яго перакладзе на беларускую мову спявалі Indiga, Сяргей Пукст, «Воплі Відоплясова», Алена Свірыдава, «Мумий Тролль» ды іншыя.