Абвешчана журы конкурсу “Заспявай 3.0”

Сёлета найлепшых у спеўным конкурсе, які праводзяць інтэрнэт-партал Tuzin.fm і дабрачынны фонд «Вяртанне», назавуць 12 cябраў журы:

Алег Хаменка (лідар гурта “Палац”, выкладчык, вядучы жывых канцэртаў «Заспявай»);

Лявон Вольскі (музыка, літаратар);

Уладзь Лянкевіч (паэт, вакаліст гурту TonqiXod);

Ганна Янкута (перакладчыца, літаратурны крытык);

Сяргей Пукст (музыка, паэт, выкладчык);

Віталь Рыжкоў (паэт, музыка);

Андрэй Хадановіч (паэт, перакладчык);

Глеб Лабадзенка (паэт);

Сяргей Балахонаў (літаратар, перакладчык);

Яўген Карпаў (журналіст TUT.BY);

Сяргей Будкін (Tuzin.fm);

Павел Бераговіч (фонд “Вяртанне”).

Журы абярэ найлепшых у трох намінацыях. У «Спеўнай паэзіі» удзельнікам конкурсу прапануецца пакласці на музыку верш сучаснага паэта, напісаны за апошнія 33 гады. Для «Беларускага кавера» – выканаць па-свойму вядомую беларускую песню. А для «Замежнага перакладу» – перакласці на беларускую і выканаць вядомы замежны хіт.

«Крытэры выбару найлепшых залежаць ад намінацыі. У «Спеўнай паэзіі» для нас будзе найбольш важным як прагучыць абраны верш, наколькі гарманічна ён спалучыцца з музыкай. У выпадку з беларускім каверам звернем увагу на здольнасць выканаўцы падаць песню па-свойму, а не проста яе пераспяваць адзін у адзін. Ну а ў «Замежным перакладзе» істотную ролю маюць не толькі выканальніцкія здольнасці і ступень прасякнення абраным матэрыялам, але і якасць перакладу», – зазначыў сябра журы Алег Хаменка.

Да ўдзелу ў «Заспявай 3.0» запрашаюцца выканаўцы 16-33 гадоў. Кожны з канкурсантаў можа падаць заяўку як у адну з намінацыях, так і паўдзельнічаць у дзвюх або трох. Прызавы фонд сёлета складае 1500 еўра. Заяўкі прымаюцца да 1 мая на мэйл: konkurs.zaspiavaj@gmail.com. Падрабязнасці можна паглядзець на старонцы конкурсу.

Фонд "Вяртанне"