У Мінску прэзентавалі гісторыка-краязнаўчы гадавік “Вілейскі павет”

Імпрэза прайшла ў кнігарні “Галіяфы” 17 лютага.

“Вілейскі павет” (выдавец Андрэй Янушкевіч) — гэта зборнік публікацый, прысвечаных найперш канкрэтнаму рэгіёну: сучаснаму Вілейскаму раёну і тэрыторыям, якія ў розныя часы ўваходзілі ў межы Вілейскага староства, Вілейскага павета, Вілейскай вобласці. Матэрыялы таксама закранаюць і гісторыю сумежных раёнаў.

Адзін з укладальнікаў выдання Сяргей Макарэвіч.

Адзін з укладальнікаў выдання Сяргей Макарэвіч звярнуў увагу, што бачыць сваю місію ў пашырэнні ведаў пра родны край не толькі ўнутры Вілейскага раёна, але і за яго межамі. На месцах ёсць краязнаўцы, якія робяць сваю працу. І ў іх атрымліваецца прэзентаваць вынікі пошукаў і знаходак у сваіх вёсках, гарадах. Але ў сталіцы гэтага часта не бачна. Таму важна, на думку Сяргея, даносіць усё гэта і да сталічных жыхароў. Тым больш, што частка з іх — ураджэнцы тых самых вёсак, раённых гарадоў.

Адзін з аўтараў гадавіка Віктар Жыбуль.

Гісторык літаратуры Віктар Жыбуль пазнаёміў прысутных з героем сваёй публікацыі. Віктар апублікаваў у гадавіку тэкст Вульфа Сосенскага, аўтара газеты “Наша Ніва” пачатку ХХ ст., які выявіў у архіве. “Версіі і легенды. Гутаркі пра беларускага паэта Ф.К. Багушэвіча” — гэта паўміфічныя гісторыі пра Францішка Багушэвіча і вілейскіх паўстанцаў 1863 года. У гэтым тэксце чытач знойдзе шмат дэталяў дарэвалюцыйнага жыцця ў мястэчку Даўгінава і ваколіцах. Сам В. Жыбуль напісаў і грунтоўны артыкул пра Сосенскага. Гэта сябра Змітрака Бядулі. Менавіта Сосенскі падштурхнуў пісьменніка звярнуцца ў беларускамоўную газету “Наша Ніва” сто гадоў таму са сваімі творамі. Так пачалася яго “кар’ера” ў беларускай літаратуры.

Паэт Усевалад Сцебурака.

Сваімі ўражаннямі ад другога выпуску гадавіка падзяліся адзін з першых яго чытачоў — паэт Усевалад Сцебурака. Усевалад, між іншым, мае таксама сувязі з Вілейшчынай: скончыў там гімназію, у Вілейцы жывуць яго бацькі.

Першы выпуск “Вілейскага павета” выйшаў у 2014 годзе. Ідэя выдання палягае ў тым, каб даць друкаваную пляцоўку для абмену матэрыяламі краязнаўцам, прафесійным гісторыкам, музейшчыкам па Вілейшчыне. Пошукі і знаходкі, радаводы, уражэнцы і тыя, хто тут жыў, паўстанні і войны. Гэта не толькі публікацыя новых арыгінальных тэкстаў, але і пераклад на беларускую мову даследаванняў, цэлых кніг з замежных моў, прысвечаных акрэсленаму рэгіёну. Публікуюцца ўспаміны, архіўныя дакументы, лісты, дзённікі.

Укладальнікі гадавіка — Сяргей Макарэвіч і Дзяніс Канецкі.

“Вілейскі павет” выдаецца пры падтрымцы дабрачыннага фонду “Вяртанне”.

Фонд "Вяртанне"