«Заспявай 3.0». Сяргей Балахонаў. Тое, што супала (аўдыё, відэа)

Пачынаем друкаваць меркаванні сябраў журы ды іх рэйтынгі найлепшых удзельнікаў конкурсу «Заспявай 3.0». Сваімі ўражаннямі дзеліцца літаратар і музычны эксперыментатар Сяргей Балахонаў.

Сяргей Балахонаў.

Асэнсавана праслухаць усе конкурсныя песні было не так проста, як мне здавалася спачатку. Даводзілася гэта рабіць у некалькі прысядак. Песні, якія станавіліся фаварытамі, праслухоўваліся наноў, каб можна было размеркаваць кожную з іх па месцах ва ўмоўных шасцёрках. Адзначу, што з усёй гушчы, дасланых на конкурс матэрыялаў, больш парадавалі трэкі ў намінацыях «Спяваная паэзія» і «Беларускі кавер».

Тут многія песні ў маім асабістым рэйтынгу паводле фармальных конкурсных умоваў ідуць упоравень. У шасцёркі ж увайшло тое, што па розных прычынах прыпала да душы больш за астатняе: штось супала з маімі ўласнымі «касмічнымі перажываннямі», ранейшымі творчымі эксперыментамі (перакладаць«J:Морс» не так проста!) і пражэктамі (ці не прыспеў час трыб’юту «Народнага альбома»?). Зрэшты,Кацярына Ваданосава і Leibonik узялі да ўсяго яшчэ і харызматычнасцю.

Ад трэкаў у намінацыі «Замежны пераклад» чакаў большага, нават спадзяваўся, што тут будуць сапраўдныя «бомбы» – песні, якія стануць дыямантамі конкурсу ў цэлым. Гэта не значыць, што абраная мной шасцёрка ў гэтай намінацыі нічога не вартая – кожнае ўвасабленне замежных песень па-свойму цікавае (тут і пераклад з іўрыту, і спроба гульні слоў). Да спеву а капэла Таццяны Пілюцік спярша паставіўся скептычна, але, пераслухаўшы, адчуў нерв выканання, тую самую пранікнёнасць, якой іншым разам не хапала канкурсантам ва ўсіх трох намінацыях конкурсу. Лідарам жа гэтай намінацыі мой нізкі паклон і асобны дзякуй за выдатную беларускую версію хіта Эраса Рамазоці.

Хачу скласці падзяку і арганізатарам конкурсу, як за саму ідэю і яе ўвасабленне, так і за той досвед, які сёлета давялося атрымаць мне, знаходзячыся ў складзе журы.

Увага! Песні ў рэйтынгах сябраў журы растаўленыя ў адвольным парадку.

СПЯВАНАЯ ПАЭЗІЯ

Пятро Клюеў - Твае песні (на словы Дашы Бялькевіч)

Тутэйшыя – Дзяцінства (на словы Тацяны Каўзановіч)

Антось Звычайны – Быў.Ёсць.Буду (на словы Уладзіміра Караткевіча)

Станіслаў Чахоўскі – Астэроід (на словы Ігара Канановіча)

Bigi – Вясна (на словы Алеся Плоткі)

Кацярына Ваданосава – Бурштынавае мора (на словы Кацярыны Ваданосавай)

БЕЛАРУСКІ КАВЕР

UGoslavia – Фабрыка (кавер на N.R.M.)

Яўген Сірота – Прастора (кавер на N.R.M.)

Яўген Сяргеюк – Многа неба (кавер на J:Морс)

Тутэйшыя – Чырвоны дыск Сонца (кавер на «Без білета»)

SnopSnoǔ – Я да жалю не пан (кавер на «Народны альбом»)

Leibonik – Я рок-музыкант (кавер на «Мрою»)

ЗАМЕЖНЫ ПЕРАКЛАД

Ксенія Тоўсцік – Wicked game (Chris Isaak cover)

Таццяна Пілюцік – Можа я, можа ты (Scorpions cover)

Mk-band – Я змяняю свет (Eric Clapton cover)

Вольга Міцура – All of Me (John Legend cover)

DW – So Far (HaBanot Nechama cover)

Дзіма Нікановіч, Вольга Сацюк і Мікіта Найдзёнаў – За табой (Eros Ramazzotti cover)

Сяргей Балахонаў, для Tuzin.fm

Сяргей Балахонаў — паэт, пісьменнік, перакладчык. Нарадзіўся ў 1977 годзе. Жыве ў Гомелі. Працуе настаўнікам, вядзе блог, сам эксперыментуе з музычнымі стылямі. Аўтар кніг «Імя грушы» (2005), «Зямля пад крыламі Фенікса» (2012), музычных альбомаў «Спірт і жоўць распятага Тэзэя» (2013), «Другое прышэсце квантавых катоў» (2014).  Песні, перакладзеныя Балахонавым на беларускую мову, спявалі гурты «Серебряная свадьба», Naka, «Нестандартный вариант», Алег Джагер, Zdob si Zdub, 5diez ды іншыя выканаўцы.