«Заспявай 3.0». Старт дадзены!

Партал Tuzin.fm і фонд «Вяртанне» пры падтрымцы TUT.BY абвяшчаюць трэці сезон конкурсу маладых выканаўцаў «Заспявай.BY». Узроставы цэнз падвышаецца да 33 гадоў, намінацый становіцца болей, прызавы фонд павялічваецца да 1500 еўра.

Завадатары конкурсу заклікаюць маладых выканаўцаў адкрыць для сябе беларускі космас паэзіі і музыкі ды падзяліцца гэтым адкрыццём з астатнімі.

«Мы прапануем тры спосабы паказаць хараство нашае мовы — праз сучасную беларускую паэзію, праз музыку беларускіх выканаўцаў і праз замежныя пераклады. Тыя, у каго атрымаецца найбольш гарманічна спалучыць музыку і слова, па-новаму адкрыць ужо вядомыя песні, атрымаюць у якасці прыза грошы на запіс уласнай песні/самотніка/кліпа. Агульны прызавы фонд конкурсу сёлета складзе 1500 еўра», — адзначаюць заснавальнікі конкурсу «Заспявай.BY» Павел Бераговіч і Сяргей Будкін.

УМОВЫ ЎДЗЕЛУ

Да ўдзелу ў конкурсе запрашаюцца творчыя асобы ва ўзросце 16-33 гадоў уключна. У выпадку музычных гуртоў гэтае правіла таксама мусіць выконвацца — узрост удзельнікаў не павінен перавышаць азначаны цэнз. Перавага ў прыёме заяваў аддаецца найперш тым музыкам, якія не маюць афіцыйна выдадзеных альбомаў і сольных канцэртаў.

Прапануецца паўдзельнічаць у конкурсе ў трох намінацыях: «Спяваная паэзія», «Беларускі кавер» і «Замежны пераклад». Усе пададзеныя творы мусяць быць заспяваныя адмыслова да конкурсу «Заспявай 3.0» і пры неабходнасці выкананыя ўжывую падчас летніх канцэртаў конкурсу.

 

1. СПЯВАНАЯ ПАЭЗІЯ

Удзельнікі конкурсу самастойна абіраюць верш сучаснага беларускага паэта на беларускай мове, каб праспяваць яго ва ўласнай манеры на сваю музыку.

Пад «сучасным паэзіяй» маюцца на ўвазе творы, напісаныя ў апошнія 33 гады (з 1983 года да нашых дзён), якія былі выдадзеныя ў зборніках паэзіі, надрукаваныя ў літаратурных выданнях або змешчаныя на спецыялізаваных літаратурных сайтах.

Крытэры выбару найлепшых: арыгінальная музычная падача, гарманічнае спалучэнне музыкі і слова.

 

2. БЕЛАРУСКІ КАВЕР

Удзельнікі конкурсу самастойна абіраюць адну з вядомых беларускамоўных песень і выконваюць яе па-свойму. Можна таксама перакласці на беларускую і выканаць расійскамоўную песню беларускага выканаўцы. Выкананне песень, якія прайшлі папярэдні адбор, будуць узгодненыя з праваўладальнікамі, калі гэта магчыма.

Да разгляду прымаюцца песні, створаныя беларускімі аўтарамі ў жанры папулярнай музыкі ў яе шырокім разуменні, пад якое могуць падпадаць узорныя творы эстраднай музыкі, року, джазу, фольку, электронікі, аўтарскай песні ды змяшаных і сумежных стыляў. Час напісання і стыль ролі не маюць. Пры выбары можна карыстацца рэйтынгам парталу Tuzin.fm «100 найвялікшых беларускіх песень».

Крытэры выбару найлепшых: ступень прасякнення абраным спеўным матэрыялам; якасць перакладу (калі пададзеная іншамоўная песня); здольнасць падаць вядомую песню па-новаму, а таксама наданне ёй іншага актуальнага гучання.

3. ЗАМЕЖНЫ ПЕРАКЛАД

Удзельнікі конкурсу самастойна абіраюць адну з вядомых замежных песень, перакладаюць тэкст на беларускую мову і выконваюць яе па-свойму (не пад мінус!). Выкананне песень, якія прайшлі папярэдні адбор, будуць узгодненыя з праваўладальнікамі, калі гэта магчыма.

Час напісання, стыль і мова арыгіналу ролі не маюць. Пры выбары можна скарыстацца рэйтынгам часопіса Rolling Stone «500 Greatest Songs of All Time». Абавязковая ўмова — замежны твор мусіць быць перакладзены на беларускую адмыслова да конкурсу «Заспявай 3.0».

Крытэры выбару найлепшых: якасць перакладу на беларускую мову, ступень прасякнення абраным спеўным матэрыялам; здольнасць падаць вядомую песню па-новаму, а таксама наданне ёй іншага актуальнага гучання.

