«Заспявай 3.0». Ганна Янкута: «Галоўнае, удала выбраць песню ці верш» (аўдыё)

Сябру журы «Заспявай 3.0» перакладчыцу Ганну Янкуту моцна ўразіў пераклад песні Піта Сігера, песні на вершы Насты Кудасавай і Касі Глухоўскай, а таксама кавер на «Без билета», які выйшаў лепшым за арыгінал.

Ганна Янкута.

Праца ў журы конкурсу «Заспявай 3.0» была для мяне вельмі незвычайным досведам: я некалькі разоў уваходзіла ў журы літаратурных прэмій – і ніколі не бралася ацэньваць музыку. Зразумела, найбольш мяне цікавіла намінацыя «Замежны пераклад», якая ў выніку аказалася самай слабай. У тэкстах досыць шмат памылак, падчас слухання многіх песняў стваралася ўражанне, што іх перакладчыкі з цяжкасцю ўціскаюць беларускі радок у музыку. Абсалютны лідар у гэтай намінацыі ў маім рэйтынгу – «Дзе кветкі ўсе» Bar Akaryna. Гурт вельмі цікава пераасэнсаваў арыгінальную песню і захаваў у перакладзе яе асаблівасці; апроч гэтага, сам выбар песні падаецца мне вельмі ўдалым. Яна перакладзеная на многія мовы, беларускае выкананне вылучаецца сярод іх сваім гучаннем.

У намінацыі «Спяваная паэзія» для мяне было вельмі важна, якія вершы выбіралі ўдзельнікі. Паводле ўмоваў конкурсу гэта мусілі быць вершы сучасных беларускіх паэтаў ці паэтак. Цікава, што паняцце «сучаснасці» разумелася музыкамі вельмі шырока: у намінацыі падавалі песні і на Янку Купалу, і на Петруся Броўку, і на вершы сёлетніх намінантаў на прэмію «Дэбют» імя М. Багдановіча. Працы гуртоў «Апоўначы» і «Сон-трава» занялі найвышэйшыя месцы ў маім рэйтынгу не толькі дзякуючы цікавым музычным інтэрпрэтацыям паэзіі, але таксама дзякуючы ўдаламу выбару сучасных вершаў.

Кавер «Тутэйшых» на песню «Чырвоны дыск Сонца» – гэта той выпадак, калі конкурсная праца падабаецца нашмат больш, чым арыгінальная песня. Што да самой намінацыі «Беларускі кавер», то ў ёй мой выбар быў самым эмацыйным: у мяне не было нейкіх асаблівых крытэраў, і каверы траплялі ў рэйтынг выключна паводле прынцыпу «падабаецца – не падабаецца». У шасцёрцы мусіў бы таксама быць выдатны кавер гурта Leibonik, аднак я не ўлучыла гэтага намінанта ў свой спіс праз абраную песню, у якой ёсць радок «Я супраць блакітных і залатых». У публічнай прасторы не павінны гучаць дыскрымінацыйныя ідэі.

Увага! Песні ў рэйтынгах сябраў журы растаўленыя ў адвольным парадку. 

СПЯВАНАЯ ПАЭЗІЯ

Адарвірог – Балада пра паўстанца Ваўкалаку (на словы Уладзіміра Караткевіча) 

Сон-трава – Горадзе наш (на словы Насты Кудасавай) 

Чтобы-чтобы – Мірны хоп (на словы Марыі Мартысевіч) 

Апоўначы – Стварэнне сусвету (на словы Касі Глухоўскай) 

Son Beat – Ну а пакуль (на словы Ігара Канановіча) 

Ілля Фаляжынскі – Хуткай дапамогі сцяг (на словы Кацярыны Массэ)

БЕЛАРУСКІ КАВЕР

Yellow power – Котка (кавер на «Новае Неба»)

UGoslavia – Фабрыка (кавер на N.R.M.)

SnopSnoǔ – Я да жалю не пан (кавер на «Народны альбом»)

Тутэйшыя – Чырвоны дыск Сонца (кавер на «Без білета»)

Чтобы-чтобы – 10 афрабеларусаў (кавер на «Бостонское чаепитие»)

Ганна Крамэр – На станцыі Койданава (кавер на «Бонду»)

ЗАМЕЖНЫ ПЕРАКЛАД

Bar Akaryna – Дзе кветкі ўсе (Pete Seeger cover)

Дзіма Нікановіч, Вольга Сацюк і Мікіта Найдзёнаў – За табой (Eros Ramazzotti cover)

Таццяна Карнейка – Чырвань (Scarlet cover)

Віктар Лупасін – Багемская рапсодыя (Quenn cover)

Яўген Цярэнцьеў – Ноч у ліпні (Кипелов cover)

Дзіма Ску – Блакітныя Гаваі (Elvis Presley cover)

Ганна Янкута, для Tuzin.fm

Ганна Янкута – перакладчыца, літаратурны крытык. Нарадзілася ў 1984 годзе ў Гародні. Выпускніца філфаку БДУ (беларуская філалогія), магістр філалагічных навук (англійская літаратура). Лаўрэатка конкурсаў маладых літаратараў імя Карласа Шэрмана (2009) і Чэслава Мілаша (2011), а таксама конкурсу «Экслібрыс» (2012). Лаўрэатка прэміі часопіса «ПрайдзіСвет» (2009) за пераклад першай часткі «Каляднага харала» Ч. Дыкенса і паэзіі Ф. Пэсоа, А. Э. Хаўсмэна і Я. Я. Слаўэрхофа. Пераклады друкаваліся ў часопісах «Дзеяслоў», «ARCHE», газеце «Літаратурная Беларусь». Пераклала на беларускую мову шэраг паэтычных і празаічных твораў Эдгара Алана По, якія ўвайшлі ў зборнік «Маска Чырвонае Смерці» (у 2012 годзе калектыў часопіса «ПрайдзіСвет» быў адзначаны за гэтую кнігу прэміяй ім. М.Багдановіча «Дэбют»), паэму «Свет» Чэслава Мілаша (разам з А. Ф. Брылём і К. Маціеўскай; «Выратаванне», Логвінаў, 2011), а таксама шмат іншых твораў. Перакладае з англійскай, польскай, афрыкаанс, нідэрландскай.