ПРАВІЛА ПАДАЧЫ ЗАЯВАЎ

Заявы падаюцца на электронны адрас конкурсу konkurs.zaspiavaj@gmail.com да 1 мая 2016 года ўключна (заявы пададзеныя не ў акрэслены тэрмін ды іншым спосабам, у тым ліку праз сацсеткі, разглядацца не будуць). У тэме ліста неабходна пазначыць назву намінацыі, у якую падаецца заява. Дапушчальна падаваць заявы на дзве або тры намінацыі адразу. На кожную намінацыю мусіць быць асобная заява.

У ліст трэба прыкласці 4 файлы:

1. тэкст у фармаце Word, у якім неабходна пазначыць:

— дадзеныя пра ўдзельніка (-аў): імя і прозвішча, узрост, месца вучобы/працы, кантактныя адрас і тэлефон (калі заява падаецца ад гурта, то ўказваюцца звесткі ўсіх яго ўдзельнікаў);

— інфармацыя пра выканаўцу/гурт (год заснавання, стыль, дасягненні) і спасылкі на прыклады ўласнай творчасці (пры наяўнасці аўдыё і відэа);

— сціслае апісанне (да 5 сказаў) на рэалізацыю якіх творчых задумаў могуць быць выдаткаваныя прызавыя грошы.

2. тэкст у фармаце Word са словамі (перакладам) праспяванай песні і ўказаннем аўтара музыкі і слоў (аўтара перакладу).

3. дэма—запіс песні для ўдзелу ў конкурсе ў фармаце MP3 бітрэйдам 320 kbps альбо спасылку на відэазапіс з выкананнем конкурснай песні.

4. фотаздымак выканаўцы ці гурта.

ПАДВЯДЗЕНЕ ВЫНІКАЎ

Дасланыя кампазіцыі разгледзіць журы, у якое ўвойдуць арганізатары конкурсу ды вядомыя беларускія музыкі, паэты, перакладчыкі. Паводле галасавання журы будзе сфармаваны шорт-ліст па кожнай з намінацыяў, які будзе абвешчаны на парталах Tuzin.fm, Viartannie.by і Tut.by, а таксама на рэсурсах партнёраў праекту не пазней за 20 мая.

Названыя выканаўцы возьмуць удзел у летніх канцэртах конкурсу «Заспявай 3.0», якія пройдуць пры падтрымцы вядомых беларускіх выканаўцаў. Па выніку выступаў будуць названыя пераможцы (не пазней за 1 кастрычніка 2016).

ПРЫЗЫ

Па выніках конкурсу мае быць названы пераможца як у кожнай з трох, так і ў дзвюх альбо адной намінацыі (у залежнасці ад якасці пададзенага матэрыялу). Прызавы фонд конкурсу складае 1500 еўра, які будзе размеркаваны між пераможцамі (у якіх долях — вырашыць журы) альбо цалкам аддадзены агульнаму пераможцу. Па рашэнні арганізатараў ўдзельнікі конкурсу могуць быць дадаткова ўзнагароджаныя іншымі каштоўнымі прызамі і атрымаць магчымасць бясплатна запісацца ў студыі і выступіць ужывую на адным з канцэртаў праекту «Жывы Тузін».

Конкурс «Заспявай.BY» быў заснаваны ў 2014 дабрачынным фондам «Вяртанне» і музычным парталам Tuzin.fm. Яго мэта — заахвоціць маладых выканаўцаў звяртацца да беларускай мовы і паэзіі ў сваёй творчасці.

2014. Прыз уручаўся ў намінацыі «Спяваная паэзія». Уладальнікам Гран-пры стаў Віталь Варанко за песню «Вяртайся!» на словы Віталя Рыжкова. Лаўрэатамі сталі Лізавета Леўчык за песню «Адзінота» на верш Таццяны Сапач і Юры Касцень (SP Kava) за песню «Эндшпіль» на верш Андрэя Адамовіча.

2015. Прыз уручаўся па дзвюх намінацыях — «Спяваная паэзія» і «Кавер». Уладальнікам Гран-пры стаў гурт Navi за песню «Плакалі ветры» на словы Паўлюка Труса ў намінацыі «Спяваная паэзія» і за песню «Жар-птушка» ансамбля «Сябры» (словы Генадзя Бураўкіна, музыка Эдуарда Ханка) у намінацыі «Кавер». Лаўрэатамі сталі Марына Вярэніч за песню «Чаму мы стрэліся не ў час?» на верш Таццяны Дзям’янавай у намінацыі «Спяваная паэзія» і Яўген Цярэнцьеў (гурт Teleport) за песню «Зачараваная» ансамбля «Песняры» (словы Генадзя Бураўкіна, музыка Ігара Лучанка) у намінацыі «Кавер».

Фонд "Вяртанне"